У Вільні пратэстуюць супраць візыту Лукашэнкі

Выкладзены папяровымі самалёцікамі бел-чырвона-белы сьцяг і пікет віталі кіраўніка Беларусі ў Вільні.
Раніцай 16 верасьня насупраць будынка літоўскага парлямэнту, на набярэжнай, з папяровых самалёцікаў белага і чырвонага колеру невядомыя выклалі нацыянальны сьцяг Беларусі. Побач знаходзіцца вялікі плякат, на якім намаляваная перакрэсьленая галава з вусамі і надпіс на англійскай мове No country for moustache.

Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя маладых літоўскіх сацыял-дэмакратаў правялі два пікеты ля будынка амбасады Беларусі ў Вільні. Яны трымалі расьцяжкі на літоўскай мове. Адна зь іх: “Лукашэнка — не апошні лідэр нацыі”.

Акцыя пратэсту адбылася і перад прэзыдэнцкім палацам. Там у 10:30 сустрэліся прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце і Аляксандар Лукашэнка. Удзельнікі пікету пратэставалі супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

“Выказваючы за партнэрства зь Беларусьсю, мы разам з тым выступаем супраць ганеньняў на дэмакратыю і парушэньняў правоў чалавека ў гэтай краіне”, — заявіў журналістам адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.

Беларуская дыяспара ніякіх акцый пратэсту не праводзіць, бо лічыць, што ў гэтым няма сэнсу.