Стамбульскае біенале не абышлося без Лукашэнкі

інсталяцыя з цыклю "Мой прэзыдэнт"

Працы маладой беларускай мастачкі Марыны Напрушкінай, якая жыве і працуе ў Нямеччыне, прадстаўленыя на Міжнародным 11-м Стамбульскім біенале — прэстыжнай выставе сучаснага мастацтва. Экспазыцыя адкрылася ў гэтыя выходныя і завершыцца 8 лістапада.

Усяго на біенале можна ўбачыць 120 праектаў, створаных 70 мастакамі з 40 краін. Чакаецца, што стамбульскую выставу наведаюць прыкладна 2,5 тысячы гасьцей з усяго сьвету.

Галоўнай тэмай імпрэзы стаў радок з “Трохграшовай опэры” Бэртальда Брэхта “Чым людзі жывыя?” Як пішуць крытыкі, цяперашняе біенале адзначаецца эпатажнасьцю: наведнікі адчуваюць сябе то нібыта на страйку працоўных, то на мітынгу ў абарону геяў і лесьбіянак, то на пасяджэньні парткаму.

Што да Марыны Напрушкінай, то і тут, на Стамбульскім біенале, яна застаецца вернай сваёй галоўнай тэме — “Мой прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка”. Інсталяцыя беларускай мастачкі ўяўляе сабой копію аратарскай трыбуны, якая ператварае чалавека Аляксандра Лукашэнку ў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Наведнікі экспазыцыі могуць пасядзець на прыступках, празь якія адбываецца ўзвышэньне героя, і згадаць радкі Брэхта, якія сталі дэвізам выставы.

Галоўны стылістычны прыём беларускай мастачкі, які ў свой час ацанілі модныя галерысты Нямеччыны ды іншых краін Эўропы, — гэта іронія, калі ў выказваньне ўкладаецца супрацьлеглы сэнс. Паводле нямецкай крытыкі, “падобная бяскрыўдная мастацкая іронія магла б выклікаць небясьпечныя наступствы на радзіме аўтаркі”.

Свайго героя Напрушкіна паказвае ў стылістыцы сацыялістычнага рэалізму, на тле ягоных улюбёных сымбаляў — такіх, як царква, войска, спартоўцы, дзеці, трыбуна. У карцінах і інсталяцыях сэрыі “Мой прэзыдэнт” яна выкарыстоўвае прыкладна тыя ж аксэсуары, якімі вядомыя савецкія мастакі перадавалі атмасфэру партыйных сходаў і зьездаў. Паводле канонаў сталінскага мастацтва, такія творы павінны былі ствараць адчуваньне дабрабыту і “сапраўднага чалавечага шчасьця”.

Марына Напрушкіна нарадзілася ў 1981 годзе ў Менску. Тут жа скончыла мастацкую вучэльню імя Глебава. Ад 2000 году жыве і вучыцца ў Нямеччыне. Спачатку ў мастацкай акадэміі ў Карлсруэ, потым — у Франкфурце-на-Майне ў прэстыжнай вышэйшай мастацкай школе Stаеdelschule.

Арыгінальную манеру Напрушкінай у свой час заўважыў модны франкфурцкі галерыст Уда Бакмюль. Карціны і інсталяцыі, прысьвечаныя прэзыдэнту Лукашэнку, выстаўляліся ў галерэях Нямеччыны і шэрагу іншых заходнеэўрапейскіх краінаў.