Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі экспарт: адкат па ўсіх пазыцыях


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі канстатуе пагаршэньне гандлёвага балянсу дзяржавы амаль па ўсіх пазыцыях.

Так, па выніках за 6 месяцаў 2009 году аб’ём зьнешняга гандлю склаў толькі 60% да ўзроўню аналягічнага пэрыяду летась, а паказьнік экспарту беларускіх тавараў за той жа час ледзь пераадолеў 50-працэнтную адзнаку. Паводле афіцыйнай статыстыкі, адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі ўшчыльную наблізілася да 4 мільярдаў даляраў.

Агульны аб’ём экспартных паставак у студзені-чэрвені 2009 году склаў 9 мільярдаў даляраў, што напалову меней, чым за І паўгодзьдзе 2008-га. Імпартавана прадукцыі амаль на 13 мільярдаў даляраў — 66% да мінулагодняга паказьніка. У выніку адмоўнае сальда зьнешнегандлёвай дзейнасьці павялічылася ў 1,8 раза. Намесьнік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Віктар Міхно кажа, што летась, калі ўхвалялі бюджэт, урад маляваў зусім іншую карціну:
аб’ём экспарту зьнізіўся на 47% ...

“Такім чынам, вынікі зьнешняга гандлю за першае паўгодзьдзе, шчыра скажам, нездавальняючыя. Асабліва ў параўнаньні з тым, як гэта было на працягу папярэдніх гадоў. Вельмі далёкія ад прагназаваных паказьнікі па экспарце тавараў. Фактычна аб’ём экспарту зьнізіўся на 47%, тады як прагназаваўся рост на 18,5%. І сальда зьнешняга гандлю таварамі за 6 месяцаў бягучага году склала 97,1% ад паказьніка, які прагназаваўся на ўвесь год. То бок мы амаль дасягнулі гадавой мяжы за 6 месяцаў”.

Спадар Міхно прычыны скарачэньня экспарту ўжо тлумачыць залежнасьцю беларускай эканомікі ад сусьветных працэсаў. І паралельна ілюструе гандлёвы адкат канкрэтнымі прыкладамі:

экпарт ад агульнага аб'ему:

  • грузавых аўтамабіляў - 14,9%
  • мэталаапрацоўчых станкоў — 29,3%,
  • рухавікоў унутранага згараньня —– 31,1%,
  • трактароў — 57,8%,
  • халадзільнікаў і маразільнікаў — 66,1%

“Першая і найважнейшая прычына – разьвіцьцё крызісных зьяваў у сусьветнай эканоміцы. І як вынік — падзеньне попыту на прадукцыю беларускай вытворчасьці, што прывяло да значнага скарачэньня экспарту па многіх відах тавараў. У студзені-чэрвені бягучага году грузавых аўтамабіляў, уключна зь сядзельнымі цягачамі, экспартавана ў колькасным вымярэньні 14,9% ад аб’ёмаў паставак за адпаведны пэрыяд мінулага году. Калійных угнаеньняў — 25, 1%, мэталаапрацоўчых станкоў — 29,3%, рухавікоў унутранага згараньня —– 31,1%, трактароў — 57,8%, халадзільнікаў і маразільнікаў — 66,1%. То бок вось такое адчувальнае адбылося зьніжэньне ў экспарце”.

І хоць сьпіс асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі традыцыйна ўзначальвае Расейская Фэдэрацыя, аб’ём узаемных паставак і тут істотна зьнізіўся. Так, экспарт у Расею за першае паўгодзьдзе склаў у грашовым вымярэньні 2 мільярды 960 мільёнаў даляраў, тым часам як за 6 месяцаў летась — 5 мільярдаў 570 мільёнаў даляраў. Звужэньне прысутнасьці на расейскім рынку — 47%.

Праваленыя пазыцыі практычна па ўсіх кірунках. За 6 месяцаў у Расею пастаўлена

  • 686 грузавых аўтамабіляў, што складае 14% да аналягічнага мінулагодняга пэрыяду.
  • Сядзельных цягачоў рэалізавана яшчэ меней — 214 (6% у параўнаньні з І паўгодзьдзем 2008-га).
  • Тэлевізараў, манітораў, праектараў прададзена 37 тысяч адзінак (19%),
  • дарожнай і будаўнічай тэхнікі — 391 (20%),
  • рухавікоў унутранага згараньня — 11 тысяч (31%),
  • чорных мэталаў — 139 тысяч тон (39%),
  • трактароў — крыху больш за 8 тысяч (55%).

З улікам паказьніка імпарту з Расеі (пераважна гэта закупы энэргарэсурсаў) адмоўнае сальда перавысіла 4,5 мільярда даляраў.

У такой сытуацыі ўсё больш надзённым выглядае пошук рынкаў збыту, альтэрнатыўных расейскаму. Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі сёньня заявіў: толькі за апошні час “заваявана” больш за дзясятак новых краінаў, дзе беларуская прадукцыя карыстаецца добрым попытам. Як патлумачыла намесьніца начальніка ўпраўленьня статыстыкі гандлю Нацыянальнага статыстычнага камітэту Алена Барушка, перадусім гэта тычыцца афрыканскіх дзяржаваў. Аднак аптымізм кіраўніка ўраду спадарыня Барушка лічыць дачасным:
экспарт вырас у Гамбію, Гану, Этыёпію, Уганду ...

“Ёсьць такія рынкі, хоць назваць іх заваяванымі, напэўна, складана. Актыўна працуюць арганізацыі Міністэрства прамысловасьці. У прыватнасьці, з мэталюргічнай прадукцыяй нядрэнна асвойваецца афрыканскі рынак. То бок ёсьць шэраг краінаў, куды дагэтуль ніколі не накіроўвалася беларуская прадукцыя, а сёньня наша прысутнасьць там адчувальная. Прыкладам, Гамбія. Дагэтуль не было ўвогуле ніякіх паставак, а цяпер таваразварот складае 3,5 мільёна даляраў. У Гану экспарт вырас удвая — ад 2,5 да 5 мільёнаў даляраў, у Этыёпію – ад 400 тысяч да 2,3 мільёна даляраў. З Угандай – 4,3 мільёна даляраў пры адсутнасьці паставак у мінулым годзе. То бок рост істотны. Казаць, што гэта ўстойлівая тэндэнцыя, напэўна, яшчэ рана, але пошук рынкаў збыту, асабліва па мэталюргічнай прадукцыі, вядзецца. І вядзецца досыць эфэктыўна, пра што сьведчаць і статыстычныя дадзеныя”.

Незалежныя экспэрты прагназуюць пагаршэньне сытуацыі з рэалізацыяй беларускай прадукцыі за межамі Беларусі. Як і ў выпадку з Расеяй, іншыя дзяржавы пераглядаюць эканамічную палітыку на карысьць мясцовых вытворцаў. Карэктуюцца пазыцыі так званага крытычнага імпарту – гэта тое, што з розных прычынаў на тэрыторыі пэўнай краіны не прадукуецца. Ва ўмовах эканамічнага крызісу ўсе хочуць прадаць і абмежавацца ў траце сродкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG