Крызіс: завялыя сымбалі

Яшчэ ня так даўно лён лічыўся адной з галоўных сельскагаспадарчых культур у Беларусі, своеасаблівым сымбалем нацыянальнай эканомікі. Кветкі лёну былі намаляваны на дзяржаўным гербе БССР, адкуль яны трапілі і на цяперашні афіцыйны герб Беларусі, якім у 1995 годзе была заменена гістарычная Пагоня.
Аднак сёньня ўсе 49 беларускіх ільнозаводаў перажываюць складаны час. Без падтрымкі дзяржавы ніводзін зь іх працаваць ня здольны. Карэспандэнты “Свабоды” ў рэгіёнах цікавіліся прычынамі заняпаду галіны, якая калісьці лічылася адной з галоўных у Беларусі.


Ворша


Даўгі Аршанскага ільнокамбінату перавысіла 6 мільярдаў рублёў


Да пачатку новага сэзону Аршанскі ільнокамбінат меў ад ураду заданьне скончыць капітальную рэканструкцыю. Аднак пляны ня выкананы. Да прыкладу, сёлета было заяўлена, што прадпрыемства нарэшце вырашыць праблему выкарыстаньня ня толькі доўгага, але й кароткага валакна праз вытворчасьць джынсавай тканіны. Для гэтага ў Воршы набылі дзьве эксклюзіўныя машыны з Італіі. Але вось што паведаміла сёньня “Свабодзе” тэхноляг прадпрыемства, спадарыня Вольга:

“З джынсавай тканіны плянавалі шыць спэцадзеньне. Аднак у эксплюатацыі яна не дала станоўчых вынікаў. Таму зараз змушаны перапынак... Але мы зьбіраемся зноў вярнуцца да гэтага пытаньня. Бо вельмі многія турбуюць і цікавяцца, калі будзе джынсавая тканіна?”

Суразмоўца ўдакладняе, што на рэканструкцыю Аршанскага ільнокамбінату было выдаткавана зь бюджэту 50 мільярдаў рублёў. Ці ёсьць спадзяваньні на аддачу патрачаных сродкаў? Што новага вырабіць сёлета Аршанскі ільнокамбінат?

“Гэта тканіна з прынтэрным друкам. Гэта — навінка. Малюнак з кампутара будзем пераносіць на тканіну. Можам таксама і фота надрукаваць. Праўда, і ў гэтай справе быў перапынак. Але неўзабаве ўжо атрымаем патрэбныя фарбавальнікі, і мы пачнём масавы друк”.

РУПТП “Аршанскі ільнокамбінат” — найбуйнейшае ў Эўропе тэкстыльнае прадпрыемства. На пяці яго фабрыках — амаль 5 тысяч працаўнікоў. Сёлета пастаўкі гатовай прадукцыі ў ЗША, Турцыю й Расею істотна скараціліся.

Гомельшчына


Стаў кароткім лён-даўгунец

Сёлета пасевы йльну-даўгунцу на Гомельшчыне займалі толькі пяць з паловай тысяч гектараў. Гэта ў 4 разы меней, чым у сярэдзіне 1980-х гадоў.

Адзін з прадстаўнікоў Кармянскага йльнозаводу тлумачыць:

“Калі выбухнуў Чарнобыль, распачалі вапнаваньне глебы — узмоцненае вапнаваньне. А лён любіць зьлёгку падкісьленую глебу. У нас жа атрымалася, што ўсю глебу зрабілі нэўтральнаю”.
гадавая вытворчасьць ільновалакна не дасягае й 5 тысяч тон, а была 10—11 тысяч тон ...

Натуральна, што ніхто ўжо й ня думаў, каб атрымліваць ранейшыя 10—11 тысяч тон ільновалакна. Зараз яго гадавая вытворчасьць не дасягае й 5 тысяч тон. Закрытыя Жлобінскі й Гарочыцкі йльнозаводы.

Яшчэ адна прычына спаду цікавасьці да йльну, на думку кармянскага спэцыяліста, палягае ў фінансавых варунках:

“Камбінат гэты зараз сядзіць на бабах — ня можа разьлічыцца. Усе разьлікі пратэрмінаваныя”

“Рэалізацыя йльновалакна ў нас ідзе праз Аршанскі йльнокамбінат А камбінат гэты зараз сядзіць на бабах — ня могуць разьлічыцца. Мы, адпаведна, таксама. Усе разьлікі пратэрмінаваныя. Ад пачатку году з намі не разьлічваліся. Апрача тых пытаньняў, у прыватнасьці — запчастак, якія мы атрымлівалі праз трохбаковы бартэр”.

Гарадзеншчына


Лён сёлета патрабуе дадатковых высілкаў

Большасьць ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне чакаюць рэканструкцыі і новага абсталяваньня. А сёлета на прадпрыемствах імкнуцца хаця б да таго, каб не было горш, чым летась.

На Гарадзеншчыне некалькі ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў — у Ашмянах, Смаргоні, Карэлічах, Дзятлаўскім раёне. На ААТ “Карэлічы-лён” за перапрацоўку сёлетняга ўраджаю пакуль ня браліся. Кажа дырэктар прадпрыемства Сяргей Лейка:

“Пакуль на сыравіне сёлетняга ўраджаю мы не працуем. Ён ляжыць на сьцелішчах, бо яшчэ не дабраў свайго колеру. Трэба яго вытрымаць, і пакуль апрацоўка яго складаная. Думаю, што, можа, з канца тыдня пачнём”.
сёлета на ўраджай лёну адмоўна паўплывала надвор’е ...

Спадар Лейка кажа, што сёлета на ўраджай лёну адмоўна паўплывала надвор’е. Таму цяпер лён патрабуе значных высілкаў і дадатковых апэрацый пры перапрацоўцы. Гэта патрабуе дадатковага часу і выдаткаў.

Лейка: “Ня скажаш, што лён горшы за мінулагодні, але відаць, што нечага не хапае ў прыродзе дзеля таго, каб ён цалкам сасьпеў. Чагось не хапае...”

Я пытаюся — ці не саступаюць айчынныя гатункі лёну замежным? Дырэктар Дварэцкага ільнозаводу, што ў Дзятлаўскім раёне, Ігар Каліноўскі кажа, што беларускія гатункі нават і лепшыя.

“Нашы гатункі, дарэчы, больш тонкавалакністыя, чым тыя, што на Захадзе, а гэта азначае, што валакно больш якаснае. У іх, можа, толькі больш яго ўтрымліваецца”.

Наагул спадар Лейка за тое, каб вырошчваньне ільну і яго перапрацоўка ў Беларусі працягвалася, бо ён лічыць, што беларускія ўмовы традыцыйна спрыяюць гэтай культуры. Праўда, дзеля гэтага, зь яго слоў, патрэбны капіталаўкладаньні, якіх чакаюць ад дзяржавы.

Лейка: “Міністэрствам сельскай гаспадаркі вызначаны шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку і наша, якім будзе накіравана дзяржаўная дапамога ў 2010—2011 гадах на рэканструкцыю”.

Праўда, пакуль гэта застаецца толькі ў плянах, а тым часам ільноперапрацоўчыя прадпрыемствы вымушаны працаваць па-ранейшаму.

Магілёўшчына


Інвэстарам адмаўляюць у рэфармаваньні ільнаводчай галіны

Сёлета шэсьць зь сямі заводаў Магілёўшчыны зьбіралася набыць група інвэстараў, інтарэсы якой прадстаўляў бізнэсовец Сяргей Левін. Перамовы доўжыліся ад леташняй восені й скончыліся безвынікова. Бізнэсоўцы адмовіліся ад сваіх намераў. Падрабязнасьці — у Андрэя Белагубава.

У кожны завод бізнэсоўцы зьбіраліся інвэставаць ад 8 да 10 мільёнаў даляраў. Але перад гэтым ім трэба было дамовіцца пра кошт саміх заводаў. Паводле генэральнага дырэктара холдынгу “Магілёўабллён” Віктара Гейдэля, прапанаваная бізнэсоўцамі цана была замалой:

“Ён хацеў купіць паводле кошту акцыяў, які быў у 1995—96 гадах, калі заводы акцыянавалі. Пасьля ж гэтага колькі вады сплыло. Колькі тэхнікі мы закупілі, колькі абсталяваньня памянялі. Хто за такую цану прадасьць? А ён хацеў задарма ўзяць. Хто ж на гэта пойдзе?”

Паводле некаторых зьвестак, агульны кошт акцыяў шасьці заводаў — каля сямі з паловай мільярдаў рублёў.

Ільнаводзтва выжывае за кошт дзяржаўных датацыяў

Віктар Гейдэль цьвердзіць, што прадпрыемствы цяпер працуюць стабільна і з прыбыткамі. Ёсьць, аднак, і праблемы:

“У нас месяц таму цана ўпала ў два разы. Ёсьць у Аршанскага ільнокамбінату пытаньні па рэалізацыі прадукцыі з кароткага валакна. Мы ж валакно пастаўляем па дзяржзаказу, і нам дзяржава выплачвае датацыі, што таксама абгрунтавана”.

У 2009 годзе бюджэтныя датацыі льнозаводам выплачваюцца з разьліку 4,5 мільёна рублёў за тону валакна. У 2008 годзе сем магілёўскіх ільнозаводаў атрымалі датацыі на суму 15 мільярдаў рублёў і 16 мільярдаў бязвыплатнай дапамогі. У выніку прадпрыемствы маюць прыбытак. Залежнасьць галіны ад бюджэтных грошай з году ў год расьце.