Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Самы галоўны ўрок бізнэсу — трэба шмат працаваць”


Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

БІЗНЭС ПА-БЕЛАРУСКУ

Прадпрымальнік Анатоль Хілько з Горадні займаецца гандлем праз шапікі. Каля 15 гадоў у прадпрымальніцтве.

“Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

“Я ўжо амаль 15 гадоў займаюся гэтым. Праўда, ці можна назваць гэта бізнэсам?.. Зрэшты, гэта не аматарства, а сродак для выжываньня, каб утрымаць сям’ю, даць адукацыю дзецям, магчыма — і зарабіць на будучыню”.

“Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?”

“Самы галоўны ўрок — трэба шмат працаваць. У нашым бізнэсе выходных не бывае, і калі хочаш зарабіць, трэба рабіць і рабіць, часам нават па 24 гадзіны ў суткі. І найлепш пры нашым занятку адразу ўсьвядоміць — ахвяраваць давядзецца многім, у тым ліку і здароўем”.

“ Што было самым цяжкім і якую параду вы можаце даць чалавеку, які хоча пачаць бізнэс у вашай галіне?”

“Безумоўна, першыя напрацоўкі, якія даводзілася здабываць самому. Каб у цябе былі пакупнікі — трэба быць па-сапраўднаму чэсным, прынцыповым, добразычлівым і сумленным чалавекам. Павінна існаваць праўдзівае слова джэнтэльмэна, без усякіх паперак.

А параіць магу: кожнаму трэба пачынаць працу зь сябе самога і ня думаць, што нешта ў вас атрымаецца бяз высілкаў”.

“Якой спакусы ці памылкі трэба пазьбягаць любым коштам?”

“Я лічу, што памыляюцца тыя, хто хоча надта хутка зарабіць грошы. Грошы хутка не зарабляюцца. Лёгкія грошы як прыходзяць, так і адыходзяць. Трэба паставіць рэальную мэту і паціхеньку, спакойна да яе набліжацца, кожны дзень”.

“Як ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры родныя?

“Няўжо гэта кар’ера... Навокал пасьміхаюцца, а адзін чалавек назваў нас “вашывымі блохамі”. Няма аўтарытэту, хаця я думаю, што на такіх, як мы, паўставалі ў цэлым сьвеце моцныя дзяржавы. А родныя бачаць, як працуеш, што можаш у хату прынесьці — так і ставяцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG