Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зноў адбіраюць храм “Новага жыцьця”


Будынак царквы Новае жыцьцё
Будынак царквы Новае жыцьцё
Судовыя выканаўцы запатрабавалі ад вернікаў “Новага жыцьця” пакінуць будынак царквы да 21 жніўня. Яны ўручылі прадпісаньне, згодна зь якім вернікі мусяць за час па 20 жніўня ўключна вынесьці з будынка ўсю маёмасьць. У выпадку непадпарадкаваньня супраць іх будзе ўжытая сіла. Вернікі запэўнілі, што добраахвотна свой храм не аддадуць.

Вернікі царквы “Новае жыцьцё” зноў рыхтуюцца бараніць свой храм. Яшчэ 13 студзеня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў ім па ўсіх пазыцыях. Вернікі прасілі прызнаць незаконнымі дзеяньні гарадзкіх уладаў, якія спачатку пазбавілі іх зямельнага надзелу, а потым і будынка.

Нагадаем: 17 жніўня 2005 году гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым вырашылі адабраць будынак і выплаціць ім 37 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі за памяшканьне плошчаю 1700 квадратных мэтраў.

У кастрычніку 2006 году вернікі распачалі галадоўку, якую падтрымалі іншыя пратэстанты. Усяго галадалі каля 200 чалавек. Тады пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку запрасілі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Яго папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы станоўча вырашыць усе пытаньні вернікаў у гаспадарчым судзе.

Юрыст царквы Сяргей Луканін тры гады наведваў Вышэйшы гаспадарчы суд, які ўрэшце адмовіў вернікам:

Вячаслаў Ганчарэнка й Сяргей Луканін
“Яшчэ ў 2006 годзе судзьдзя менскага гаспадарчага суду Карамышаў прыняў рашэньне, якім прымусіў нашу царкву заключыць дамову куплі-продажу. З аднаго боку яго падпісаў Менгарвыканкам, а з другога — судзьдзя. Паводле дамовы, наш будынак прадалі за 37 з паловай мільёнаў рублёў.

Хутчэй за ўсё, потым Вышэйшы гаспадарчы суд атрымаў каманду пацягнуць час і рабіў гэта тры гады. Цяпер да нас прыйшлі судовыя выканаўцы і папярэдзілі, што нас высяляць прымусова, калі мы самі ня сыдзем”.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што ад чэрвеня ў храме адноўлена дзяжурства. Ён запэўніў, што добраахвотна вернікі свой будынак не пакінуць.

“Мы даўно прынялі рашэньне, што будынак мы не аддамо. Нягледзячы на тое, што будуць рабіць улады. Мы будзем стаяць да канца… Якую б цану нам ні давядзецца заплаціць.

Улада адабрала ў нас наш будынак. Мы лічым гэта беззаконьнем і злачынствам супраць вернікаў і царквы. Гэта парушэньне ўсіх нашых канстытуцыйных правоў”.

Вячаславу Ганчарэнку ў выпадку, калі вернікі не пакінуць свой храм, пагражае крымінальны перасьлед. Паводле Крымінальнага кодэксу, калі службовая асоба не выконвае рашэньня суду, яе могуць аштрафаваць ці пазбавіць волі тэрмінам на тры гады.

Царква "Новае Жыцьцё"
Вернікі суполкі “Новае жыцьцё” зьяўляюцца хрысьціянамі поўнага Эвангельля. У Расеі іх называюць харызматамі і нэапяцідзясятнікамі.

Вернікі "Новага жыцьця" вераць у трыадзінага Бога і прымаюць усю Біблію (Стары і Новы запаветы). Пры гэтым, калі зьвяртаюцца да Бога, яны часам моляцца на "анёльскіх" мовах. Гэта мовы, непадуладныя розуму, малітва духам. Яны таксама вераць, што Бог дае чалавеку магчымасьць жыць у фінансавым дабрабыце.

У Беларусі зарэгістравана 60 цэркваў хрысьціян поўнага Эвангельля. А ўсяго зарэгістравана 972 пратэстанцкія суполкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG