Барак Абама – ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру

Прэзыдэнт ЗША ўганараваны за заклікі скараціць сусьветныя запасы ядзернай зброі і намаганьні зрабіць мір у сьвеце больш стабільным.
На цырымоніі ў Осла прэзыдэнт ЗША Барак Абама названы ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2009 году.

Нарвэскі нобэлеўскі камітэт заявіў, што ён уганараваў Абаму за ягоныя “надзвычайныя намаганьні дзеля ўзмацненьня міжнароднай дыпляматыі і супрацоўніцтва паміж народамі”.

“Вельмі рэдка нейкі чалавек, так як Абама, можа прыцягнуць увагу ўсяго сьвету і даць людзям надзею на лепшую будучыню. Ягоная дыпляматыя заснаваная на канцэпцыі, што тыя, хто кіруе сьветам, павінны рабіць гэта на базе каштоўнасьцяў і падыходаў, якія падзяляюцца большасьцю насельніцтва зямлі”,-- гаворыцца ў заяве Нобэлеўскага камітэту.

Першы афраамэрыканец, які займае найвышэйшую пасаду ў ЗША, Барак Абама вядомы сваімі заклікамі да раззбраеньня і намаганьнямі, скіраванымі для аднаўленьня мірнага працэсу на Блізкім усходзе.

Барак Абама пра атрыманьне прэміі:



“Я вельмі зьдзіўлены і разам адчуваю сябе няёмка ў сувязі з рашэньнем Нобэлеўскага камітэту. Скажу шчыра – я ўспрымаю гэта не як прызнаньне сваіх уласных заслугаў, а як пацьверджаньне лідэрства Амэрыкі ў дзеяньні на карысьць спадзяваньняў народаў розных краінаў”.

Сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру прэтэндавалі 205 чалавек, што зьяўляецца рэкорднай колькасьцю. Сярод фаварытаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру экспэрты называлі зымбабвійскага апазыцыйнага палітыка Моргана Цвангірая і аўганскую актывістку руху за правы жанчын Сіму Самар.

Летась прэмію атрымаў былы прэзыдэнт Фінляндыі Марці Ахцісаары, якога ўзнагародзілі за міратворчую дзейнасьць на ўсіх кантынэнтах.

Абама стаў прэзыдэнтам ЗША толькі 9 месяцаў таму. Атрыманая ім прэмія складае 10 мільёнаў швэдзкіх крон (1,4 мільёна даляраў), яна будзе перададзеная ляўрэату на цырымоніі ў Осла 10 сьнежня, у дзень сьмерці заснавальніка прэміі Альфрэда Нобэля.

Вельмі многія сусьветныя лідэры вітаюць прэзыдэнта Абаму з атрыманьнем прэміі.У прыватнасьці прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі заявіў у сувязі з гэтым, што “Амэрыка вяртаецца ў сэрцы людзей сьвету”. Прадстаўнікі Палестынскай аўтаноміі выказалі спадзеў, што прэмія дадасьць Абаму імпэту ў прасоўваньні мірнага працэсу на Блізкім Усходзе.

Аднак ёсьць і скептыкі, якія кажуць, што, што Абама яшчэ вельмі мала зрабіў за 9 месяцаў прэзыдэнцтва.

Напрыклад, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, таксама ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, мяркуе, што Абама дагэтуль яшчэ нічога не дасягнуў.

Там часам прадстаўнікі Талібану асудзілі гэтае рашэньне Нобэлеўскага камітэту, заявіўшы, што яно не паспрыяе міру ў Аўганістане.