Кудрын зьвінаваціў Лукашэнку ў фінансавай некампэтэнтнасьці

Аляксей Кудрын

Расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новости” цытуе міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына па выніках саміту кіраўнікоў СНД у Кішынёве. Той выказаў зьдзіўленьне, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ня ведае, на якія мэты за два апошнія гады беларускія чыноўнікі патрацілі 3 мільярды даляраў у выглядзе крэдытных сродкаў, выдаткаваных Расеяй. Пры гэтым, абурыўся Кудрын, Лукашэнка ўпарта разьлічвае на новы крэдыт.

Са словаў Кудрына, Лукашэнка двойчы перапытаў яго, ці сапраўды названая лічба адпавядае рэальнасьці, і выказаў зьдзіўленьне, што ня мае ўяўленьня, якім чынам ягоныя падначаленыя здолелі асвоіць такую суму. У выніку, працягвае інфармацыйнае агенцтва “Новости”, эмацыянальная прамова Лукашэнкі, у якой прысутнічалі пышныя эпітэты і рытарычныя пытаньні, зьвялася да банальнай просьбы аб выдзяленьні яшчэ аднаго крэдыту Беларусі.

Нагадаем, што 5 кастрычніка Аляксей Кудрын заявіў, што Расія не дасьць Беларусі апошні транш крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў, матывуючы рашэньне неабходнасьцю ацэнкі пэрспэктыў вяртаньня пазыкі.