"Не бацюшкі – прыхаджане ігнаруюць беларускую мову ў царкве"

Дзьмитрый Шыла

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Дзьмітрый Шыла. Ён супрацоўнік Хрысьціянскага Адукацыйнага Цэнтру імя Сьвятых Мяфодзія і Кірыла. 34 гады. Нарадзіўся пад Баранавічамі. Закончыў у Бабруйску мастацкую вучэльню, адслужыў у войсках супрацьпаветранай абароны, паступіў на багаслоўскі факультэт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, затым закончыў Менскую Духоўную Акадэмію.

– Што для вас – служыць Богу?

– У першую чаргу – жыць па праўдзе і выконваць у сваім жыцьці запаветы Бога.

– З чаго пачаўся шлях да веры?

– Ён часьцей пачынаецца непрыкметна… Зь нейкіх дробных момантаў, якія больш схілялі да роздуму на розныя тэмы, улучна зь містычнымі. І нарэшце ў пэўны момант больш сур’ёзна задумаўся над сэнсам уласнага жыцьця, дакладна ўсьвядоміў: важней клапаціцца зусім не пра нейкія побытавыя праблемы.

– Бацькі, сваякі былі рэлігійнымі людзьмі?

– Першы чалавек, які моцна паўплываў на мой сьветапогляд, стала мая бабуля – менавіта яна настаўляла ў дзяцінстве ў веры. Прычым рабіла ўсё тое на чысьцюткай беларускай мове. То бок пра Бога я ўпершыню пачуў па-беларуску. Ну а далей склалася так, што калі я пайшоў у першую клясу, бацька пачаў служыць вясковым сьвятаром…

– Ну а як зрэагавалі на вашае рашэньне зьвязаць жыцьцё з царквой знаёмыя хлопцы і дзяўчаты?

– У асяродку равесьнікаў да таго часу ўжо не засталося пытаньняў да мяне: ведалі пра бацьку і таму пыталіся – калі ўжо пойдзеш усьлед за ім?

– А ў дзяцінстве не прыціскалі, не дражнілі, напрыклад, паповічам? Даруйце…

– Было такое, у школе, прычым больш зьведаў кпіны ў вясковай, а як неўзабаве пераехалі ў Баранавічы, тады ўжо меней. Час быў такі, пераломны – сярэдзіна 1980-х…

– Дарэчы: папіянэрыць давялося?

– А як жа без таго?

– Каб было магчыма ўлічыць ваш цяперашні рэлігійны досьвед, ці зьвязалі б свой лёс верніка менавіта з праваслаўем?


– Калі мэтанакіравана пачаў сваю духоўную адукацыю, то кожны новы пласт веды хутчэй пацьвярджаў здагадкі і правільнасьць выбару: я пераканаўся, што праваслаўе – гэта для мяне.

– З касьцёлам нярэдка зьвязваюць апалячваньне, а з праваслаўнай царквой – русыфікацыю… Вы пагаджаецеся з такім падыходам?

– Толькі ў гістарычнай пэрспэктыве – напрыклад, на момант 19-га стагодзьдзя. А ў сучасным жыцьці гэткае абвінавачваньне выглядае, як карыкатура.

– У тэоляга, дамініканца брата Пятра Рудкоўскага ёсьць пропаведзі “За Беларусь”. Вашыя калегі нечым падобным могуць пахваліцца?

– Ні я, ні старэйшыя нічога падобнага яшчэ не рыхтавалі. Гэта, напэўна, зьвязана з тым, што большасьць праваслаўных сьвятароў скіраваная менавіта на свае прыход і парафію. На патрэбы тых канкрэтных людзей, якія прыходзяць да іх. Вось і не зьявілася глябальных казаньняў, асноўнай тэмай якіх была б менавіта Беларусь у цэлым.

– Ці можна казаць пра павелічэньне беларускамоўных казаньняў у праваслаўных храмах?

– Можна зафіксаваць зьяўленьне гэтых казаньняў. Праваслаўная царква зыходзіць з таго прынцыпу, што яна гатовая ісьці насустрач пажаданьням прыхаджанаў, але на сёньня з боку апошніх у гэтым пытаньні хутчэй пануе пасыўнасьць.

