В. Коўтун: “Лесю Беларуску выводзілі з-пад майго кантролю”

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 2 жніўня
Сёньня ўжо відавочна, што Леся Беларуска – адна з самых гучных містыфікацый у беларускай літаратуры канца ХХ стагодзьдзя. А пачалося ўсё ў 1997 годзе, калі ў часопісе “Полымя” была апублікаваная нізка лягерных вершаў невядомай да тае пары паэткі. Публікатары прадставілі яе як зэчку, што сядзела ў лягеры Эльген на Калыме. Часопісу “Полымя” на той час верылі, паверылі і ў існаваньне Лесі Беларускі: яе вершы цытавалі, ўключалі ў анталёгіі. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што можна містыфікаваць Калыму і Гулаг. Кропку ў гэтай гісторыі паставіла кніга “Малітва да Калымы”, што выйшла сёлета ў выдавецтве “Лімарыюс”. На вокладцы кнігі стаіць імя – Леся Беларуска, але ў выходных дадзеных пазначаны сапраўдны аўтар – Валянціна Коўтун.

Міхась Скобла: “Спадарыня Валянціна, што кіравала вамі, калі вы задумвалі гэтую містыфікацыю?”

Валянціна Коўтун: “Аніякай містыфікацыі я не задумвала, асабліва ў дачыненьні да Калымы. Усё адбылося па-за маёй воляю і па-за маімі жаданьнямі. У 90-я гады распачаў працу Фонд Эўфрасіньні Полацкай. І аднойчы Мая Тодараўна Кляшторная прывяла на адно з паседжаньняў чалавека, які назваўся ўкраінскім паэтам і журналістам Васілём Малагушам, і папрасіла даць яму слова. Як сёньня памятаю, ён успамінаў сваё знаходжаньне на Калыме і расказваў, што сустракаўся там зь беларускай паэткай Лесяй Беларускай. Мяне зацікавіла гэтая інфармацыя, але на той час я была вельмі занятая і па-сяброўску папрасіла Алу Канапельку пайсьці да Малагушы і больш падрабязна даведацца пра Лесю Беларуску, запісаць яе біяграфію, запісаць тыя яе творы, якія памятаў Малагуша, ці хоць назвы іхныя”.

Скобла: “Дык вы лічылі Лесю Беларуску рэальнай асобай?”

Коўтун: “Я ў гэтым была проста ўпэўненая! Ала Канапелька прынесла мне яе прыблізную біяграфію, запісаную са слоў Малагушы. Цяпер я разумею, што біяграфія тая была трошачкі сьпісаная з “Крутога маршруту” Яўгеніі Гінзбург, але тады мне гэта і ў галаву не прыходзіла. Праўда, і тады я заўважыла, што ў жыцьцяпісе Лесі Беларускі многа выдуманай рамантыкі, бо не магла вясковая настаўніца сустракацца з Цанавам і нават уплываць на рашэньні Сталіна. Гэта выглядала абсурдам. А ў вершах яе я проста расчаравалася. Іх, па сутнасьці, і не было, а былі толькі нейкія геаграфічныя назвы і тэмы накшталт: “я ляжу ў бараку, паліцца печка-бочка, а я пры агні пішу вершы”.

Скобла: “Чэх Вацлаў Ганка, прыдумаўшы Кралядворскі рукапіс, меў на мэце ўратаваць сваю радзіму ад анямечваньня. Праспэр Мэрымэ, прыдумаўшы свае “песьні паўднёвых славян”, таксама саслужыў добрую службу сэрбам і македонцам, бо ў той час Эўропа на іх не зьвяртала ўвагі. Якую мэту ставілі перад сабой вы, пішучы вершы ад імя Лесі Беларускі, якой насамрэч ніколі не існавала?”

