Тавар не купляюць? Няхай ім гандлююць прадпрымальнікі!

У крызіс беларускія ўлады спадзяюцца разгрузіць склады ад айчынных тавараў, якія не знаходзяць збыту, з дапамогай прадпрымальнікаў. Пра гэта ўчора ў Менску заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі.
Яшчэ раней кіраўнік ураду скардзіўся, што на складах прамысловых прадпрыемстваў ляжаць запасы гатовай прадукцыі коштам амаль 7 трыльёнаў рублёў. У параўнаньні з папярэднім годам экспарт сёлета ўпаў амаль напалову.

Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды” даведваліся, як ставяцца прадпрымальнікі ў рэгіёнах да гэтай ініцыятывы ўраду.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У рэгіёне найбольшыя залежы тавараў — у лясной, дрэваперапрацоўчай, цэлюлёзна-папяровай, лёгкай прамысловасьці ды ў чорнай мэталюргіі.

Незапатрабаванай прадукцыі на складах магілёўскіх прадпрыемстваў назьбіралася больш як на 700 мільярдаў рублёў.

Доля паступленьняў у бюджэт рэгіёну ад дзейнасьці прадпрымальнікаў у 2008 годзе складала больш як 23 працэнты. У рэгіянальным цэнтры прадпрымальніцтва кажуць, што пазытыўная дынаміка ёсьць і сёлета:

“Тыя тавары, якія вырабляюцца ў нас, мы прапануем рэалізоўваць за мяжой. Пры гэтым яшчэ і ўплываць на палітыку ў горадзе, то бок прапаноўваць, што новага вырабляць. Пры гэтым здымаюцца ўсе перашкоды — і мытныя, і працэсуальныя. Праца з прадпрыемствамі вядзецца”, — кажа супрацоўнік магілёўскага цэнтру.

Кіраўнікі прадпрыемстваў кажуць прадпрымальнікам: нам не патрэбная ваша дапамога. Відавочна, што няма ў іх стымулаў што-колечы мяняць.
Старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская пацьвярджае: льготы для бізнэсоўцаў, якія наважацца прадаваць магілёўскую прадукцыю, ёсьць, аднак узьнікаюць і свае нюансы.

“Хто кажа, што трэба дапамагчы нашым прадпрыемствам? Да гэтага заклікае ўлада, але ня кажуць кіраўнікі прадпрыемстваў. Яны кажуць: „Нам не патрэбная дапамога. Мы самі ўсё збываем“. Відавочна, што тут няма стымулаў для саміх прадпрыемстваў што-колечы мяняць. Заробак на дзяржаўных прадпрыемствах як атрымлівалі, гэтак і атрымліваюць”.

Што прапануюць прадпрымальнікам прадаваць?

“Органы ўлады арганізавалі выставу нашых тавараў. Ляжыць там, да прыкладу, глушыцель да „Масквіча-412“. Якая ў нас патрэба ў іх, колькі такіх машын засталося? То бок завод вырабляе, каб толькі працаваць. А далей, як прадаць, турбуйцеся вы”.


Не выпадае пакуль казаць пра партнэрскія дачыненьні бізнэсу і ўлады. Льготы ёсьць, але падаткоўцам ніхто не адмяняў пляны на штрафы. Іх памеры, кажа Тацяна Казлоўская, не адэкватныя выяўленым парушэньням.

Урэшце, улада можа ў любы момант зьмяніць ласку на гнеў:

“Прадаваць трэба прафэсійна. Не ламаць рынкі. Асаблівых прэфэрэнцыяў, якія вы на нейкіх умовах будзе атрымліваць і затанна прадаваць на шкоду асноўнаму вытворцу й прафэсійнаму прадаўцу, мы не дапусьцім”, — цытуюць афіцыйныя крыніцы папярэджаньне намесьніка старшыні магілёўскага гарвыканкаму Алега Ліцянкова.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сёньня ў райцэнтры Рэчыца на Гомельшчыне працягваецца скандал, які напярэдадні выклікала канфіскацыя тавараў у мясцовых прадпрымальнікаў. Пацярпелыя й тыя, хто ім спачувае, заяўляюць, што ня будуць удзельнічаць ва ўрадавым праекце скарачэньня залежаў беларускіх тавараў. Некаторыя зь іх, наадварот, спыняюць сваю дзейнасьць. Як, напрыклад, Ірына Сурыга.

Працаваць не даюць, толькі пачнеш — душаць!
Паколькі ў Ірыны засталіся рэшткі тавару, яна выправілася да мясцовых падаткоўцаў кансультавацца, што зь імі рабіць — не выкідаць жа на вуліцу каву, гарбату, гарошак у бляшанках, розныя прыправы.

Падаткоўцы раілі перадаць тавар паводле накладных іншай прадпрымальніцы, якая заступіла на месца спадарыні Сурыгі. Але не пасьпелі жанчыны гэта зрабіць, як трое падаткоўцаў прыехалі з праверкай — і канфіскавалі бакалейныя вырабы на агульную суму 2 мільёны 400 тысяч рублёў.

Ірына Сурыга: “Зьвярнуліся з просьбай да падаткоўцаў, як і што трэба зрабіць. Не пасьпелі ўсё зрабіць, як яны тут жа прыйшлі з праверкай. З майго пункту гледжаньня, гэта — подласьць”.

Канфіскацыя тавару выклікала сапраўдны шок у маладой прадпрымальніцы Ірыны Дабрамыславай. Яна зусім нядаўна пачала працаваць на месцы спадарыні Сурыгі, а зараз ужо наважана адмовіцца ад толькі што распачатага прадпрымальніцтва:

“Навошта мне патрэбны, прабачце, такія праблемы на адно месца? Хаця б далі месяцы тры ачомацца, устаць на ногі, а потым прыходзілі б з праверкамі. Працаваць жа не даюць: толькі пачнеш — тут жа душаць. Гэта ў іх і называецца свабоднае прадпрымальніцтва”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У верасьні ў Горадні прадпрымальнікі будуць плаціць дадатковыя падаткі


У Горадні прадпрымальнікі пакуль мала заклапочаныя прапановамі ўраду пра далучэньне да разладоўваньня залежаў тутэйшай прамысловай прадукцыі. Больш хвалююць іх будзённыя праблемы.

У Горадні абвешчана, што ад 16-га верасьня ізноў давядзецца выпісваць талёны за рэчы, кошт якіх перавышае тры базавыя адзінкі.

Прадпрымальнікі лічаць, што ўвядзеньне дадатковых плацяжоў скіравана непасрэдна на аптовых гандляроў, асабліва гандляроў абуткам, які прывозяць з-за мяжы. Тыя ня змогуць канкурыраваць з крамамі, у якіх пераважна прадаецца беларускі тавар. Кажа гандлярка абуткам:

“Усе спадзяюцца толькі на тое, што яны будуць хаваць даходы, бо калі ў такой сытуацыі паказваць усе прыбыткі — застанесься галяком”.

Падаткі ўжо перавалілі за мільён рублёў. А ўлада лічыць, што і гэтага замала.
Прадпрымальнікі лічаць, што новаўвядзеньне скіравана на тое, каб папоўніць бюджэт, але яны кажуць, што ўжо зараз ад іх забіраюць амаль усё.

Спадар: “У нас зараз 330 тысяч падатак, 330 тысяч НДС, 120 тысяч — за месца, 10 тысяч — сьметніца, 75 тысяч — дзяржстрах, 100 тысяч — камэра захоўваньня, грузчык — 50-100 тысяч. Мы ўжо перакрочылі за мільён. І гэта, напэўна, лічаць замала”.

Многія з гандляроў зьвяртаюць увагу на тое, што сёлета летам гандлю амаль не было, за выключэньнем двух тыдняў перад пачаткам школы.

Спадар: “Бывае, што ў дзень прадасі толькі дзьве пары абутку — і цэлае лета такі гандаль, паколькі грошай у людзей няма. І вось трэба падаткі заплаціць, і застаецца толькі-толькі, каб пражыць”.

Многія гандляркі, якія ўжо ў перадпэнсійным узросьце, кажуць, што хацелі б зьмяніць працу, але ісьці, зь іх слоў, таксама няма куды.

— Няма куды ісьці ўладкавацца, у такім узросьце ўжо ніхто не бярэ на працу.

— Ужо неаднойчы спрабавалі дзе-небудзь уладкавацца, але ніхто нідзе не бярэ.

— І што нам рабіць? Трэба ж і самім жыць, і дзецям дапамагаць…

— Акрамя прыбіральшчыцы і дворніка, нікуды ня пойдзеш.

Камэнтар “Свабоды”
Віктар Гарбачоў
Сытуацыю тлумачыць старшыня кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (зарэгістраванай ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў:

“Цягам 15 папярэдніх гадоў чыноўнікі стваралі прадпрымальнікам імідж людзей, якія нічога ня ўмеюць рабіць. Нарэшце, на 16-м годзе, вырашылі зьвярнуцца па дапамогу. Мяркую, што хто пачуе гэты заклік — няхай дапамагае. А асноўная частка прадпрымальнікаў з гэтага пасьмяецца і на канкрэтныя дзеяньні ня пойдзе”.

Леў Марголін
А вось што кажа эканаміст і сябра Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Леў Марголін:

“Ставяцца дзіўныя задачы збываць заляжалую прадукцыю ў Афрыку ці Паўднёвую Азію, яшчэ некуды. Відавочна, што прадпрымальнікі, тым больш дробныя прадпрымальнікі, гэтым ня змогуць займацца. Акрамя таго, я лічу, што калі б прадпрыемствам далі магчымасьць збываць заляжалы тавар па тых коштах, якіх ён варты, то яны б самі з гэтым справіліся б. Але ж урад патрабуе коштаў, якія былі да крызісу. А гэтыя цэны на сёньня ўжо нікога не задавальняюць. Таму лічу, што зварот да прадпрымальнікаў — зварот у нікуды”.