“Навошта беларусам ісьці ў зямлянкі?”

Учора падчас гутаркі з журналістамі ў Талачынскім раёне Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў пра дачыненьні з Расеяй і Захадам. Ці пагражае хто незалежнасьці Беларусі? Чаму беларускаму лідэру не падабаюцца ўмовы, якія выстаўляе Захад? Якія пэрспэктывы адносінаў з Расеяй?

Удзельнікі: палітолягі Андрэй Фёдараў і Алесь Лагвінец.

Ці пагражае хто незалежнасьці Беларусі?


Валер Карбалевіч
: “У зямлянкі пойдзем, але сувэрэнітэт і нармальнае жыцьцё людзям забясьпечым”, — заявіў Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі. Хто пагражае Беларусі ў такой ступені, каб беларусам трэба было ісьці ў зямлянкі? Здаецца, наадварот: цяпер, калі дачыненьні з Захадам паляпшаюцца, у Беларусі ўвогуле не застаецца ворагаў. Навошта такое нагнятаньне напружанасьці?”

Андрэй Фёдараў
: “Гэта выцякае з настрою Лукашэнкі. Гэта ня першае выказваньне наконт гэтага. Месяц таму ён у інтэрвію аўстрыйскай газэце “Die Presse” таксама згадвае зямлянкі. Але там гаворка ішла пра пагрозу сувэрэнітэту з боку Расеі. Гэта элемэнт падсьвядомага мысьленьня, скіраванага на тое, каб насельніцтва адчувала сябе ў аблозе. У такой сытуацыі прасьцей кіраваць. Бо насамрэч ніякай пагрозы Беларусі з боку Захаду няма, і афіцыйны Менск гэта выдатна разумее”.

Алесь Лагвінец
: “Лукашэнка ў сваім рэпэртуары. Ён часта паўтарае тэзы пра зямлянкі і поўзаньне на каленках. Але ўзьнікае калізія паміж абяцаньнямі пабудаваць для беларусаў нармальнае жыцьцё — і зямлянкамі. Улады ня здольныя выканаць свае абяцаньні народу. Таму яны кідаюцца ў розныя бакі, імкнуцца гуляць на супярэчнасьцях паміж Усходам і Захадам, спрабуючы штосьці вытаргаваць”.

Чаму беларускаму лідэру не падабаюцца заходнія ўмовы?


Карбалевіч: “Падаецца, мы назіраем рэшткі былой ідэалёгіі крэпасьці ў аблозе, калі ўлады сьвядома распальвалі варожасьць да Захаду, асабліва напярэдадні важных электаральных кампаній. Але цяпер адбываецца паляпшэньне дачыненьняў з ЭЗ, антызаходняя прапаганда спынілася.

Лукашэнка жорстка выказаўся наконт умоваў, якія ставіць Захад адносна дэмакратызацыі Беларусі. Фактычна ён сказаў, што будзе трымацца за ўладу, а апазыцыя яе не атрымае. То бок усе спадзяваньні, якія былі сярод эўрапейскіх і беларускіх палітыкаў, што паляпшэньне дачыненьняў з ЭЗ прывядзе да зьменаў палітычнага клімату ўнутры краіны, марныя. Наадварот, Лукашэнка выкарыстоўвае новы трэнд дзеля ўмацаваньня сваёй улады”.

Фёдараў: “Чаму гэтая тэма ўзьнікла? Падаецца, зь дзьвюх прычын. Па-першае, нядаўна Менск наведаў памочнік дзяржсакратара ЗША Гордан. Ягоныя выказваньні сьведчаць, што Злучаныя Штаты не зьбіраюцца мяняць свайго стаўленьня да беларускіх уладаў. Больш за тое, ЗША зьбіраюцца схіліць і ЭЗ да сваёй лініі.

Па-другое, зьмена рыторыкі адносна Захаду выклікана плянаванай сустрэчай зь Мядзьведзевым. Перад сустрэчай з адным геапалітычным суседам ідзе крытыка на адрас другога. І наадварот”.

Балянсаваньне паміж Расеяй і ЭЗ


Карбалевіч: “Ёсьць прыклады іншай мадэлі паводзінаў. Ня раз было так, што напярэдадні сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Лукашэнка дэманстратыўна рабіў жэст у бок Захаду. Напрыклад, на пачатку 2008 году перад паездкай у тыя ж Сочы прэзыдэнт Беларусі прыняў нямецкага амбасадара Вайса. А ў жніўні, зноў жа перад паездкай у Сочы, ён вызваліў Казуліна, што зьявілася жэстам у бок Захаду. Гэта ўмацоўвала пазыцыі Лукашэнкі перад перамовамі з расейскімі лідэрамі. Маўляў, глядзіце, у мяне ёсьць поле для манэўра, таму ня вельмі цісьніце на мяне”.

Фёдараў: “Усё залежыць ад абставінаў. Мінулы год кіраўніцтва Беларусі было занепакоена палітыкай Расеі на Каўказе. Таму Лукашэнка і спрабаваў атрымаць нейкую заходнюю страхоўку. Сёлета сытуацыя іншая. Паколькі дачыненьні з Расеяй сапсаваныя, Лукашэнка імкнецца залагодзіць Маскву”.

Лагвінец: “Такая бравада Лукашэнкі носіць апераджальны характар. Увосень ЭЗ павінен прыняць рашэньне пра візавыя санкцыі. Таму Лукашэнка наперад задае кантэкст узаемадачыненьням. Саступак у бок дэмакратызацыі ня будзе. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, у Беларусі ня будзе свабодных і дэмакратычных выбараў.

Фонам візыту Лукашэнкі ў Сочы можа стаць сёньняшняя заява амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ліхавога, што да канца году можа адбыцца сустрэча ўкраінскага і беларускага кіраўнікоў. Гэта ня можа не насьцярожваць Расею”.

Прэзыдэнцкія выбары: ці канфліктагенны гэта чыньнік у адносінах з Захадам?


Карбалевіч: “Падчас прэзыдэнцкіх выбараў узмоцніцца палітычная напружанасьць у краіне, рэпрэсіі супраць апазыцыі. Як гэта паўплывае на дачыненьні з Захадам?”

Фёдараў: “Чакаць значнага паляпшэньня адносінаў з Захадам не выпадае. Шмат будзе залежыць ад унутрыпалітычнай сытуацыі, найперш — эканамічнага становішча. Калі яно пагоршыцца, пачнуцца эканамічныя хваляваньні, улады прымуць жорсткія меры, не зважаючы на рэакцыю Захаду. Бо ўлада даражэй”.

Лагвінец: “Лукашэнка казаў раней, што любая выбарчая кампанія дэстабілізуе сытуацыю ў краіне. Бо падчас такой кампаніі Беларусь знаходзіцца амаль у вайсковым становішчы, узмацняюцца рэпрэсіі супраць апанэнтаў. І Захад не стрымае беларускія ўлады. Магчыма, толькі пасьля выбараў Менск пачне дасылаць на Захад станоўчыя сыгналы”.

Дачыненьні з Расеяй


Карбалевіч: “Якія высновы можна зрабіць з выказваньняў Лукашэнкі пра дачыненьні з Расеяй? Была інфармацыя, што ў верасьні падчас вялікіх беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў Мядзьведзеў прыедзе ў Беларусь. Чаму Лукашэнка не дачакаўся гэтага візыту, а сам едзе ў Сочы для сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі?”

Фёдараў: “Відаць, насьпелі тэрміновыя пытаньні. Гэта прызнаньне Беларусьсю Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, удзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”, падпісаньне Менскам пагадненьня аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) у АДКБ. У першых двух пытаньнях Лукашэнка не саступіць, бо хоча падтрымліваць дыялёг з Захадам. А вось у пытаньні КСАР Менск можа саступіць. Тым больш што Захад ня надта турбуецца з гэтай нагоды, бо лічыць, што КСАР не становяць для яго пагрозы”.

Лагвінец: “Пакуль незразумела, які бок ініцыяваў сустрэчу ў Сочы ці настойваў на ёй. Думаю, там гаворка будзе ісьці пра пэўны пакт аб ненападзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Лукашэнка ў парадку торгу можа паставіць пад пытаньне правядзеньне на тэрыторыі Беларусі гэтых вайсковых вучэньняў”.