Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ролевыя гульні" прэзыдэнтаў у Сочы


Як можна ацаніць вынікі сёньняшняй сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі ў Сочы? Ці можна сьцьвярджаць, што Маскве ўдалося праціснуць рашэньне некаторых патрэбных сабе пытаньняў? Ці ёсьць падставы гаварыць, што Дзьмітры Мядзьведзеў у адрозьненьні ад Уладзімера Пуціна больш удала знаходзіць агульную мову з Аляксандрам Лукашэнкам?


На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць публіцыст Вадзім Казначэеў і палітоляг Андрэй Фёдараў

Ці прыціснула Масква Лукашэнку?

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Паводле вэрсіі Крамля, вынікі перамоваў выглядаюць даволі спрыяльна для Расеі. З таго, што стала вядома СМІ, абмяркоўваліся акурат тыя пытаньні, якія хацела абмяркоўваць Масква. А такія тэмы, як расейскі крэдыт, доступ беларускіх тавараў на расейскія рынкі прэзыдэнты нібыта не абмяркоўвалі. Так, прынамсі, паведамляюць расейскія крыніцы з перамоваў. Ці можна сказаць, што Масква знайшла свае козыры і націснула на Лукашэнку?

Фёдараў: Я не зусім упэўнены, што гэтыя тэмы не абмяркоўваліся. Сёньня раніцай у расейскім выданьні “Коммерсант” былі зьвесткі з крыніцаў з расейскага кіраўніцтва пра тое, што якраз такія тэмы і зьбіраюцца абмяркоўваць прэзыдэнты. І я не ўпэўнены, што гэта засталося па-за межамі іхняй размовы.
Тое, што Беларусь нібыта пагадзілася на вяртаньне ў АДКБ – тут нічога дзіўнага. Мы ведаем, што ў верасьні у Беларусі будуць праходзіць буйныя вайсковыя вучэньні, і ўжо гучалі зьвесткі, што Мядзьведзеў павінен на іх прысутнічаць. Было б незразумела, калі б два лідэры сустрэліся на вучэньнях, а паміж імі былі б рознагалосьсі па іншых вайсковых пытаньнях, я маю на ўвазе АДКБ. Гэта чакалася. Таму казаць, што Масква нешта “праціснула”, я б не стаў.

Цыганкоў: Вадзім, ці лічыце вы, што Аляксандар Лукашэнка, прыехаўшы ў Менск, можа расставіць усе акцэнты па-свойму наконт ацэнкі гэтай сустрэчы?

Вадзім Казначэеў
Казначэеў:
Я не выключаю такога варыянту, але не лічу яго вельмі верагодным. Не абавязкова верыць крамлёўскай крыніцы і думаць, што названыя пытаньні падчас сустрэчы не ўздымаліся. Хутчэй, бакі проста не прыйшлі да паразуменьня. То бок Лукашэнка зноў цягне час з прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. А для прэсы выклалі толькі тое, у чым яны да згоды прыйшлі.
У любым выпадку я б не трактаваў вынікі сустрэчы як “Масква даціснула Лукашэнку”. Мы ведаем, што Лукашэнка часам манэўруе і дае авансы. У момант газавай вайны ён, калі трэба было, адкруціў назад. Таму ў такім пытаньні як АДКБ ён цалкам мог пайсьці на кампраміс – гэта ня тая рэч, якая да чагосьці абавязвае.

Цыганкоў: Сапраўды, калі б удалося прыйсьці да згоды ў пытаньні прызнаньня Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, названыя ці “неназваныя” крыніцы абавязкова б пра гэта заявілі. Калі такой інфармацыі няма, відавочна, што тут дамовіцца не ўдалося.

Казначэеў: Я думаю, гэта так. Але мяркую, што Лукашэнка ў сваёй звычайнай манэры ня даў і ніякага адмоўнага адказу. Маўляў, будзем вывучаць, думаць, разгледзім і гэтак далей. Але таго, каб Беларусь адразу прызнала – Мядзьведзеў гэтага не дабіўся.

“У беларускага боку таксама ёсьць свае козыры”

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што пазыцыі Лукашэнкі сёньня выглядаюць не такімі моцнымі як раней? Беларусь хоча атрымаць ад Расеі крэдыт, Беларусь моцна залежыць ад доступу тавараў на расейскі рынак. Ці не спрыяе ўсё гэта таму, каб Лукашэнка больш быў схільны дамаўляцца, чым раней?

Андрэй Фёдараў
Фёдараў:
Фармальна кажучы, гэта так. Але зь іншага боку, Масква вельмі пільна адсочвае паводзіны Беларусі з Захадам і вельмі нэрвуецца з гэтай нагоды. Масква вельмі баіцца, што Беларусь пойдзе на Захад, і Расея застанецца непрыкрытая ў вайсковым сэнсе – хаця гэта ня што іншае як фобіі. Таму ў беларускага боку таксама ёсьць свае козыры.

Лукашэнку цяпер, сапраўды, ня вельмі лёгка. Відавочна, пытаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі падчас сустрэчы ўздымалася, бо ўчора Пуцін казаў пра тое, што менавіта ад Беларусі Масква чакала прызнаньня. Але гэтымі днямі ў Менску была місія МВФ, і як паведамлялася, беларускія ўлады пагадзіліся на ўмовы Фонду. Гэта паказвае, што Менск спадзяецца і на Захад, і ня можа адназначна ісьці на павадку ў Масквы, бо ў кіраўніцтве МВФ шмат галасоў маюць краіны Эўропы і ЗША. Таму ёсьць і пэўная контргульня.
Наколькі доўга Менску ўдасца адбівацца? Цяжка сказаць, але пакуль ня будуць пабудаваныя нафта-і газаправоды, што ідуць у абыход Беларусі, -- шанцы ёсьць пратрымацца і знайсьці нейкі выхад на Захад.

Мядзьведзеў у ролі “добрага сьледчага”

Цыганкоў: Ці не ствараецца ўражаньне, што Дзьмітры Мядзьведзеў ставіцца да Лукашэнкі ня так як Пуцін? Агульнавядома, што ў Пуціна з Лукашэнкам былі дастаткова напружаныя адносіны. А Мядзьведзеў і сустракаецца часта, і не дапускае такіх выказваньняў, як Пуцін. Ці ёсьць падставы для такіх меркаваньняў?

Казначэеў: У Мядзьведзева такая агульная роля ў гэтым тандэме з Пуціным– “добрага сьледчага”. Ён больш лагодна ставіцца да ўсіх – Захаду, унутранай апазыцыі, у тым ліку і Лукашэнкі. Сапраўды, тых абразьлівых заяваў, якія рабіў Пуцін на адрас Лукашэнкі, Мядзьведзеў не дапускае.

Што да прыезду на вучэньні Захад 2009, то Мядзьведзеў зацікаўлены ў гэтым ня менш за Лукашэнку. І я лічу, што пра нейкае асаблівае стаўленьне гэта ня сьведчыць – гэта проста такая ролевая гульня
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG