Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі абвясьціла пра намер падвысіць плату за ваду, а таксама за тэхабслугоўваньне і рамонт жытла. У многіх рэгіёнах, спасылаючыся на крызіс і адсутнасьць грошай, пачалі адключаць гарачую ваду.
СЛУХАЦЬ:
Магілёўшчына
Улада не выконвае вызначаных ёю сацыяльных стандартаў
Сёлета на ўзьвядзеньне і ўпарадкаваньне аграгарадкоў на Магілёўшчыне выдаткавана больш за 250 мільярдаў рублёў. Але гэтых грошай, аказваецца, не хапае на самае неабходнае. Пра гэта на прыкладзе аграгарадку “Верамейкі” расказвае наш магілёўскі карэспандэнт Андрэй Белагубаў.
“У Верамейках гарачай вады даўно няма”, — прызнаў адразу ж на пачатку гутаркі супрацоўнік мясцовага сельскага савету. Адключыць гарачую ваду, паводле суразмоўцы, захацелі самі жыхары:
“Гэта дарагое задавальненьне для нашай сельскай мясцовасьці. Нават трубы гэтыя камунгас дэмантаваў. Цяпер мы чакаем газу. Газыфікацыя была заплянаваная на гэты год. Цэлую зіму мы зьбіралі дакумэнты, праектанты працавалі. Праект падрыхтавалі, аднак у сувязі з крызісам адмянілі пакуль. І ня толькі ў нашым аграгарадку, яшчэ ў Язёрах не дарабілі, у Рэчыцы не дарабілі. Ува ўсіх аграгарадках раёну”.
У аграгарадку Верамейкі нават дэмантавалі кацёл для гарачай вады
Як удалося высьветліць, праблемы з гарачай вадой — ня столькі ў жаданьні людзей, колькі ў праблемах мясцовай кацельні. Яе не давялі да ладу:
“Там і катла няма асобнага для гарачай вады. Бюджэт ня цягне, відаць, дорага. Людзям, канечне праблема — дзе памыцца? Спачатку лазьня была, пасьля яе зачынілі. Матывавалі тым, што няма грошай. Хто на комплексе працуе, той у душ можа схадзіць. Для астатняга насельніцтва — тут жа больш за тысячу чалавек — лазьні няма”, — кажа верамеец Юры Васільевіч.
“Улада нават выдумала, што людзі самі адмаўляюцца ад гарачай вады”
Паводле былога начальніка раённай камунальнай гаспадаркі Рыгора Кастусёва, сытуацыя з забясьпечанасьцю гарачай вадой жыхароў Верамеек характэрная для бальшыні райцэнтраў і аграгарадкоў Магілёўшчыны. Улада ня можа забясьпечыць выкананьне вызначаных ёй жа самой сацыяльных стандартаў, а прызнаць гэта ня хоча, лічыць ён:
“У розных раёнах улады шукаюць розныя прычыны для свайго апраўданьня. У Верамейках яны прыдумалі, што людзі самі адмаўляюцца ад гарачай вады. Калі людзі адмовіліся, яны павінны былі напісаць заявы, што яны адмаўляюцца. Ва ўлады такіх заяў няма. У іншых раёнах улады сьцьвярджаюць, што ўсё гэта дзеля эканоміі фінансавых рэсурсаў. Усе сельскія раёны Магілёўшчыны датацыйныя. У некаторых раёнах датацыя дасягнула 70—80 адсоткаў”.
Сацыяльны стандарт па забясьпечанасьці аграгарадка гарачай вадой лічыцца выкананым, калі 50 працэнтаў яго жыхароў гэтую ваду маюць. Лазьняй аграгарадок лічыцца забясьпечаным, калі на адну тысячу насельніцтва ёсьць тры памывачныя месцы.
Гарадзеншчына
У Горадні — пяць тысяч няплатнікаў
На Гарадзеншчыне павялічваецца колькасьць людзей, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасьць па плаце за кватэру. Удакладняе Міхал Карневіч.
На пачатку лета толькі ў Горадні выяўлена звыш 5 тысяч уладальнікаў кватэраў, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасьць па камунальных разьліках.
Камунальная служба ўжо судзіцца з паўтысячай жыхароў
Прадпрыемствы камунальнай службы яшчэ ў першым квартале года падалі звыш 500 пазоваў да няплатнікаў, але ня ўсе яны задаволеныя.
З 1 чэрвеня ў гарадзенскіх кватэрах, дзе гаспадары хранічна не разьлічваюцца за камунальныя паслугі, пачалі адключаць сьвятло і ваду. Вось што распавяла мне спэцыяліст аднаго з разьлікова-даведачных цэнтраў спадарыня Кацярына.
