А.Грыцкевіч: сьвяткаваць 17 верасьня - непрыстойна

Сёньня спаўняецца 70 гадоў зь дня далучэньня Заходняй Беларусі да СССР.
Вядомы беларускі гісторык, прафэсар Анатоль Грыцкевіч выказвае сваё стаўленьне да таго, што называецца ўзьяднаньнем Заходняй і Ўсходняй Беларусі.

"Я памятаю добра мяжу яшчэ ў дзяцінстве. Маё перакананьне, што гэта не было вызваленьнем Беларусі. Гэта была тыповая апэрацыя сталінскага рэжыму пры падзеле Ўсходняй Эўропы разам з Гітлерам. Папярэдне, у жніўні 1939 году, яны дамовіліся, паводле сакрэтнага пратаколу, падзяліць краіны Ўсходняй Эўропы. А паколькі Чырвоная Армія ўступіла ў Заходнюю Беларусь, трэба было нейкае абгрунтаваньне палітычна-ідэалягічнае, і таму ўсё пайшло па сцэнары быццам бы вызваленьня заходніх беларусаў ад польскай акупацыі.

Што тычыцца саміх заходніх беларусаў, зразумела, у Польшчы яны былі меншасьцю непрывілеяванай, а больш перасьледаванай. А тым ня менш, у параўнаньні з тым, што адбывалася ў СССР, з гэтымі масавымі рэпрэсіямі, зьнішчэньнем беларускасьці, расстрэламі ў Курапатах, то іх лёс да 1939 году быў нават лепшы, чым тут, нягледзячы на польскі перасьлед.

З майго пункту гледжаньня сьвяткаваць гэты дзень проста непрыстойна".