Коўтун: “Я ня ставіла перад сабой гэткіх глябальных мэтаў, я ня думала пра ўратаваньне Радзімы, я не ўзвышала калымскую тэму. Проста адбываўся творчы працэс. Прачытаўшы біяграфію Лесі Беларускі (дзе называлася і сапраўднае імя – Ларыса Марозава), я настолькі праніклася яе лёсам, што нібы зраднілася зь ёю. Для пісьменьніка часам гэта неабходна. Калі б я ў свой час не зраднілася зь лёсам Цёткі, я не змагла б напісаць пра яе раман “Крыж міласэрнасьці”. А тут я раптам пачула галасы зэкаў, загады канваіраў, сабачы брэх… Я села за стол – і вершы пайшлі. Я ня ставіла свайго імя пад вершамі, я шчыра верыла, што сапраўдны іхны аўтар – Леся Беларуска, якая знаходзілася ў лягеры Эльген. Я не абмяжоўвала сябе ў нейкіх творчых імпульсах. Убачыўшы калымскія сьнягі і пачуўшы галасы адтуль, я пастаянна ўспамінала Ларысу Антонаўну Геніюш. Зразумейце, ня я, ня мы пішам. Помніце радкі Ліны Кастэнкі? “Паэзія, я ж толькі інструмэнт, зь якога плачуць сны майго народу”. І я таксама адчувала сябе толькі інструмэнтам. Я ні ў якім выпадку не прыпісваю сабе нейкія заслугі”.

Скобла: “Кожны аўтар вольны пісаць пад любым псэўданімам. Але ваш выпадак мог нарабіць шкоды. Патлумачу – якой. Летась у выдавецтве “Кнігазбор” рыхтавалася да выданьня кніга “Расстраляная літаратура” – зборнік тэкстаў загубленых у часы бальшавіцкага тэрору пісьменьнікаў. І толькі ў апошні момант, ужо зь вёрсткі, былі зьнятыя вершы Лесі Беларускі й яе легендарная біяграфія. Калі б усё гэта трапіла ў кнігу, які б гэта быў мартыралёг, якое б гэта было ўшанаваньне памяці ахвяраў Гулагу? Гэта адназначна выглядала б як кампрамэтацыя. Пра такія наступствы вы думалі?”

Коўтун: “Прабачце, Міхась, але вы абсалютна няправільна трактуеце гэтую сытуацыю. Я катэгарычна з вамі ня згодная. Калі б вы з “Расстралянай літаратуры” не зьнялі Лесю Беларуску, там прагучалі б галасы тых замардаваных на Калыме, якія не вярнуліся, якія былі там зьнішчаныя”.

Скобла: “Якія галасы замардаваных, пра што вы кажаце? Вось я трымаю ў руках кнігу “Малітва да Калымы”, аўтар якое – Леся Беларуска, а ў дужках пазначана – Валянціна Коўтун”.

Коўтун: “Дык там жа толькі вершы, біяграфіі няма”.

Скобла: “А што гэта мяняе? Вас жа, дзякуй Богу, бальшавікі не расстралялі…”

Коўтун: “Ды зразумейце ж вы, я была ўпэўненая, што Леся Беларуска існавала. А потым ёю заняліся дасьледчыкі, і я даведаліся, што такога чалавека – Ларысы Марозавай – няма і не было. Але я да апошняга ўсё ж верыла, што яна існавала. Калі б я ад пачатку ведала, што Ларыса Марозава – прыдумка, то, напэўна, і вершаў Лесі Беларускі не зьявілася б на сьвет. Кажучы сутнасна, Васіль Малагуша быў аўтарам самога імя “Леся Беларуска”, самой ідэі. Але сёньня я магу сказаць, што сапраўдны аўтар – Яўгенія Гінзбург. Прачытаўшы толькі нядаўна “Круты маршрут”, дэталёва пазнаёміўшыся зь дзёньнікамі Малагушы пасьля ягонай сьмерці, я зразумела, што адкуль узялося ў гэтай заблытанай гісторыі”.

Скобла: “На якіх умовах Васіль Малагуша перадаў вам свой дзёньнік, і дзе ён цяпер знаходзіцца?”

Коўтун: “Дзёньнік той знаходзіцца ў мяне. Малагуша прынёс мне яго яшчэ ў рэдакцыю “Полымя”. Той ягоны блякнот апынуўся ў мяне на лецішчы, у маіх архівах. На якіх умовах Малагуша перадаў мне свае запісы – не памятаю, гэта было даўнавата. Памятаю толькі, што ён прасіў, каб я яму дапамагла перакласьці некалькі апублікаваных вершаў Лесі Беларускі (фактычна – маіх) зь беларускай на расейскую мову. І я без усялякага сумненьня гэта зрабіла. Я ж ня ведала, дзеля чаго яму спатрэбіліся тыя вершы, я проста выканала ягоную просьбу”.

Скобла: “А тым часам Васіль Малагуша працягваў раскручваць Лесю Беларуску. Прыкладам, у зборніку Алены Кобец-Філімонавай “Карэльскія Курапаты: Рэха Гулагу” (2007) ён надрукаваў “фрагменты документального повествования” пра Ларысу Марозаву – ахвяру сталінскіх рэпрэсій. Ці ўзгадняў ён з вамі падобныя публікацыі?”

Коўтун: “Нічога ён са мной не ўзгадняў. Паўтараю, я ўспрымала ягоныя публікацыі за чыстую манэту, як кажуць”.

Скобла: “Ваша Леся Беларуска “пісала ў лягеры” выразна антысавецкія вершы, за якія ёй немінуча пагражаў бы расстрэл. Ці не празьмерна сьмелай і безразважнай вы яе зрабілі?”

Коўтун: “Што тут сказаць… Я тады такою была. На двары ж бурлілі 90-я гады. Напэўна, я і цяпер такая ж... Аднойчы мы зь Сяргеем Панізьнікам, здаецца, яшчэ ў Львове (мы зь ім там вучыліся) разважалі: як мог скласьціся лёс Цёткі, калі б яна не памерла ў 1916 годзе? І прыйшлі да згоды, што, вядома ж, Цётка павярнула б гісторыю Беларусі трошкі іначай, але ў 30-я гады адназначна трапіла б у лягер. Таму і ў гісторыі зь Лесяй Беларускай я выступаю больш як наступніца Цёткі. І сама Леся Беларуска ўзьнікла як працяг жыцьцёвага шляху Цёткі ў нейкім пляне”.

Скобла: “Вам паверылі найперш таму, што пад вершамі стаялі канкрэтныя даты і канкрэтныя геаграфічныя назвы. На маё меркаваньне, падпісаць сучасны верш 1946 годам і паставіць пад ім “лягер Эльген” – гэта тое самае, як падрабіць дакумэнт”.

Коўтун: “Тут я з вамі часткова згодная. Але гэта калі глядзець з сучасных пазыцый. А тады словы “лягер Эльген, 1946 год” былі проста радком у вершы! Проста мне здалося, што датаваныя вершы, прывязаныя да пэўнай мясцовасьці, прагучаць больш пераканальна. Літаральна нядаўна я знайшла ўсе тыя лягерныя тапонімы ў “Крутым маршруце” Яўгеніі Гінзбург і, як кажа моладзь, абалдзела. Паверце, калі б я гэты твор прачытала падчас першай сустрэчы з Малагушам, беларускай паэткі Лесі Беларускі, хутчэй за ўсё, не было б”.


Скобла: “Да выхаду кнігі “Малітва да Калымы” вы адмаўляліся падрабязна гаварыць на гэтую тэму. Дык можа, і ня варта было прызнавацца, хто яе сапраўдны аўтар? Хай бы Леся Беларуска і надалей існавала”.

Коўтун: “Дзякуй Богу, што кніга нарэшце выйшла і застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры. А чаму я вырашыла расказаць, як усё было? Справа ў тым, што Лесю Беларуску пачалі выводзіць з-пад майго кантролю. Пачалі рабіць зь яе расейскамоўную паэтку, зьявіліся нейкія публікацыі ў “Комсомольской правде”… Калі б, крый Божа, мяне ня стала, я ня ўпэўненая, ці засталася б Леся Беларуска беларускай. Бо ў друку пад гэтым імем пачалі зьяўляцца бездапаможныя расейскамоўныя вершы. І вось гэтае пераўвасабленьне яўна не пайшло б на карысьць нашай літаратуры. А так – у літаратурным жыцьці Беларусі адбылася падзея, ні ў адной краіне не было такой годнай містыфікацыі. Я думаю, што гэта прыкмета эўрапейскасьці беларускай літаратуры. Проста мы павінны больш паважаць самі сябе. Мы – вартая павагі, годная нацыя, і літаратура наша таксама годная”.