Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін назваў "некарэктным" пытаньне пра тое, чаму Масква падтрымлівае кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, а не дэмакратычныя сілы гэтай краіны.
“Я лічу, што гэтае пытаньне некарэктнае, бо спадар Лукашэнка абраны прамым тайным галасаваньнем беларускага народу. Мы заўсёды маем справу зь існай уладай і ніколі не займаемся падтрымкай працэсаў, якія вядуць не да канстытуцыйных працэсаў на тэрыторыі той ці іншай краіны”, — заявіў У.Пуцін журналістам пасьля заканчэньня прэс-канфэрэнцыі з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
Паводле У.Пуціна, такі падыход асабліва тычыцца краінаў на постсавецкай прасторы, перадае Інтэрфакс.
“Бо дэмакратыі ў нашых краінах зьяўляюцца слабымі, палітычная сыстэма ня ўстоялася, а прававы рэжым даволі няпэўны — у гэтай сытуацыі стабільнасьць важнейшая за ўсё”, — сказаў У.Пуцін.
У Польшчы знаходзіцца таксама прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Ён бярэ ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 70-годзьдзя пачатку Другой усясьветнай вайны.