"Новае жыцьцё". 26-гадзінны маратон

У будынку храму менскай пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” 20 жніўня а 19 гадзіне стартаваў музычны маратон на знак салідарнасьці зь вернікамі, якія сёньня, паводле прысуду, да канца працоўнага дня мусілі аддаць ключы ад сваёй царквы судовым выканаўцам. Маратон працягнецца да 21 гадзіны 21 жніўня.

Your browser doesn’t support HTML5

Маратон у падтрымку "Новага жыцьця"




ФОТАГАЛЕРЭЯ


СЛУХАЦЬ:


Ля будынку храму знаходзіцца наша карэспандэнтка Любоў Лунёва.

Любоў Лунёва: Калі пачаўся маратон а 19 гадзіне, судовыя выканаўцы не зьявіліся. Цяпер 19.05. Каля храму ўся пляцоўка застаўленая аўтамабілямі. Спэцыяльны аўтобус адвозіць людзей у царкву са станцыі мэтро “Каменная горка”.

Людзі ўсе моляцца, пачынаюцца сьпевы. Кожная пратэстанцкая суполка мае свой музычны гурт, і гэтыя музыкі праехалі сюды. Маратон завершыцца заўтра а 21 гадзіне. Сюды прыехалі актывісты дзеля стварэньня партыі БХД, некалькі пратэстанцкіх пастараў. Людзі пад'яджаюць. Усю ноч будзе набажэнства і канцэрт.



Хачу адзначыць, што пакуль ішлі суды ад 2006 году і да цяперашняга часу, вернікі суполкі "Навае жыцьцё" зрабілі добрыя рамонт і зрабілі пры канцы будынку дзіцячую залю, дзе выстаўленыя малюнкі дзяцей. Сюды прывялі дзяцей, тым больш што цяпер вакацыі, яны таксама ўдзельнічаюць у гэтым маратоне, бацькі адвязуць іх дадому позна ўвечары. Даволі сьвяточная атмасфэра. Паводле неафіцыйных зьвестак, заўтра а 10 раніцы судовыя выканаўцы ўжо могуць прыйсьці разам з прадстаўнікамі сілавых структураў. Справа ў тым, што паколькі вернікі адмовіліся аддаць ключы ад будынку і даць расьпіскі, што яны вызваляюць памяшканьне, то чыноўнікі Менгарвыканкаму будуць заключаць дамову з судовымі выканаўцамі аб тым, што будынак ужо нібыта здадзены. Такім чынам вернікі, якія будуць заставацца ў будынку, будуць ужо – ў чужой маёмасьці".



Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін распавядае пра далейшы лёс царквы.

“21 жніўня “а 10 раніцы, судовыя выканаўцы плянуюць пачаць прымусовыя дзеяньні супраць нашай царквы. Першае, што яны зробяць – гэта, у прымусовым парадку, падпішуць акт прыёма-перадачы будынку, і пасьля гэтага да нас будуць ставіцца як да захопнікаў чужой маёмасьці.

Што яны будуць рабіць мы не ведаем, але закон ім дазваляе, у тым ліку, сілай ачысьціць будынак,” – сказаў Сяргей Луканін прэсавай службе БХД.

ГЛЯДЗЕЦЬ ЦАРКВУ “НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ” на МАПЕ


Вернікі-пратэстанты царквы “Новае жыцьцё” павінны былі да вечара 20 жніўня, на загад судовых выканаўцаў аддаць уладам Менску ключы ад будынку на менскай вуліцы Кавалёва ў мікрараёне Сухарава і пакінуць свой храм. Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што вернікі самастойна з храму не сыдуць. 50 пастараў падпісаліся сёньня пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць перасьлед вернікаў-пратэстантаў.


Ад 2005 года ўлады Менску спрабуюць адабраць у вернікаў будынак. Тады ўлады Менску пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку. У якасьці кампэнсацыі за будынак плошчай 1 700 квадратных мэтраў ім прапанавалі 37 з паловай мільёнаў рублёў (каля 16 000 даляраў).

У 2006 годзе вернікі “Новага жыцьця” трымалі галадоўку, да якой далучыліся пратэстанты іншых суполак. Тады пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы ў судзе вырашыць на карысьць вернікаў усе спрэчныя пытаньні. Судовыя працэсы цягнуліся тры гады, і ўрэшце суд адмовіў вернікам па ўсіх пазыцыях.

Суполка “Новае жыцьцё” належыць да хрысьціянаў поўнага Эвангельля, як і яшчэ тры найбуйнейшыя пратэстанцкія супольнасьці — баптысты, пяцідзясятнікі і адвэнтысты Сёмага дня.