“Сёньня аштрафавалі мяне, а заўтра такое можа быць з кожным”

Прадпрымальніца Ала  Б. пяць гадоў запар гандлюе на Смаленскім кірмашы ў Віцебску кавай ды гарбатай. Сёлета за недарэчную неадпаведнасьць у дакумэнтах абласная падатковая інспэкцыя аштрафавала яе на 274 мільёны рублёў. Прадпрымальніца, якая адна выхоўвае 16-гадовага сына, проста не ўяўляе, як можна сплаціць такія грошы.


— Ала, раскажыце, калі ласка, чаму вы займаецеся бізнесам?


— Ну як чаму? Я працавала ў дзяржаўным гандлі, але там увесь час былі нейкія штрафы, нейкія выплаты за чужыя крадзяжы, за нястачы. Грошай увесь час неставала, а я адна гадую дзіця. Не ад добрага жыцьця прыйшла на кірмаш, але… Пачала вазіць на продаж каву і гарбату, вось ужо пяты год гэтым займаюся.

— Што было самым цяжкім для вас за гэтыя гады?

— Спачатку бракавала грошай, не было пачатковага капіталу. Пазычала, потым аддавала, брала крэдыты. Возьмеш грошы, нешта набудзеш, потым прадасі, заплаціш падаткі і за тыя самыя грошы ізноў набываеш тавар… Урэшце пачала паціху „расьці“, але тут пачаліся праверкі. А яны чым далей, тым страшнейшыя. Патрабуюць штомесяц новыя дакумэнты, і нядаўна праз тое, што адна паперка была зроблена не на маё імя, у мяне канфіскавалі ўвесь тавар на 4 мільёны рублёў. І зьверху яшчэ штраф падатковая наклала -274 мільёны. Спачатку нават хацела скончыць жыцьцё самагубствам, але потым вырашыла змагацца, цяпер суджуся.

— Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?

— Не хадзіць на праверкі па адным! Хаця і ўведзены мараторый, але яны йдуць і йдуць. І як толькі паўстаюць нейкія праблемы, трэба адразу бегчы па юрыдычную кансультацыю — не спадзявацца на тое, што справіцеся самі!

— Якую параду вы можаце даць чалавеку, які вырашыў займацца бізнэсам у вашай галіне?

Сёньня аштрафавалі мяне, а заўтра такое самае можа быць з кожным.
— Ой, я ўвогуле б ня раіла! Лепей не пачынаць!

— Якіх спакусаў ды памылак варта пазьбягаць прадпрымальнікам, на ваш погляд?

— Прадпрымальнікі вельмі няшмат ведаюць пра свае правы, і гэта галоўная памылка. А яшчэ памылка, калі людзі думаюць выключна пра прыбыткі і не зьвяртаюць увагі на праблемы іншых калегаў. Сёньня аштрафавалі мяне, а заўтра такое самае можа быць з кожным. Мне было лягчэй, калі людзі выяўлялі да мяне ўвагу, падтрымлівалі, а ня толькі займаліся кожны сваім.

— А як вы лічыце, ці варта браць у бізнэс сваякоў? І як родныя ставяцца да вашых заняткаў прадпрымальніцтвам?

— Ведаеце, майму сыну толькі 16, і досьведу сямейнага бізнэсу ў мяне няма. Але, мусіць, сям’ёй было б лягчэй. Хаця… каб вось так аштрафавалі, дык пацярпела б уся сям’я, якая разам гандлюе. Цяжка сказаць! А сваякі мае да прадпрымальніцтва ставяцца па-рознаму, але я адна адказваю за сваю маленькую сям’ю, я яе ўтрымліваю і ўсе рашэньні прымаю таксама сама.