Пракурор просіць не рэгістраваць “Нашу вясну”

На працэсе ў Вярхоўным судзе прадстаўніца пракуратуры папрасіла адхіліць скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна”.
Нагадаем, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч накіравалі скаргу ў Вярхоўны суд на Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў рэгістрацыі “Нашай вясны”. Разгляд справы пачаўся 10 жніўня.

Пракурор падтрымала прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі, якое палічыла, што ў пададзеным на рэгістрацыю сьпісе пра чатырох з 71 заснавальнікаў аб’яднаньня ўказаныя недакладныя зьвесткі. Таксама пракурор палічыла, што гарантыйны ліст адносна юрыдычнага адрасу нельга прызнаць юрыдычна значным. Хаця ў мінулым працэсе да такога ж ліста прэтэнзій ў Міністэрства юстыцыі не было.

Заяўнікі адзначылі, што пракурор не спаслалася ў сваім выступе на ніводзін нарматыўна-прававы акт.

Алесь Бяляцкі заявіў у судзе, што прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі дэманструюць “крайні фармалізм і бюракратызм” і з гэтага “будзе сьмяяцца ўвесь сьвет”.