Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі па Гомельшчыне зрабіў шэраг заяваў. Ён выказаўся за вывучэньне магчымасьцяў дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў і за ўдзел Беларусі ў праекце “Адэса - Броды”.
Аляксандар Лукашэнка адмоўна выказаўся наконт таго, што нібыта пасьля нядаўняй сустрэчы ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Беларусь зноў выбірае ўсходні вэктар замест заходняга. “Развароту, павароту няма і быць ня можа. Мы ніколі нічога не рабілі зноў. У нас шматвэктарная зьнешняя палітыка, а ўсё астатняе - гэта пустыя домыслы”, - заявіў кіраўнік Беларусі. Камэнтуючы дачыненьні з Захадам, ён адзначыў, што “калі тут хочуць разбурыць краіну і зламаць той курс, які праводзіцца ў Беларусі, то нам не па дарозе зь ніводнай палітычнай сілай, зь ніводнай дзяржавай”.
Паводле палітоляга Аляксея Караля, А. Лукашэнка працягвае тактыку лявіраваньня.
“Гэтыя хістаньні становяцца настолькі блізкія па часе, што гэта робіцца часткова сьмешным. Але апошняя фраза, што ні з тымі, ні з тымі, - гэта як бы намёк на разьвіцьцё з апорай на ўласныя сілы. Гэта таксама вядомы курс, і ён звычайны для ўсіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Адзінае, што апоры на ўласныя сілы ня можа атрымацца ў Беларусі, якая залежыць і ад Захаду, і ад Усходу. Гэта магло атрымацца ў СССР, але не ў Беларусі. Так што тактыку лявіраваньня і хістаньняў мы будзем назіраць яшчэ доўгія часы”.
Сёньня ж А.Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня можа залежаць “ад аднаго месца ў пастаўках энэргарэсурсаў”. Ён выказаўся за ўдзел у праекце “Адэса - Броды”. Паводле кіраўніка Беларусі, калі стане нявыгадна атрымліваць вуглевадароды з Расеі, то “мы ўжо сёньня павінны бачыць іншыя шляхі, альтэрнатыўныя крыніцы”. Маўляў, усё будзе рабіцца разумна: “Адэса - Броды”, пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы ў Прыбалтыку, пастаўкі з Касьпію”. Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, кіраўнік краіны загаварыў на гэтую тэму хутчэй з палітычных матываў.
“З Расеяй не атрымліваюцца ўзаемаадносіны. Тая мадэль паводзінаў, якая была, у сур'ёзным, глыбокім крызісе. Трэба неяк падыграць Эўропе і МВФ, кажучы пра нейкія рэформы. Пра канкрэтныя рэформы бізнэс-клімату, макраэканомікі, лібэралізацыю ён казаць не гатовы. А можна гаварыць на такую тэму, якая ёсьць такой хранічнай жуйкай, можна казаць, колькі можаш, пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі, і гэта падабаецца Эўропе. Але ён, напрыклад, ня кажа пра такую важную тэму, як праца энэргетычнай сыстэмы Беларусі ў межах энэргетычнай хартыі ЭЗ, як нядаўна зрабіла Ўкраіна”.
Таксама А.Лукашэнка заявіў, што сёньня галоўная фінансава-эканамічная праблема - захаваньне стабільнасьці рубля. Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч нагадвае, што за першае паўгодзьдзе Беларусь завезла тавараў больш, чым прадала, на чатыры мільярды даляраў.
“У першым паўгодзьдзі дэфіцыт гандлёвага балянсу амаль падвоіўся. Гэта азначае, што ўсе рэзэрвы могуць быць праедзены. І можа быць абвал нацыянальнай валюты. Крэдыты даюцца, а рэзэрвы не павялічваюцца”.