Цёмная справа Бандарэнкі

Андрэй Бандарэнка

У судзе Першамайскага раёну Менску пачаўся суд над бізнэсоўцам Андрэем Бандарэнкам. Яго абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Актывісты АГП настойваюць, што працэс зьяўляецца палітычным і ёсьць помстай апазыцыянэру за ўдзел у выбарчай кампаніі. Андрэю Бандарэнку пагражае зьняволеньне тэрмінам ад 5 да 12 гадоў.

У суд Першамайскага раёну Менску прыйшлі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сваякі Андрэя Бандарэнкі. Яго завялі ў судовую залю пад аховай у кайданках, і таму паразмаўляць зь ім не было магчымасьці.

Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Андрэй атрымаў грошы ад нейкай асобы, якую так і не высьветлілі. Гэтая асоба нібыта перадала Бандарэнку грошы памерам каля двух з паловай тысяч базавых велічынь. Але ў справе не ўказана, за якія паслугі невядома хто заплаціў кансультанту грошы. Паводле абвінавачаньня, гэта адбылося пасьля таго, як фірма “Белвысотстрой Групп”, дзе Андрэй працаваў кансультантам, заключыла дамову зь бярэзінскай фірмай на будаўніцтва 75-кватэрнага дома ў Бярэзіне.

Аляксандр Дабравольскі распавёў “Свабодзе”, што Андрэй Бандарэнка ня меў праблемаў да таго часу, пакуль не пачаў удзельнічаць у выбарах у 2008 годзе. Ён падаваў скаргі ў розныя інстанцыі аб тым, што мясцовыя выбары ў Кіраўску Магілёўскай вобласьці адбываліся з парушэньнем заканадаўства. Менавіта пасьля таго, як Андрэй зьвярнуўся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, яго папярэдзілі, што супраць яго рыхтуецца крымінальная справа.

Андрэй Бандарэнка знаходзіўся тады ў Польшчы на курсах “Школы палітычных дасьледаваньняў”. Ён заставаўся ў Варшаве, пакуль ня скончыўся тэрмін візы. Потым пераехаў у Кіеў, а адтуль у Беларусь. Яго арыштавалі літаральна праз пару дзён.

Аляксандр Дабравольскі: “Судовы працэс сьведчыць пра тое, што балятавацца ў дэпутаты чалавеку, які не ўваходзіць у сьпіс пераможцаў, вельмі рызыкоўна. Тым больш рызыкоўна, калі ён прадпрымальнік.

Тут ёсьць адзін цікавы момант у справе. Ягоны былы кампаньён яшчэ да выбараў, калі Андрэй трапіў у аўтамабільную аварыю і было невядома, выжыве ці не, як высьветлілася на судзе, забраў усе дакумэнты, усе сродкі і зьнік.

Зьвярталіся ў розныя органы, каб яго знайшлі, бо гэта ж крымінальнае злачынства, але безвынікова. Цяпер жа на судзе высьветлілася, што былы кампаньён будзе выступаць у якасьці галоўнага сьведкі з боку абвінавачаньня“.

Аляксандар Дабравольскі разам з адвакатам

Каардынатарка “Школы палітычных дасьледаваньняў” Валянціна Палевікова таксама прысутнічала на судзе:

“Андрэй зьяўляўся навучэнцам нашай школы і мусіў па праграме ехаць у Страсбур, дзе б атрымаў дыплём. Мне падаецца, што справа палягае яшчэ й у тым, што ён быў слухачом нашай школы. Інтарэс спэцслужбаў да школы ёсьць. Мы гэта адчуваем.

На жаль, прыкра, што маладыя людзі, якіх мы адбіраем, а гэта адукаваныя людзі, часам завэрбаваныя спэцслужбамі. Мы гэта бачым. Вельмі прыкра, што гэтыя людзі, якія лічыліся сябрамі Андрэя па вучобе, даносілі на яго, як кажуць, “стукалі” на яго, гаварылі пра ягоны маршрут і месца знаходжаньня”.






Валеры Бандарэнка, бацька

Сястра Андрэя Ірына Бандарэнка распавяла, што арышт брата стаў шокам для ўсёй сям’і.

“Шокам гэта было. Вельмі нечакана. Пасьля ягонага арышту мы не адразу пра гэта даведаліся. Да нас прыйшлі для ператрусу, натуральна, запрасілі суседзяў… Спачуваньня асаблівага не было, але й не было нейкай адмоўнай рэакцыі зь іх боку”.


Сястра Ірына

Адвакаты Андрэя Бандарэнкі паведамілі, што разгляд справы, хутчэй за ўсё, будзе доўжыцца чатыры дні.