Вячорка: Гордан адзначыў важнасьць “Акту аб дэмакратыі”
Пасьля сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў спадзяваньне, што палітыка ЗША адносна Беларусі будзе, як і апошнія два гады, больш прынцыповай, чым пастава Эўразьвязу. Спадар Вячорка адзначыў, што спадар Гордан якраз казаў пра пераемнасьць гэтай лініі Вашынгтону.
Філіп Гордан сказаў, што невыпадкова сустракаецца зь лідэрамі грамадзянскай супольнасьці перад сустрэчамі з уладамі Беларусі. Спатканьне доўжылася на паўгадзіны больш, чым было заплянавана. Мэтай свайго візыту спадар Гордан назваў патрэбу высьветліць, ці магчымае паляпшэньне дачыненьняў Беларусі з ЗША.
“Злучаныя Штаты маюць чаканьні і прынцыпы, выкананьне якіх неабходнае для паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Да прыезду ў Менск ён меў сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы В.Ушацкасам. А той, у сваю чаргу, быў амбасадарам Літвы ў Вашынгтоне і нямала рабіў для прамоцыі беларускага пытаньня сярод дыпляматычнага корпусу. Я думаю, у Вашынгтоне ў іх былі гаворкі пра Беларусь”.
Спадар Вячорка пералічыў важныя пытаньні, якія былі закранутыя падчас сустрэчы.
Гордан прыехаў не без уплыву эўрапейскіх сяброў ...
“Сярод іх — узнаўленьне поўнамаштабных амбасадаў. ЗША, паводле Гордана, ня ўвязваюць узнаўленьне поўнафункцыянальнасьці амбасадаў з магчымай адменай дагэтуляшніх санкцый стасоўна лукашэнкавай улады. Бо санкцыі былі ўведзеныя ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека, свабодаў і дэмакратыі, і надалей менавіта ва ўвязцы з гэтымі прынцыпамі будзе лёс санкцый вырашацца. А лёс амбасадаў з гэтым не зьвязаны. Спадар Гордан сказаў, што прыехаў не без уплыву эўрапейскіх сяброў.
На маю згадку пра “Ўсходняе партнэрства”, дзе каштоўным быў бы ўдзел ЗША, бо яны б прыўнесьлі вельмі неабходны каштоўнасны элемэнт, элемэнт спрыяньня вяртаньню Беларусі ў дэмакратычнае поле, ён адказаў станоўча. ЗША падтрымліваюць ідэю “Усходняга партнэрства”. Ён ухваліў крокі, якія былі зроблены летась: вызваленьне некалькіх палітвязьняў, допуск пары недзяржаўных выданьняў у дзяржаўныя шапікі, крыху большую прастору для няўрадавай дзейнасьці. Разам з тым спадар Гордан вельмі ўважліва прыслухоўваўся да таго, што казалі мы. А менавіта да таго, што няма заканадаўчых, інстытуцыянальных зьменаў, у выбарчым заканадаўстве, у заканадаўстве аб мэдыях, што тычыцца грамадзка-палітычных правоў і ў сфэры свабоды асацыяцый. Мы падкрэсьлівалі, што пакуль гэтага няма, а значыць — няма ніякай незваротнасьці. І тыя крокі, якія былі, — паказаныя, калі не паказушныя. І мы спадзяемся, што новая амэрыканская адміністрацыя будзе бачыць сапраўдную прыроду цяперашняй улады і не павядзецца на такія аднаразавыя крокі, якія не прывялі да зьмены сутнасьці палітычнага рэжыму.
Спадар Гордан пацьвердзіў, што, незалежна ад зьмены адміністрацыі ў Белым доме ці каманды ў Дзяржаўным дэпартамэнце, беларускае пытаньне заўважаецца. Сам факт прыезду ў Беларусь яго, дастаткова высокага службоўца, паказвае, што наша краіна вяртаецца ў цэнтар увагі. Ён адзначыў важнасьць “Акту аб дэмакратыі” для рэалізацыі каштоўнаснай палітыкі стасоўна Беларусі. І таксама зазначыў, што адміністрацыя прэзыдэнта зьвярнулася ў кангрэс па ўзмоцненую падтрымку дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
Ключавыя словы, якімі ён пачаў і скончыў сустрэчу, — гэта тое, што перад Беларусьсю яшчэ доўгі шлях да нармальнай сытуацыі з дэмакратыяй, свабодамі і правамі чалавека.
Мы таксама ўздымалі пытаньні геапалітычных выклікаў. Я казаў пра складаную геапалітычную сытуацыю, у якой Беларусь была і ёсьць. І пра тое, што паратунак нашай незалежнасьці — толькі ў вяртаньні свабоды. Бо толькі свабодны народ, які мае падсправаздачны ўрад, здольны гэтую незалежнасьць абараніць. Таму такое пасланьне яму таксама было агучана”.
Ляўковіч: партыі павінны ўвайсьці ў сыстэмны палітычны працэс
Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, які выступаў на ранішняй сустрэчы з Філіпам Горданам, распавядае “Свабодзе”:
“Я выказаў наступнае. Мы заўжды супраць ізаляцыі і, тым болей, самаізаляцыі нашай краіны. І тое, што цяпер адбываецца разьвіцьцё дыялёгу паміж ЗША і Беларусьсю, Эўразьвязам і Беларусьсю гэта добра. Тое, што пачаўся працэс разьвіцьця ўзаемавыгадных стасункаў, гэта таксама добра.
Аднак мы разумеем дыялёг больш шырока. Гэта не толькі дыялёг Беларусі зь іншымі краінамі, але і дыялёг унутры краіны – паміж уладай, грамадзянскай супольнасьцю і г.д. І я адзначыў, што яшчэ ў 2007 годзе Кангрэс дэмакратычных сіл прыняў стратэгію дыялёгу з уладамі. Але ўлады ў гэтым накірунку крокаў не робяць. І ў гэтым кантэксьце я прасіў спадара Гордана ўздымаць гэта пытаньне, бо яно вельмі важнае. І я казаў, што палітычныя партыі, у тым ліку і апазыцыйныя, павінны стаць паўнавартаснымі суб’ектамі палітычнай сыстэмы. Яны павінны ўвайсьці ў сыстэмны палітычны працэс”.
Пашкевіч: Гордан сказаў: санкцыі адменяць толькі тады, калі ў Беларусі насамрэч адбудуцца грунтоўныя зьмены
Лідэр арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхась Пашкевіч прадстаўляў на сустрэчы з Філіпам Горданам дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі Беларусі. У размове са “Свабодай” спадар Пашкевіч выказаў свае ўражаньні ад гэтай гутаркі:
“Размова вялася па ўсіх актуальных пытаньнях беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. І праваабаронцы, і прадстаўнікі палітычных партыяў згадвалі пра тыя праблемы, зь якімі яны сустракаюцца штодня. Скразной тэмай размовы гучала вызваленьне Мікалая Аўтуховіча і іншых палітычных вязьняў.
У мяне склалася ўражаньне, што спадар Гордан вельмі ў тэме. І таму ў мяне такое ўражаньне, што сёньняшні візыт памочніка Дзяржсакратара ў Адміністрацыю прэзыдэнта ня будзе для беларускага боку самым простым. Спадар Гордан сказаў нам, што сцэнар, які зараз мусіруецца ў некаторых мэдыях – павелічэньне штату амбасады ЗША ўзамен на адмену санкцыяў – не мае падставы, такога гандлю ня будзе. А санкцыі ЗША адменяць толькі тады, калі ў Беларусі насамрэч адбудуцца грунтоўныя зьмены”.
У сустрэчы з Філіпам Горданам прымалі ўдзел:
- Вінцук Вячорка, БНФ
- Аляксандра Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта
- Сяргей Калякін, ПКБ
- Віктар Карняенка, Рух “За свабоду”
- Анатоль Лябедзька, АГП
- Анатоль Ляўковіч, БСДП (Г)
- Міхась Пашкевіч, Маладыя дэмакраты
- Віталь Рымашэўскі, БХД
- Валяньцін Стэфановіч, праваабаронца