Гордан у Менску адмовіўся ад сустрэчы з прэсай

Філіп Гордан

Сустрэчай у 8.45 з лідэрамі грамадзянскай супольнасьці пачаўся сёньня раніцай візыт у Менск памочніка Дзяржсакратара ЗША Філіпа Гордана.

Гордан апазыцыі: санкцыі адменяць толькі пасьля грунтоўных зьменаў


У Філіпа Гордана заплянаваныя перамовы ў Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрстве замежных справаў, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

"Плянуецца абмеркаваць увесь комплекс пытаньняў беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў", — паведаміла напярэдадні прэсавая служба МЗС Беларусі.

Паводле спадара Гордана, галоўнымі крытэрамі для ЗША застаюцца правы чалавека і дэмакратыя. Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў, даць больш свабоды няўрадавым арганізацыям і мэдыям, а таксама правесьці свабодныя і празрыстыя выбары.

Гордан падкрэсьліў, што “ёсьць спосабы, каб дамагчыся зьменаў”. Ён таксама адзначыў, што санкцыі ЗША адносна Беларусі — гэта вынік парушэньня правоў чалавека. І яны будуць адменены толькі ў тым выпадку, калі краіна будзе імкнуцца да дэмакратыі.

Філіп Гордан
У траўні 2009 году Сэнат зацьвердзіў Філіпа Гордана на пасадзе памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі. З 2000 па 2009 год Філіп працаваў старшым дасьледчыкам у дасьледным цэнтры Брукінгз. Да гэтага быў кіраўніком дэпартамэнту эўрапейскіх справаў ў Радзе бясьпекі ў адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана. Раней Філіп Гордан працаваў у дасьледных цэнтрах – Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледваньняў (Велікабрытанія), Унівэрсытэт Джона Гопкінса (ЗША), Інстытут бізнэс-адміністраваньня (Францыя –Сінгапур), Нямецкае таварыства зьнешняй палітыкі. Гаворыць на францускай, нямецкай, італьянскай мовах. Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў па пытаньнях міжнародных адносінаў і зьнешняй палітыкі, публікаваўся ў New York Times, Washington Post, International Herald Tribune і Financial Times.

12 чэрвеня Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на год прадоўжыў дзеяньне указа пра арышт уласнасьці “шэрагу асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША.

Дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША прыпынілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.