Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе праблемы пачаліся пасьля выбарчай кампаніі”


Крымінальны перасьлед бізнэсоўца Андрэя Бандарэнкі кіраўніцтва АГП лічыць палітычна матываваным і дамагаецца яго вызваленьня. Імя Андрэя Бандарэнкі згадваецца ў іхніх выступах перад парлямэнтарамі Рады Эўропы і АБСЭ. Наш карэспандэнт пагутарыў з роднымі Андрэя.

Сёньня Валеры Бандарэнка, які жыве ў Кіраўскім раёне, прывёз у жодзінскую турму перадачу для сына Андрэя, арыштаванага 27 траўня. У лістах Андрэй піша, што са здароўем усё добра. Але перажывае за сям’ю. 23 ліпеня яго дачцэ Машы споўніцца адзін год. Пакуль родныя ня мелі ніводнага спатканьня з Андрэем. Пра што сказаў бы спадар Валеры, былы настаўнік фізкультуры, зьняволенаму сыну?

“Я думаю, самае важнае, каб было здароўе ў парадку і цьвярозая галава. Ён хлапец не такі ўжо слабы, канечне. Ну там, я думаю, ня столькі патрэбная “фізуха”, колькі патрэбная сіла волі, цьвярозы розум. Мой родны брат кажа: перадай, што ён такі-сякі за тое, што прыехаў. Таксама перадай, што ўсе вялікія таксама сядзелі, і не аднойчы”.

36-гадовы Андрэй Бандарэнка скончыў менскі Лінгвістычны ўнівэрсытэт, валодае францускай мовай, працаваў перакладчыкам, на тэлебачаньні ў “Спартовай панараме”, а потым заняўся бізнэсам. Быў дырэктарам дэпартамэнту па разьвіцьці і зьнешнеэканамічных сувязях прадпрыемства “Белвысотстройгрупп”. Андрэй — слухач Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў. Падчас восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў пры падтрымцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучаўся незалежным кандыдатам у дэпутаты.

Малодшая сястра Ірына апавяла:

“Калі пачалі займацца перадвыбарчай кампаніяй, да яго даходзілі зьвесткі, што пад яго зьбіраюць інфармацыю. У прынцыпе, усе асноўныя праблемы пачаліся пасьля выбарчай кампаніі. Бо дагэтуль фірма працавала як любая іншая. А тут, калі Андрэй вырашыў балятавацца, пасьля кампаніі пайшлі ўсе праблемы, пачаліся праверкі”.

Сябры параілі Андрэю пакінуць Беларусь, каб запабегчы палітычнаму перасьледу. Ён паехаў у Польшчу, але празь некаторы час вярнуўся ў Менск і быў затрыманы. Пра арышт родныя даведаліся ад сьледчага, які прыйшоў з вобшукам на кватэру, дзе жыла сям'я Андрэя. Ірына згадвае:

“Я нават не зразумела, што яны шукалі, бо ператрус быў даволі сьмешны. Моцна нічога не шукалі. Даходзіла нават да таго, што казалі: у гэтай шафцы ляжыць тое і тое — і яны не глядзелі. Яны знайшлі копію яго пашпарта, першай і другой старонкі. Яна іх чамусьці зацікавіла. І гэта быў адзіны дакумэнт, які яны канфіскавалі. З судом пакуль нічога ня ясна. Яму інкрымінуюць 210 артыкул, частку чацьвёртую, то бок гэта крадзеж у асабліва буйных памерах. Я ведаю, калі адвакат азнаёміўся са справай, калі было прад'яўлена абвінавачаньне, то знайшоў там нейкія памылкі. Ён напісаў скаргу ў пракуратуру. І пасьля гэтага справу перадалі на дасьледаваньне. То бок яшчэ цягам месяца сьледчы зноў будзе зьбіраць паказаньні”.

Сям'я Андрэя з-за фінансавых праблемаў ня мае магчымасьці здымаць кватэру ў Менску. Жыльлё прапанавалі знаёмыя, якія і дапамагаюць, пакуль Андрэй у зьняволеньні. Ірына працавала разам з братам у той жа фірме. Адносна абвінавачаньня супраць Андрэя яна сказала:

“Гэта сьмешна, выстаўляць чалавеку такі артыкул. Па першае, ён не займаў кіроўнай пасады. Так, ён быў бізнэс-кансультантам, ён там раіў, куды лепш, куды варта, куды ня варта. Па-другое, мы цяпер жывём на мінімум, бо ў яго было ўсё ў крэдытах. Сьмешна атрымоўваецца — злодзей, у якога нічога няма, толькі крэдыты. І такі артыкул — гэта проста сьмешна”.

Родныя лічаць, што Андрэю ня варта было вяртацца ў Беларусь з-за мяжы. Чаму ж Андрэй вярнуўся?

“Ня ведаю чаму. Мне так і ня змог патлумачыць. Знудзіўся ён. Ну, любіць чалавек Беларусь. Дый сям'я тут, дзіця, якое ён любіць. Можа, палічыў, што ня ўсё так страшна і складана. Я не разумею дагэтуль, чаму ён арыштаваны і чаму ён сядзіць. Бо чалавек не кіраваў усёй гэтай грашовай сыстэмай, бо быў дырэктар”.

Бацька дадае:

“Тое, што палітыка тут прысутнічае, дык гэта ні для каго не сакрэт. Але ж яе ня ўбачыш. Цяжка гэта. Калі б ты быў перакананы, што чалавек настолькі там вінаваты. Ва ўсіх лістах ён нібы пераконвае, што здароўе ў яго ў парадку і наагул гэта ледзь не піянэрскі лягер”.

У адным з інтэрвію Андрэй патлумачыў, што пайшоў у палітыку, бо шчыра паверыў у тое, што зможа сваёй дзейнасьцю наблізіць перамены, у якіх мае патрэбу грамадзтва. Аднак у Беларусі, зрабіў ён выснову з выбарчай кампаніі, займацца палітыкай могуць толькі людзі з адмысловых сьпісаў, астатнім высоўвацца нельга. Спадар Валеры быў даверанай асобай у сына — кандыдата ў дэпутаты, а асноўным супернікам яго быў старшыня Клічаўскага райвыканкаму.

“Я раней ня браў удзелу ў выбарчых кампаніях. А калі паўдзельнічаў, то гэта проста фальсыфікацыя і фальш. Я пабыў на выбарчым участку і напісаў пару скаргаў, і мог яшчэ два дзесяткі напісаць. Калі на стале ляжаць тры сьпісы для галасаваньня ў камісіі, то наагул нічога ня трэба праводзіць. І ўсё роўна на гэтым участку ў асноўных выбарах у яго было прыкладна 25, а ў Крыжэвіча — 24. Але ўсё гэта папярэдняе галасаваньне... Ён хадзіў у адміністрацыю прэзыдэнта некалькі разоў. Казаў, што гэтыя парушэньні вядуцца, ніхто не зьвяртае ўвагі.

Датуль, пакуль у камісіях на ўсіх узроўнях ня будзе прадстаўнікоў усіх кандыдатаў, выбары можна не праводзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG