Паўтор ад 11 сьнежня 2008 году.
“Вялікай айчыннай вайной у былым СССР называлі вызваленчую барацьбу савецкіх народаў супраць фашыстоўскай Нямеччыны, яе саюзьнікаў і памагатых. Гэта — частка другой усясьветнай вайны 1939—1945 гадоў. Працягвалася з 22 чэрвеня 1941-га па 9 траўня 1945 году. На тэрыторыі Беларусі — з 22 чэрвеня 1941-га па 28 ліпеня 1944 году.
Сёньня тэрмін “вялікая айчынная”, відаць, уласьцівы толькі для Расеі, Беларусі і для часткі, з зразумелых прычынаў, Украіны. Для Захаду (былых партнэраў па антыгітлераўскай кааліцыі), дзе перамога над гітлераўцамі ніколі не аспрэчвалася, слова “вялікая” не ўжывальнае”.
***
Ракіцкі: Партнэры СССР у антыгітлераўскай кааліцыі вайну саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя называюць другой усясьветнай, падкрэсьліваючы, што яны не былі выключэньнем у агульным шматнацыянальным змаганьні з фашызмам. Яны — адны з шэрагу змагарных краінаў. У СССР вылучалася з агульнай вайны яшчэ адна — Вялікая айчынная. Чаму?
Гардзіенка: Бо лічылася, што гэта выключна вайна СССР зь Нямеччынай, якая завяршылася перамогай народаў Савецкага Саюзу над гітлераўцамі. І беларусы былі ўключаныя ў пералік савецкіх народаў.
Ракіцкі: Розьніца ў падыходах відавочная і ў часавых межах вайны. Сьвет вызначае яе пачатак 1 верасьня 1939 году, СССР — 22 чэрвеня 1941 году. А якая дата пачатку вайны праўдзівая для Беларусі?
Гардзіенка: Гісторыкі апэлююць фактамі. І факт тут адзін.
Для беларусаў Другая ўсясьветная пачалася ў дзень яе пачатку — 1 верасьня 1939 году, калі Нямеччына напала на Польшчу.
Ракіцкі: Так на сваёй тэрыторыі пачалася для беларусаў другая ўсясьветная вайна. І тэрыторыя вайны для іх адразу ж пашырылася далёка за свае межы. Беларусы апынуліся і ў Заходняй Эўропе, і нават у Палестыне. І ў часе, і ў прасторы вайна ад самага пачатку станавілася для беларусаў усясьветнай?
Гардзіенка: Так. Тыя, каму пашчасьціла выжыць, потым ваявалі ў складзе Арміі Андэрса ў Палестыне і ў Заходняй Эўропе. Савецка-польская дамова 1941 году дала магчымасьць сфармаваць польскі корпус з палонных польскіх вайскоўцаў у СССР (Армія Андэрса), што бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Блізкім Усходзе, штурмавалі Монтэ-Касіна.
Тэрмін “Вялікая айчынная вайна” ў дачыненьні да Беларусі не падыходзіць з храналягічных і тэрытарыяльных рамак.
Ракіцкі: Але саюзьнікі СССР у антыгітлераўскай кааліцыі гэта ж ня толькі брытанцы і палякі, але і французы, і амэрыканцы. Ці былі зафіксаваныя выпадкі змаганьня беларусаў на іх баку?
Гардзіенка: На пачатку ХХ стагодзьдзя ў ЗША апынуліся больш за паўмільёна нашых суайчыньнікаў. І, натуральна, што іх дзеці потым служылі ў амэрыканскім войску. Іх былі тысячы. Як амэрыканскія салдаты ў чэрвені 1944 яны высаджваліся ў Нармандыі, Галяндыі, і амэрыканскія газэты, у сваю чаргу, пісалі пра гэтых герояў — Івана Радзюковіча (ён адзін зь першых высадзіўся ў Нармандыі ў дзень адкрыцьця Другога фронту — 6 чэрвеня 1944 году), Мікалая Арэшку. Уладзімер Каваленка быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай — Крыжам Ваенна-паветранага флёту. Знайшлі вечны спачын у Францыі, Бэльгіі, Галяндыі Вікенці Прост, А.Русецкі, Даніла Ўладыка ды шмат іншых.
Цалкам тэкст перадачы чытайце ТУТ.