На зьмену скандальнай пастанове Саўміну № 991, што праіснавала лічаныя дні, якая абмяжоўвала імпарт у Беларусь, урад выдаў новую – нумар 1000. Днямі высьветлілася, што яна была падпісаная месяц таму, 29 ліпеня, але з-за грыфу “Для службовага карыстаньня” афіцыйна не абнародаваная дагэтуль. Што стаіць за гэтай “анты-імпартнай” пастановай, чаму яна дагэтуль трымаецца ў сакрэце?
Нягледзячы на тое, што некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі пацьвердзілі існаваньне пастановы Саўміну № 1000 — у прыватнасьці, начальнік галоўнай управы прамысловасьці, транспарту і сувязі Міністэрства эканомікі Ўладзімір Дзернавы паведаміў, што яна выклікана недахопам валютных сродкаў, — урад ніякіх камэнтароў не дае. Гутару з кіраўніком прэсавай службы Савету Міністраў Аляксандрам Цімашэнкам:
Карэспандэнтка: “Што тычыцца пастановы № 1000, яна існуе ў прыродзе?”
“Не магу вам адказаць на гэтае пытаньне. Таму што ў мяне ёсьць толькі база пастаноў, яна адпавядае той базе, якая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь”.
Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук наконт завесы сакрэтнасьці выказаўся так:
“Чаму яны парушаюць закон? У базе дадзеных www.pravo.by ідзе пастанова № 999, а за ёй адразу № 1001. А дзе № 1000? Чаму яны зрабілі зь яе таямніцу?
Гэта скандал. Калі чыноўнікі хацелі нешта зрабіць, няхай робяць адкрыта. Яны могуць быць лібэраламі і рыначнікамі толькі ў перамовах з МФВ, які зьяўляецца нашым крэдыторам і апошняй надзеяй. На жаль, са сваім бізнэсам, са сваімі прадпрымальнікамі яны працягваюць размовы з пазыцый дзяржаўнага пляну і дзяржаўнага збыту”.
Яраслаў Раманчук падкрэсьліў, што ўрад зноў уключае адміністрацыйныя рычагі замест эканамічных.
А вось для старшыні Беларускай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктара Маргелава пастанова ня сталася нечаканасьцю.
Старшыня Беларускай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў:
“Для нас не было сакрэтам, што яны рыхтуюць яе прыкладна з такім зьместам. Але паколькі наўпрост інтарэсы прыватнага бізнэсу ўшчэмленыя, таму што яны працуюць зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, тут мы актыўна супрацьдзейнічаць быццам бы і не маглі”.
Сутнасьць дакумэнту такая: суб'екты гаспадараньня павінны ўзгадняць куплю імпартных тавараў з кіраўніцтвам дзяржаўных органаў кіраваньня (міністэрствамі, ведамствамі, выканкамамі). Праўда, у тэксьце пастановы не ўдакладняецца, на прадпрыемствы якой формы ўласнасьці распаўсюджваецца гэты дакумэнт. Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа:
“Там, прынамсі, толькі адна такая “загваздка”: што кожны закуп будзе ажыцьцяўляцца пры ўзгадненьні з урадам, выканкамам альбо іншым органам улады. Будзе вельмі дрэннае жыцьцё для дзяржаўных прадпрыемстваў, а прыватныя прадпрыемствы і так ужо ня маюць магчымасьці свабодна купляць валюту, каб забясьпечыць свой імпарт”.
Да добрага гэта ўсё адно не прывядзе
Наконт эфэктыўнасьці пастановы № 1000 старшыня Беларускай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў выказаў такое меркаваньне:
“Баюся, што да добрага гэта ўсё адно не прывядзе. Разумеем мы сытуацыю, у якой краіна апынулася, але, думаю, гэта далёка ня лепшы захад, які мог быць зроблены ў гэтай сытуацыі. Глябальна сытуацыю з адмоўным сальда мы такой пастановай ня вырашым”.
І эканамісты, і прадпрымальнікі пакуль не гатовыя прагназаваць, ці зможа пастанова сапраўды абмежаваць імпарт. Але што ўсялякіх узгадненьняў і валакіты будзе больш — адназначна.