Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст зноў не зарэгістраваў "Нашу Вясну"


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Сёньня сузаснавальнікі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня "Наша Вясна" атрымалі рашэньне Міністэрства юстыцыі "Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня", паведамляе сайт праваабарончага цэнтру "Вясна".


Мінюст у якасьці падставаў для адмовы ў рэгістрацыі прыводзіць, між іншым, такія аргумэнты, што многія з заснавальнікаў "Нашай Вясны" прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, што ў сьпісе заснавальнікаў указаныя зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці або зьяўляюцца скажонымі, і што "другая частка назвы ГПА ("Наша Вясна") не адпавядае статуту гэтай арганізацыі".

"На гэты раз Мінюст у сваім лісьце пра адмову ў рэгістрацыі ўказаў падставы, якія нам цяжка нават камэнтаваць, бо мы не разумеем, пра што там гаворыцца. Цяжка камэнтаваць, напрыклад, сьцьверджаньне пра тое, што назва нашага аб’яднаньня не адпавядае Статуту" — сказаў адзін з заснавальнікаў "Нашай Вясны" Валянцін Стэфановіч.

"Упартая нерэгістрацыя праваабарончага аб’яднаньня на працягу трох гадоў – гэта ёсьць дыскрымінацыя грамадзянаў Беларусі і адмаўленьне ім у праве на асацыяцыю. І тое, што ўлады баяцца рэгістраваць новыя праваабарончыя арганізацыі, ёсьць паказьнік таго, што ў краіне яшчэ вельмі далёка да паляпшэньня сытуацыі з дэмакратыяй, з правамі чалавека. І, нягледзячы на адмову, мы, праваабаронцы, зьбіраемся працягваць сваю працу", -- адзначыў Алесь Бяляцкі, старшыня "Нашай Вясны.

У адпаведнасьці з законам, праваабаронцы зьбіраюцца абскардзіць рашэньне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўны Суд Беларусі.

Гэта была трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднаньне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG