“Некалі даўно, яшчэ працуючы разам зь Сяргеем Дубаўцом у газэце “Гомельская праўда”, я прыдумаў для сябе гэткі адзінаццаты запавет, запавет пісьменьніка: не павучай! Гэта было ў савецкія часы, калі літаратура павінна была выконваць ролю своеасаблівага маральнага настаўніка. Памятаеце гэтыя знакамітыя словы — “делать жизнь с кого-то”, чаму павінна была вучыць літаратура. Мне гэта страшна не падабалася, і той мой прынцып быў своеасаблівым супрацівам.
Вельмі важна, вельмі добра, што Сяргей Іванавіч у сваіх эсэ якраз устрымаўся і ня стаў кагосьці павучаць, як жыць і што рабіць. У яго атрымаліся не парады нават, а думкі, развагі пра нашу сучаснасьць, пра наша жыцьцё. Кожны сам павінен сёньня паводле гэтага выбіраць, як жыць, змагацца ці не змагацца, і калі змагацца, дык як. Кожны павінен выбіраць усё сам, не абапіраючыся на нейкі досьвед, у тым ліку і досьвед Сяргея Дубаўца.
Я хацеў бы павіншаваць Сяргея з выхадам новай кнігі, з блізкім ягоным юбілеем, а рэдакцыю “Свабоды” — зь вельмі ёмістым і цудоўным папаўненьнем у сэрыі “Бібліятэка Свабоды”.