Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовы Лукашэнка аддаць уладу?


Ці азначаюць словы Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію аўстрыйскай газэце Die Presse, што ён гатовы праз пэўны час аддаць уладу? Дзеля чаго беларускі прэзыдэнт сьцьвярджае, што ўплыў Расеі на постсавецкай прасторы зьмяншаецца? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч і аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Аляксандар Старыкевіч
Паўлюк Быкоўскі
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “Сярод шэрагу заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію аўстрыйскай газэце Die Presse, бадай, найбольшую ўвагу многіх людзей прыцягнулі наступныя выказваньні. На пытаньне, ці будзе праз 10 гадоў Аляксандр Лукашэнка прэзыдэнтам Беларусі, кіраўнік дзяржавы адказаў: „Наўрад ці. Я думаю, да гэтага часу вырастуць новыя людзі, якія возьмуць у рукі краіну і павядуць яе“. Бадай, упершыню Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што не зьбіраецца кіраваць краінай вечна. Наколькі сур’ёзна вы ўспрымаеце гэтую заяву, ці можна лічыць, што Лукашэнка ўжо запускае ў грамадзтва ідэі аб пераемнасьці ўлады?”

“Лукашэнка ня даў абяцаньня
не абірацца на наступны тэрмін”


Старыкевіч: “Мне падаецца, што гэта толькі словы, якія хутчэй скіраваныя на іншае. Маўляў, ня трэба намагацца адхіліць мяне ад улады — я сыду і сам. Але, на маю думку, Лукашэнка ня сыдзе ад улады ніколі. А заявы накшталт гэтай рабіліся і раней.

Калі памятаеце, недзе ў 2002-2003 годзе Лукашэнку таксама задавалі пытаньне, ці будзе ён балятавацца — яшчэ задоўга да рэфэрэндуму, які зьмяніў Канстытуцыю і даў Лукашэнку права вылучацца неабмежаваную колькасьць разоў. І ён какетліва адказваў — пабачым, маўляў, як вырашыць народ. Дарэчы, гэтае “як вырашыць народ” прагучала і цяпер.

Так што гэта толькі гульня, якая зараз адрасаваная часткова Захаду, часткова тутэйшаму люду. Аднак ня думаю, што гэтыя словы Лукашэнкі можна ўспрымаць як нейкую гарантыю таго, што праз 10 гадоў ён складзе свае паўнамоцтвы”.

Быкоўскі: “Сапраўды, словы Лукашэнкі ня трэба ўспрымаць вырванымі з кантэксту. Варта заўважыць, што гэта быў адказ на пытаньне аўстрыйскага журналіста, які зьвярнуў увагу, што дэмакратыя палягае на тым, што ўлада мяняецца, і закінуў Лукашэнку, што ў вас там, у Беларусі, нібыта як манархія. Нібыта вы там сына маладзейшага ў якасьці пераемніка разглядаеце. І вось на гэта Лукашэнка адказвае, што гэта немагчыма і гэтак далей. І калі задаецца пытаньне, як ён бачыць Беларусь праз 10 гадоў і хто ў краіне будзе прэзыдэнтам, то Лукашэнка адказвае ўжо ня вельмі адназначна. З аднаго боку, кажа — “прыйдуць іншыя людзі”, з другога — “як вырашыць народ”.

З аднаго боку, што сапраўды абяруць таго, каго выбера народ. А з другога — маўляў, ніхто не забярэ ў народа права абраць Лукашэнку на чарговы наступны тэрмін.
Тут можна зразумець па-рознаму. З аднаго боку, што сапраўды абяруць таго, каго выбера народ. А з другога — маўляў, ніхто не забярэ ў народа права абраць Лукашэнку на чарговы наступны тэрмін. Так што прэзыдэнт Беларусі не захацеў гуляць ролю нейкага самаробнага манарха, і, з другога боку, Лукашэнка ня даў абяцаньня не абірацца на наступны тэрмін.

Што да журналістаў Die Presse, то газэта надрукавала інтэрвію з Лукашэнкам пад загалоўкам “Апошні дыктатар Эўропы ў пошуках грошай”. Таму пераканаць журналістаў, што ён дэмакрат, Лукашэнку не ўдалося”.

Цыганкоў: “Але Аляксандар Лукашэнка мог бы проста адказаць нейкімі агульнымі фразамі, не казаць канкрэтна, прынамсі не гаварыць пра тое, што вось „вырастуць новыя людзі, якія возьмуць у рукі краіну і павядуць яе“. Нагадаем, што на наступны дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнку задалі пытаньне пра трэці тэрмін, ён адказаў — „нічога немагчымага няма“. То бок пачаў рыхтаваць грамадзкасьць менавіта да такога варыянту. У мяне ёсьць уражаньне, што гэтымі словамі ў інтэрвію Die Presse Лукашэнка пачынае рыхтаваць грамадзкасьць да таго, што ён праз пэўны час перадасьць уладу. Чаму вы не згаджаецеся з такой трактоўкай, Паўлюк?”

Быкоўскі: “Бо я ня бачу падставаў для такой інтэрпрэтацыі. Была такая традыцыйная “полька”, у якой прадугледжаныя пэўныя крокі партнэраў. Пытаньне: “Ці праўда, што вы дыктатар?” Адказ: “Не, я не дыктатар”.

Што тычыцца Беларусі праз 10 гадоў, то Лукашэнка заняў пазыцыю, якая дазваляе яму рабіць што заўгодна. І нейкіх канкрэтных абяцаньняў тут няма“.

“Тое, што гаворыць Лукашэнка,
ня мае нічога супольнага з тым,
што ён зьбіраецца рабіць”


Цыганкоў: “Ці ўбачылі вы нешта новае ў гэтым інтэрвію ў расстаноўцы акцэнтаў наконт дачыненьняў з Расеяй, з Эўропай?”

Старыкевіч: “Я нічога новага не пачуў. Як звычайна, дасталося Эўразьвязу — на гэты раз за тое, што ён надта забюракратызаваны. Зноў ж Лукашэнка агучыў свой тэзіс, што нельга Менску выстаўляць нейкія ўмовы наконт дэмакратызацыі. Што да Расеі, то было больш-менш спакойна, хаця Лукашэнка і абяцаў прыпомніць гісторыю зь нявыдадзеным крэдытам на 500 мільёнаў даляраў.

Са словаў Лукашэнкі, як гэта часьцяком бывае, кожны можа выбраць, што яму падабаецца.
Са словаў Лукашэнкі, як гэта часьцяком бывае, кожны можа выбраць, што яму падабаецца.
Прыхільнік інтэграцыі — словы пра тое, што захоўваюцца перадумовы для стварэньня агульнай дзяржавы, і пра тое, што беларусы і расейцы — адзіны народ. Для тых, хто спадзяецца на збліжэньне з Захадам — пра выгоднасьць для Беларусі “Ўсходняга партнэрства” і гатоўнасьць ледзь не стварыць адзіную эканамічную прастору з Эўразьвязам.

Але тое, што гаворыць Лукашэнка, ня мае нічога супольнага з тым, што ён зьбіраецца рабіць, бо часта ён у межах адной прамовы выказвае зусім супярэчлівыя тэзісы.

Я б адзначыў выказваньне Лукашэнкі пра тое, што ўплыў Расеі на постсавецкай прасторы зьмяншаецца. Гэта можна разглядаць ня толькі як канстатацыю факту, але і як тлумачэньне некаторых наступных дзеяньняў…

Мне падалося вельмі цікавым выказваньне наконт мытных саюзаў. З аднаго боку, у Беларусі існуе мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, з другога — у межах “Усходняга партнэрства” мяркуецца зона свабоднага гандлю. І на пытаньне, як гэта магчыма сумясьціць, Лукашэнка даволі цікава адказаў, што прыярытэт будзе на тое, што раней можна будзе рэалізаваць“.

Цыганкоў: “Маўляў, бяжыце навыперадкі, прапаноўвайце нам лепшыя ўмовы?”

Быкоўскі: “Ну так, у гэтым кірунку. Гэта такі сыгнал Маскве і Брусэлю. Я ня ўпэўнены, што такія сыгналы будуць працаваць, але тое, што яны былі зробленыя, мне падаецца цікавым аспэктам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG