Першыя здымкі Ян Булгак зрабіў фотаапаратам жонкі

Партрэт Яна Булгака на выставе ў Гоардні.

Сёньня ў Горадню прыехаў з Варшавы ўнук славутага майстра фатаграфіі Яна Булгака — Богдан Булгак. У гарадзкой выставачнай залі пры дапамозе Генэральнага консульства Польшчы выстаўлены здымкі Яна Булгака з калекцый яго ўнука і прафэсара фатаграфіі з Варшавы Кшыштафа Хэйке. На здымках — даваенная Вільня, Наваградчына, іншыя заходнебеларускія мясьціны.

Адкрыла выставу дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч:

“Гэты год прысьвечаны 170-годзьдзю фатаграфіі, мы хацелі, каб на восень у нас адбылася вельмі цікавая выстава, якая б запомнілася. Ёю стала выстава фатаграфій Яна Булгака, тут іх каля васьмідзесяці. Мне прыемна, што Ян Булгак нарадзіўся на Наваградчыне і што ён стаў пачынальнікам мастацкай фатаграфіі, якая паказвае нам наш край. Мы глядзім на гэтыя фатаграфіі і па-новаму ўлюбляемся ў нашую зямлю”.

Імпрэзу працягнуў польскі консул у Горадні Ян Срока:

“Я вітаю ўсіх, хто прыйшоў сюды, у асаблівасьці ўнука вялікага Яна Булгака. Ян Булгак — гэта такі вялікі камень верставы, падмурак, можна сказаць, польскай фатаграфіі. Ян Булгак фатаграфаваў ня толькі гарады, краявіды… Можна сказаць, што ён своеасаблівы спадкаемца традыцый Напалеона Орды. Шаноўнае панства, давайце перанясемся ў гэты край часоў Яна Булгака”.

Сярод экспанатаў выставы — кнігі Яна Булгака.



Кіраўнік народнага фотаклюбу “Гродна”, дырэктар тэлеканалу “Гродна-плюс” Аляксандар Ласьмінскі:

“Нашая Гарадзенская зямля — і зямля Яна Булгака, ён тут нарадзіўся, тут зрабіў першыя здымкі. Гэта яднае сёньня нас, палякаў, літоўцаў, таму што Булгак — асоба, якая належыць адразу тром народам, дзяржавам. Як Міцкевіч, ён заўсёды любіў сваю зямлю, дзе нарадзіўся. Пэўна, яна натхніла яго на вялікі творчы шлях. У год 120-годзьдзя фотамастака мы правялі міжнародны фотапленэр, які так і назваўся “Беларускі шлях Яна Булгака”. Мы прайшліся мясьцінамі вялікага майстра, які зафіксаваў на пачатку ХХ стагодзьдзя Наваградчыну, возера Сьвіцязь і многія іншыя мясьціны”.

Адзін з галоўных герояў сёньняшняй імпрэзы — унук вялікага фатамайстра Богдан Булгак:

Богдан Булгак

“Так здарылася, што мая бабуля атрымала ў прэзэнце фатаграфічны апарат і не спадобілася ім карыстацца. І, як у такіх выпадках бывае, яна папрасіла мужа, каб ён паказаў ёй, як дзейнічае апарат. Так сапраўды адбылося, гэта не легенда, гэта праўда, і з гэтага пачалася вялікая кар’ера Яна Булгака — ад першага здымка, зробленага гэтым апаратам, цалкам аматарскага, — да здымкаў Варшавы, зусім зьнішчанай падчас вайны. Ён выканаў некалькі дзясяткаў тысяч здымкаў”.