Алег Трусаў: Дзе жывуць беларусы?

Алег Трусаў падчас прэзэнтацыі.

Сёньня ў Магілёве старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў прэзэнтаваў сваю новую кнігу “Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнічных межах”.
У яе ўвайшлі перадачы, якія гучалі ў эфіры Беларускай службы “Радыё Свабода”, а таксама публікацыі газэты “Наша слова”. Свой твор магілёўскай публіцы грамадзкі дзеяч прадставіў ў Палацы культуры вобласьці.

Магілёў стаў першым горадам, дзе адбылася прэзэнтацыя “Невядомай нам краіны”. Яе арганізавала гарадзкая суполка ТБМ.

“Кніжка доўгачаканая, бо ўсіх цікавілі пытаньні, дзе ж Беларусь пачынаецца й дзе яна заканчваецца. Кніга спадара Алега — адзін з варыянтаў на гэтае пытаньне. Алег Анатольевіч размахнуў Беларусь шырока — ад Беластоку да Падмаскоўя. Цікава даведацца, ці мае гэты абсяг падставы пад сабой”, — кажа адзін з арганізатараў сустрэчы, сябра ТБМ Сяргей Дымкоў.

На прэзэнтацыю прыйшлі каля паўсотні магілёўцаў. Кніжак хапіла ня ўсім, бо аўтар прывёз з сабою толькі 15 асобнікаў. Імі завалодалі тыя, хто на прэзэнтацыю прыйшоў раней за ўсіх.

Алег Трусаў сваю кніжку называе надзвычай актуальнай і неабходнай, бо да яго толькі два дасьледчыкі пісалі пра этнічныя межы Беларусі — Адам Кіркор і Аркадзь Смоліч:

Пайшоў я нават крыху далей за іх, бо я лічу, што адной зь беларускіх дзяржаваў было Вялікае княства Цьвярское.
“Пайшоў я нават крыху далей за іх, бо я лічу, што адной зь беларускіх дзяржаваў было Вялікае княства Цьвярское. Пра тое, што гэта беларуская дзяржава, наўрад ці хто пісаў да мяне. Гэта дзяржава паволжскіх крывічоў. Калі я гэта ўсё пісаў і калі гэта гучала па “Свабодзе” на ўвесь сьвет, то былі дужа цікавыя водгукі вось з гэтых тэрыторыяў. На мяне выходзілі нават прадстаўнікі губэрнатара Цьвяры і ўсе пыталі, адкуль вы гэта ўсё ведаеце.”

Кніга пабачыла сьвет дзякуючы дапамозе Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Амаль усім накладам і валодае згуртаваньне. “Мне ж дасталася толькі сто асобнікаў, а заўтра прэзэнтацыя яшчэ ў Мсьціславе”, — апраўдваўся перад пакрыўджанымі магілёўцамі аўтар.

“У аснове маёй кнігі ляжыць першы расейскі перапіс 1897 году. На падставе гэтага перапісу расейскія навукоўцы зрабілі мапу Беларусі. Там беларускія й Смаленск, і Вільня, й Цьвер. Вось я гэтую мапу ўзяў і пачаў разглядаць тыя кавалкі. Якія не патрапілі ў Рэспубліку Беларусь. І высьветлілася, што паўсюдна на гэтых тэрыторыях Беларусь прысутнічае”, — даводзіць Алег Трусаў.

Галоўным яго аргумэнтам на карысьць беларускіх каранёў тых тэрыторыяў ёсьць мова. Тамтэйшыя насельнікі, асабліва ў сельскай мясцовасьці, дагэтуль гавораць на беларускай трасянцы, хоць і называюць сябе рускімі. Паводле Трусава, на этнічна беларускіх землях цяпер жыве каля трохсот тысяч нашых суродзічаў:

“Трэба ведаць свае этнаграфічныя межы. Езьдзіць туды. Ставіць помнікі. Падтрымліваць дыяспару. Так робяць усе цывілізаваныя людзі. Гэтая кніжка ў асноўным не для беларусаў, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь, а для тых, якія жывуць па-за яе межамі. Гэтая кніжка павінна даць стымул “людзьмі звацца”, што мы ня горшыя за іншых. Калі беларус будзе ведаць гэта, то ён і будзе гаварыць па-беларуску”.