Спадарыня: “Літаральна ў мінулым месяцы мы займаліся адключэньнямі, пакуль адключылі ваду і сьвятло ў пяці кватэрах. І што? Ніхто нічога ня плаціць, хаця мы ж адключалі ў тых, хто мае вялікія запазычанасьці”.
Пэнсія — 400 тысяч рублёў, а квартплата — 100 тысяч
На яе думку, падвышэньне кошту камунальных паслугаў асабліва цяжка закране пэнсіянэраў, якія імкнуцца своечасова разьлічвацца, але іх пэнсій часам нестае на жыцьцё.
“Пэнсія — 400 тысяч рублёў, а квартплата — 100 тысяч”
Я паспрабаваў паразмаўляць з людзьмі пэнсійнага веку пра тое, як адаб’ецца на іх падвышэньне коштаў за камунальныя паслугі.
Адна са спадарынь кажа, што яе пэнсія складае 400 тысяч. За кватэру ж у летні час яны плоцяць каля 90 тысяч, а зімою — звыш 100 тысяч.
Спадарыня: “Дрэнна гэта, для нас задорага. А прадукты якія дарагія! Сёньня зайшла ў краму — печыва каштуе 14 тысяч, а на другі дзень — 17. А хто мне да гэтага дадасьць пэнсіі?”
Да нас далучаецца яшчэ адна спадарыня пэнсійнага веку і кажа, што пэнсіі ўжо зараз нестае ні на што.
Другая спадарыня: “А што, “бацька” ня ведае, як пэнсіянэры жывуць? Хаця сам кажа, што складваем грошы сынам сваім. Дык няхай ён так адкладзе для сваіх сыноў...”
Гомельшчына
“Не паламаем сыстэму ЖКГ — ня станем цывілізаваным грамадзтвам”
У Гомелі некаторыя жыхары адмаўляюцца плаціць жыльлёва-камунальным прадпрыемствам за неаказаныя паслугі. Адзін зь іх — Аляксей Сіроцін, які жыве на вуліцы Дзімітрава:
“За ўсё тое, што я атрымліваю, я плачу ў поўным аб’ёме, іншы раз нават наперад — за сьвятло, ваду, газ, радыё, каналізацыю. А за тое, што не атрымліваю, я й не плачу . У прыватнасьці, за бягучы рамонт і капрамонт. Я зь імі ня лаюся, а проста выкрэсьліваю ў плацёжцы радкі “бягучы рамонт і капрамонт”. У мяне ёсьць загад міністра ЖКГ № 102, дзе сказана, што кожныя пяць гадоў павінен праводзіцца бягучы рамонт і кожныя дваццаць пяць гадоў — капітальны рамонт. Дом стаіць ужо 37 гадоў — у ім ні разу не рабіўся ні бягучы рамонт, ні капітальны рамонт”.
Пачаў судзіцца з ЖКГ — атрымаў належныя паслугі
Яшчэ адзін жыхар абласнога цэнтру, Уладзімер Бутраменка, выставіў праз суд жыльлёва-камунальнаму прадпрыемству “Савецкае” прэтэнзіі за неаказаныя камунальныя паслугі й запатрабаваў спагнаць з камунальнікаў кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 мільёнаў рублёў.
Калі не паламаем гэтую сыстэму жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, мы ня станем цывілізаваным грамадзтвам. Грошы бяруць, а паслугі забываюць аказваць
“Прыдомавую тэрыторыю прывяла ў парадак — усе зайздросьцяць, дарога выдатная. Тарцы дома ўцяпліла. Палепшыўся нагрэў вады — вада награецца да 50 градусаў замест ранейшых 40. Каб можна было посуд мыць, самому памыцца. Адрамантаваны дах, дзе працякаў”.
Суд абавязаў таксама камунальна-жыльлёвае прадпрыемства “Савецкае” адрамантаваць ганак і пад’езд дому, у якім жыве спадар Бутраменка, сплаціць яму 250 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама кампэнсаваць судовыя выдаткі.
Пазоўца лічыць, што трэба ламаць цяперашнюю сыстэму ЖКГ — грошы яны спаганяюць, а паслугі не аказваюць:
“Калі не паламаем гэтую сыстэму жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, мы ня станем цывілізаваным грамадзтвам. Грошы бяруць, а паслугі забываюць аказваць. Гэта ж варварства — па-іншаму й не назавеш”.