Выбары ў Малдове: пэйзаж перад бітвай

Сытуацыю напярэдадні выбараў у Малдове мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніка малдаўскай службы нашага радыё Аляксандру Эфтодэ.

Дракахруст
: Аляксандру, паводле перадвыбарчых апытаньняў чаго можна чакаць ад выбараў у Малдове?

Апазыцыя адкідае абвінавачваньні ў намерах аб'яднаць Малдову з Румыніяй. Апазыцыянэры кажуць, што яны хочуць, каб Малдова апынулася ў Эўразьвязе, дзе ўжо знаходзіцца Румынія. І тады ў аб'яднаньні з Румыніяй ня будзе ніякага сэнсу
Эфтодэ:
Самае верагоднае апытаньне гаворыць, што партыя камуністаў набярэ больш за ўсіх галасоў -- 31%. Але паводле апытаньня 28% выбаршчыкаў яшчэ не вызначыліся, за каго галасаваць. Ніколі раней вынікі выбараў не супадалі з вынікамі апытаньняў, бо заўсёды была вялікая доля выбаршчыкаў, якія вызначаліся ў апошні момант. Але калі грунтавацца на гэтым апытаньні, то ў апазыцыі будзе прыкладна столькі ж галасоў, колькі і ў камуністаў. Аднак у апазыцыю ўваходзіць і Дэмакратычная партыя. Былы сьпікер парлямэнту камуніст Марыян Лупу выйшаў з кампартыі і ўзначаліў гэтую партыю. Пасьля выбараў ён можа пайсьці на альянс ці з лібэральнымі правымі партыямі ці з камуністамі.

Дракахруст: Як разварочваецца гэапалітычная баталія ў сувязі з малдаўскімі выбарамі паміж Масквой і Брусэлем?

Эфтодэ: Учора міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу заявілі ў Брусэлі, што не хацелася б убачыць на гэтых выбарах тое самае, што адбылося ў красавіку, калі былі масавыя пратэсты, шмат людзей было арыштавана. Міністры чакаюць ад малдаўскіх уладаў, каб яны пацьвердзілі праэўрапейскі курс Малдовы. На мінулым тыдні ў Кішынёве быў міністар замежных справаў Польшчы і ён сказаў, што паўтарэньне таго, што было ў красавіку, прывядзе да ізаляцыі Малдовы ад Эўразьвязу. А калі выбары пройдуць карэктна і спакойна, то гэта створыць добрыя перадумовы, каб Малдова і далей рушыла ў бок Эўропы. З другога боку, прэзыдэнту Вароніну прэм’ер Расеі Пуцін абяцаў 500 мільёнаў даляраў. Але грошы прыйдуць толькі пасьля выбараў, яшчэ ідуць перамовы, на якіх умовах малдаўскі ўрад атрымае гэты крэдыт. Акрамя эканамічных умоваў могуць быць і палітычныя. Крэмль гаворыць, што грошы будуць пасьля выбараў, у залежнасьці ад таго, як малдаване прагаласуюць.



Дракахруст: А якая роля румынскага фактару і самай Румыніі на гэтых выбарах? Тады, ў красавіку Варонін абвінавачваў у Бухарэст у інсьпірацыі гэтых хваляваньняў, былі адкліканыя паслы для кансультацыяў.

Міністры чакаюць ад малдаўскіх уладаў, каб яны пацьвердзілі праэўрапейскі курс Малдовы
Эфтодэ:
Гэтая роля не такая вялікая ў параўнаньні з той ілюзіяй, якую хочуць стварыць палітыкі ў Малдове. Партыя камуністаў на чале з Вароніным будуюць сваю перадвыбарчую кампанію на лёзунгу абароны сваёй краіны. Яны кажуць, што лібэралы , калі прыйдуць да ўлады, абавязкова аб'яднаюць Малдову з Румыніяй. У грамадзтве адбываецца раскол. Камуністы спадзяюцца, што атрымаюць больш галасоў ад выбаршчыкаў, якія ня хочуць аб'яднаньня з Румыніяй, а такіх большасьць. Пасьля красавіцкіх падзеяў урад Малдовы абвінаваціў Румынію ў інсьпіраваньні гэтых сутыкненьняў. Але днямі генэральны пракурор Малдовы заявіў, што Румынія, як дзяржава, не была датычная да таго, што адбавалася. Паводле яго была кібэр-атака з Румыніі на кампутары і сайты ўраду Малдовы. Але гэта не была ініцыятыва румынскага ўраду.

Гэта не зусім тое, што казаў у красавіку ўрад Малдовы. Тады была створаная адмысловая камісія, якая павінна была дасьледаваць датычнасьць Румыніі да красавіцкіх акцый пратэсту. Але яна прыпыніла сваю працу і заявіла, што адновіць яе пасьля заўтрашніх выбараў. Апазыцыя адкідае абвінавачваньні ў намерах аб'яднаць Малдову з Румыніяй. Апазыцыянэры кажуць, што яны хочуць, каб Малдова апынулася ў Эўразьвязе, дзе ўжо знаходзіцца Румынія. І тады ў аб'яднаньні з Румыніяй ня будзе ніякага сэнсу.