Выбраныя літары з тэксту, які яшчэ пішацца.
Як Дубавец? Напрыклад, так:
Б — падлеткам прачытаць Шэксьпіра па-беларуску і захапіцца мовай так, каб потым друкаваць на ёй падпольную літаратуру на абсталяваньні Менскага апэратыўнага палка Ўнутраных войскаў СССР.
NGO — за царом гарохам, калі яшчэ ніхто ня ведаў слова «NGO», стварыць зь нефармальнымі беларусамі сапраўдную «Майстроўню» і зусім не местачковых «Тутэйшых».
В — стаць менскім віленчуком, абараняць летувіскі парлямэнт ад савецкіх танкаў і атрымаць мэдаль «За адвагу».
Г — знайсьці ў нацыянальнай гісторыі найлепшае імя для газэты — «Свабода», год выдаваць яе і потым перадаць сябру, каб яна стала самым масавым незалежным выданьнем незалежнай Беларусі.
НН — адрадзіць затым «Нашу Ніву» так, што яе маглі б лічыць сваёй заснавальнік і рэдактар Аляксандар Уласаў, аўтар Янка Купала, стваральнікі БНР браты Луцкевічы.
П — пайсьці да паэта, які пасьля вершу пра аднаго вусатага знаўцу паэзіі паміраў у турме КДБ у сухой галадоўцы, і вярнуць яго да жыцьця.
Р — паглядзець на айчынную літаратуру, як францускія імпрэсіяністы на Лёндан, і паказаць тое, чаго не хацелі бачыць іншыя — ружовы туман.
С — дзевяць гадоў штотыдня выходзіць у этэр «Свабоды» з новай праграмай «Вострая Брама», якая адразу стала культам ягонай асобы.
Ь — выйсьці на суд за беларускую мову і перамагчы.
Ц — здавацца заўсёды цьвёрдым, бяз нэрваў, адчаю, трывогі і страху, аддаваць іншым свае ідэі й праекты, радавацца за іх посьпех і не сьпяшацца з асуджэньнем, памыляцца і папраўляцца, мець правільных ворагаў і невядомых прыхільнікаў і ня ведаць, што гэта і азначае — быць лідэрам пакаленьня.
? — у 50 гадоў напісаць кнігу, якая замест дубовых запытаў «хто вінаваты?» і «што рабіць?» задасьць магічнае і музычнае, такое неістотнае і такое біблійнае, галоўнае для свабоды, вайны і каханьня пытаньне — «як?».
І адказаць як чалавек, які любіць: так, як ты хочаш.
Так, як ты можаш.
Так, як найлепш.