Прэсавая служба кіраўніка Беларусі распаўсюдзіла ягоныя выказваньні пра сёньняшнюю сустрэчу ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведевым.
Вытрымкі з выказваньняў Лукашэнкі:
“Мы змаглі абмеркаваць усе праблемныя пытаньні, якія перад намі былі. Вынік: магу сказаць, у мяне склалася ўражаньне, што ў нас з Расеяй больш такіх пэрыядаў, як быў, ня будзе”.
“Мы дамовіліся аб тым (…), што прэзыдэнт Расеі прыедзе да нас у верасьні. На нашы сумесныя беларуска-расейскія вучэньні, самыя маштабныя, нягледзячы на крызіс. Гэта беларуска-расейская групоўка на заходнім напрамку, аснову якой складае беларуская армія. Вучэньні будуць прысьвечаны функцыянаваньню гэтай групоўкі: наколькі яна эфэктыўная, наколькі можа абараняць нашы заходнія рубяжы”.
У нас з Расеяй больш такіх пэрыядаў, як быў, ня будзе
“АДКБ. Я яшчэ раз падкрэсьлю: мы прыхільнікі інтэграцыі на постсавецкай прасторы ва ўсіх сфэрах. (…) Таму не прыняць гэты дакумэнт у Беларусі проста не могуць. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы шмат уклалі ў (…) саму сутнасьць гэтай дамовы. Па-другое, ён жа рамачны, нам баяцца тут абсалютна няма чаго”.
“Другая вострая тэма па АДКБ - гэта старшынёўства Беларусі. Чаго адмаўляцца, калі табе гэтую ганаровую місію прапаноўваюць? Паўгоду мы не працавалі ў якасьці старшыні, таму вырашылі ўзяць на сябе абавязак старшынства і на наступны тэрмін. (..) Нам трэба фармалізаваць гэты працэс юрыдычна. Напэўна, гэта будзе зроблена з дапамогай заявы беларускага боку, і мы возьмем на сябе старшынёўства”.
“У свой час заключылі пагадненьне з Расейскай Фэдэрацыяй пра стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Мы вельмі дакладна дамовіліся, што асноўная ролю на заходнім напрамку ў сумеснай СПА належыць беларускай СПА, яе трэба мадэрнізаваць, трэба падтрымліваць”.
Ужо з 2010 года Расея адкрые крэдытную лінію
“Па дамове паміж Беларусьсю і Расіяй аб будаўніцтве АЭС. Была дасягнута прынцыповая дамоўленасьць, што Расейская Фэдэрацыя будзе крэдытаваць гэты праект. Цяпер узгадняецца канчатковая сума крэдыту, і мы дамовіліся, што ўжо з 2010 года Расея адкрые крэдытную лінію”.
“Таксама мы абмяркоўвалі «малочныя» праблемы, якія ў нас былі. Трэба складаць балянс паставак прадукцыі. Але зноў жа, каб не было такіх канфліктаў, трэба сыходзіць ад квот”.
“Мы ўрэгулюем пытаньні па разьліку за прыродны газ. Тут у нас праблем не будзе”.
“Мы краналіся, абмяркоўваючы тыя ці іншыя праблемы, заходняга вэктара, таго, як у нас складваецца дыялёг з Захадам. (...) Мы разьвівалі, і будзем разьвіваць наша супрацоўніцтва з Эўропай, Амэрыкай, таму што ў цэлым гэта той жа тавараабарот, што і з Расеяй. Дзьмітры Анатольевіч з вялікім разуменьнем адрэагаваў, сказаў, што на тое і дзяржава, і кіраўніцтва гэтай дзяржавы, каб цікавасьць падтрымліваць у той частцы плянэты, перш за ўсё ў Эўропе. Таму што Беларусь -- цэнтар Эўропы, так было сказана прэзыдэнтам Расеі".