Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску — Гуманізм рускай літаратуры. Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч.
Паўтор ад 23 ліпеня 2009 году.
СЛУХАЦЬ:
Вячаслаў Ракіцкі: Расейскую літаратуру запачаткавала прыйсьце хрысьціянства на землі Русі. Першымі кніжнікамі былі грэкі, і пэўны час уся літаратура абмяжоўвалася перакладамі з грэцкай мовы. У пару Маскоўскай дзяржавы значную ролю ў мадэрнізацыі расейскай літаратуры адыгралі выхаванцы Кіева-Магілянскай акадэміі. Перадусім Сімяон Полацкі. Найбольшы росквіт рускай літаратуры прыпадае на 19 стагодзьдзе. Творчасьць Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Івана Тургенева, Мікалая Гогаля ды іншых зрабіла яе шырока вядомай ва усім сьвеце.
Валянцін Акудовіч: Руская літаратура самапрэзэнтуе сябе як дыскурс высокай духоўнасьці і гуманізму У той жа час яна зьяўляецца магутным правадніком расейскай імпэрскай экспансіі на ўсю зямную кулю, і перадусім на суседнія краіны.
Вячаслаў Ракіцкі: Міт пра гуманізм рускай літаратуры быў сфармаваны ў самой Расеі, найперш самімі рускімі літаратарамі. Потым ён пашырыўся сярод многіх народаў. Натуральна, беларусы тут не былі выключэньнем. Наколькі гэты міт адпавядае сапраўднасьці рускай літаратуры, і ці быў істотным яго ўплыў на беларускую культуру?
Валянцін Акудовіч: Мяркую, што нам вельмі важна зразумець сутнасьць гэтага міту, бо цягам апошніх стагодзьдзяў руская літаратура ўплывала на фармаваньне светапогляду беларусаў куды больш маштабна, чым якая яшчэ. У тым ліку і беларуская, якую нам Расейская імпэрыя дазволіла займець усяго стагодзьдзе назад. Да таго ж светапоглядна беларуская літаратура ўсё роўна толькі капіявала матрыцы рускай літаратуры. Таму будзе зусім ня лішнім зазірнуць у падыспод таго, што столькі часу арганізоўвала духоўны сьвет беларусаў. Асабіста я гэта вельмі востра адчуў, калі завяршыў рэдагаваньне кнігі амэрыканскай дасьледніцы Эвы Томсан “Імпэрыялізм рускай літаратуры”, якую на беларускую мову пераклала Тацяна Нядбай. Гэта -- акадэмічная манаграфія, якая сыстэмна і грунтоўна даводзіць, што ўся вялікая руская літаратура была (і застаецца) каляніяльнай па сваёй сутнасьці.
Інакш кажучы, гэта тая ж імпэрская экспансія Расіі ва ўсе бакі сьвету, толькі сродкамі літаратуры.
Цалкам чытаць перадачу ТУТ.