– Вы пагаджаецеся, што праваслаўе – амаль цэнтральны складнік ідэалёгіі сучаснай беларускай улады? Дарэчы, з гэтым часта зьвязваюць адзяржаўліваньне царквы…

– Не, не пагаджаюся. Калі ўважліва чытаць дакумэнты, якія зыходзяць ад дзяржавы і выступленьні кіраўнікоў, то можна адразу заўважыць, наколькі гэта адрозьніваецца ад тых хрысьціянскіх прынцыпаў, якія прапаведуе царква. Па-другое, хоць дзяржава і мае патрэбу на тое, каб быў нейкі стрыжань у ідэалёгіі, але менавіта хрысьціянскія каштоўнасьці яна будзе выбіраць зь пільнай аглядкай. У выніку хоць вонкава й выглядае на абдымкі царквы зь дзяржавай, насамрэч яны – розныя грамадзкія інстытуцыі. У праваслаўных ёсьць прыгожае вучэньне пра сымфонію, а даслоўна – сугучнасьць улады і царквы, але мы павінны добра ўсьведамляць, што гэта проста ідэал. А ў рэальным жыцьці дасягнуць яго вельмі складана.

– Ці ёсьць у Беларусі рэальны саюз паміж канфэсіямі?

– Звычайна аснову саюзу складае стары прынцып “супраць каго сябруем?” У любым выпадку такога кшталту саюзы заўсёды часовыя і хутчэй тактычныя. Але можна ўсё ж канстатаваць: у Беларусі прысутнічае… ну калі не саюз, дык дыялёг паміж канфэсіямі ўжо дакладна.

– У такім разе, напрыклад, згадаем гісторыю сталічнай пратэстанцкай абшчыны “Новае жыцьцё”, у якой вялікія праблемы з адстойваньнем уласнага будынку… Тут салідарнасьці няма?

– Зь іншага боку было б дзіўна, каб пратэстанты цікавіліся жыцьцём праваслаўнай царквы і спрабавалі неяк паўплываць на яго… Пакуль добра ўжо тое, што мы мірна суіснуем у адной прасторы і раз-пораз размаўляем адзін з адным, аглядаемся і падыходзім адзін да аднаго з пэрспэктывай на тое, што можа потым стане ідылія ўзаемадачыненьняў – гэткая поўная талеранцыя ці што іншае.

– У касьцёле ёсьць дастаткова гучныя прыклады крытыкі ксяндзоў і нават герархаў, а ў асяродку праваслаўных – суцэльна “звыклыя хрысьціяне”?

– У нас крыху іншы чын вырашэньня праблемаў. Па магчымасьці яны вырашаюцца ўнутры самой арганізацыі. Хоць вострыя пытаньні, безумоўна, ёсьць. Але… Выявіліся альгарытмы іх вырашэньня. Аднак пры гэтым нельга казаць, што існуе нейкая забарона на адкрытасьць абмеркаваньня. Хутчэй прынцыпова адносіны паміж герархамі і прыхаджанамі будуюцца, як адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. А з гэтага прынцыпу ўжо вынікае ўяўная закрытасьць праваслаўнай суполкі.

– Ці маюць дастатковай прафэсійнай кандыцыі духоўныя ўлады, каб апраўдаць стала зафіксаваную сацыёлягамі давер да царквы? Ці можна казаць пра існаваньне ў ёй багаслоўскай эліты?

– Як давер гадамі існуе – вынікае, у нас стае той самай кандыцыі. Царква апраўдвае і сваё месца, і сваё прызначэньне. Праваслаўе нарадзіла сваю новую эліту. У нас стала значна больш сьвятароў, які прыйшлі з ужо закончанай сьвецкай адукацыяй. Заўважна вырасла таксама колькасьць тых служак, якія маюць ня толькі навуковае званьне кандыдатаў багаслоўя, але й навуковыя званьні кандыдатаў і дактароў розных сьвецкіх навук.

– І напрыканцы: каго благаслаўляе Гасподзь?

– Госпаду прыязныя ўсе людзі, якія жывуць па праўдзе і выконваюць ягоныя запаветы. Нават калі яны гэта не ўсьведамляюць. Ну а ўжо каго Гасподзь благаслаўляе, Ён ужо сам вырашае і глядзіць на кожнае чалавечае сэрца асобна.