Бэлька: “Ніякай дэвальвацыі. Прынамсі ў агляднай будучыні”

Марэк Бэлька

Міжнародны валютны фонд не выступае з рэкамэндацыяй правесьці ў Беларусі дэвальвацыю нацыянальнай валюты, заявіў кіраўнік Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Марэк Бэлька.

“Мне паведамілі, што існуюць няправільная інтэрпрэтацыя нашых слоў пра палітыку курсаўтварэньня і спэкуляцыі вакол магчымага курсу беларускага рубля”, — заявіў Марэк Бэлька.

“Мяркую, што дзейны рэжым курсаўтварэньня правільны”, — заявіў ён. Паводле словаў Бэлькі, такі рэжым “забясьпечвае стабільнасьць і некаторую абмежаваную неабходную гнуткасьць”, перадае Інтэрфакс.

“Мы не абмяркоўвалі і не рэкамэндавалі зьмяняць гэты рэжым… Наадварот, праграма эканамічнай палітыкі, якую мы падтрымліваем, накіраваная на ўмацаваньне сыстэмаў і ўмацаваньне стабільнасьці вашай валюты”, — запэўніў прадстаўнік МВФ.

“Калі казаць наўпрост — ніякай дэвальвацыі. Прынамсі ў агляднай будучыні”, — заявіў кіраўнік Эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Марэк Бэлька.

Магчыма новая праграма

Марэк Бэлька таксама не выключае, што ў 2010 годзе МВФ распрацуе для Беларусі новую праграму, якая будзе сканцэнтраваная на мацаваньні эканамічнага патэнцыялу краіны ў пасьлякрызісны пэрыяд.

“Ёсьць магчымасьць, што будзе ўзгоднена наступная праграма. Аднак гэта залежыць ад дзеяньняў і намераў беларускага ўраду, а таксама сытуацыі ўнутры краіны і па-за яе межамі”, — заявіў Бэлька.

Пра дэталі казаць “яшчэ рана: мы яшчэ знаходзімся ў сярэдзіне рэалізацыі першай праграмы”.

Марэк Бэлька знаходзіцца зь візытам у Беларусі да 26 жніўня. Ён займаецца кансультацыямі па артыкуле IV статуту фонду. Гэты артыкул прадугледжвае перадачу неабходнай інфармацыі для штогадовага агляду разьвіцьця эканомікі краіны-чальца МВФ за папярэдні год.

Ад 18 жніўня па 2 верасьня ў Беларусі працуе група экспэртаў МВФ на чале з кіраўніком місіі фонду Крыстафэрам Джарвісам. Яны праводзяць кансультацыі ў рамках чарговага квартальнага агляду разьвіцьця беларускай эканомікі.

Місія ацэньвае, як урад Беларусі выконвае праграму, падтрыманую крэдытам stand-by памерам у 3,52 мільярда даляраў ЗША.


Марэк Бэлька — вядомы ў міжнародных фінансавых кругах эканаміст, прафэсар
1990—1996 гг. — кансультант Міністэрства фінансаў Польшчы;
1997, 2001—2002 гг. — міністар фінансаў Польшчы;
2004—2005 гг. — прэм'ер-міністар Польшчы;
2006—2008 гг. — намесьнік генэральнага сакратара ААН — выканаўчы сакратар Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН.
Ад 2008 году — дырэктар эўрапейскага дэпартамэнту МВФ.