Дамова, якая так прыцягвала ўвагу жыхароў Літвы да візыту кіраўніка Беларусі, так і не была падпісаная ў Вільні, нягледзячы на тое, што была ўнесеная у парадак дня літоўскага прэм'ера ў часе сустрэчы з беларускім калегам. Чакалася, што 16 верасьня Беларусь і Літва падпішуць доўга рыхтаваную дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму для памежжа.
Дыпляматы і прадстаўнікі урадаў абедзьвюх краін паведамілі, што у часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вільні будзе падпісаная доўгачаканая дамова аб спрашчэньні візавага рэжыму для жыхароў памежжа.
Усе, хто жывуць у раёнах да 50 км ад беларуска-літоўскай мяжы, паводле гэтай дамовы змаглі б езьдзіць у суседнія краіны без візаў – яны атрымалі б пасьведчаньне коштам 20 эўра на тэрмін цягам пяці гадоў. Гэта каля 600 тысяч грамадзян Беларусі і каля 800 тысяч грамадзян Літвы, у ліку якіх шмат этнічных беларусаў альбо тыя, хто маюць блізкіх сваякоў у Беларусі.
Паводле прэсавага сакратара МЗС Літвы Роландаса Качынскаса, Беларусь папрасіла дадатковы час для падрыхтоўкі дамовы.
Назіральнікі ў Літве сёньня заўважылі, што і з боку Літвы могуць быць засьцярогі адносна гэтай дамовы, якая дазволіць літоўцам часьцей набываць у Беларусі танны бэнзін і танныя цыгарэты.
Калі дамова была б падпісаная ў Вільні 16 верасьня, ужо ад сярэдзіны наступнага года яна б уступіла ў сілу.
Гэта была адна з трох заплянаваных дамоваў на сустрэчы прэм'ераў Беларусі і Літвы. Падпісаныя толькі дзьве – аб памежных перасячэньнях (адносна пункта Мара, дзе перасякаюцца межы трох краін – Беларусі, Літвы і Польшчы) і аб прававым рэжыме дзяржаўнай мяжы. Апошняя вызначае парадак дагляду за мяжой, умовы перасячэньня мяжы асобамі, наземнымі , воднымі і паветранымі транспартнымі сродкамі і рэглямэнтуе гаспадарчую ды іншую дзейнасьць на дзяржаўнай мяжы.
Беларуска-літоўская мяжа атрымала поўнае права называцца дзяржаўнай толькі у чэрвені летась, калі была цалкам завершаная яе дэмаркацыя. Гэта першая дэмаркаваная мяжа ў Эўразьвязе пасьля яго пашырэньня і таксама самая доўгая вонкавая мяжа супольнасьці ў адной краіне.