Як вынікае з апытаньняў, жыхары Ўкраіны (67%) вымушаныя эканоміць больш за беларусаў (30%) і расейцаў (43%).
У сваю чаргу, беларусы часьцей за суседзяў заяўляюць, на чым яны вымушаныя эканоміць, а на чым — не (50%), і на чым увогуле эканоміць ня трэба (16%). Сярод жыхароў Расеі такіх — 37% і 14%, сярод жыхароў Украіны — адпаведна 25% і 7%.
Высьвятляецца, што прадстаўнікі трох постсавецкіх краін пачалі эканоміць на прадуктах харчаваньня, а таксама на адзеньні і абутку. У беларусаў гэта адпаведна 45% і 39%, у расейцаў — 50% і 42%. 56% украінцаў аднолькава эканомяць што на ежы, што на адзеньні.
Далей ідуць адпачынак, лекаваньне, набыцьцё тэхнікі для побыту, камунальныя выдаткі. Тут таксама, як вынікае, эканомія ў найменшай ступені тычыцца беларусаў.
Прыблізна аднолькавыя паказчыкі характарызуюць скарачэньне выдаткаў на грамадзкі транспарт (сярод расейцаў — 16%, беларусаў і ўкраінцаў — па 18%), а таксама на адукацыю (6% — сярод расейцаў, 5% — сярод украінцаў, 3% — сярод беларусаў).