У першы дзень пратэстаў, выкліканых аб’яўленьнем перамогі малдаўскіх камуністаў на парлямэнцкіх выбарах 5 красавіка, дэманстранты ўварваліся ў будынкі парлямэнту і прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Учора Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы аб’явіла афіцыйныя вынікі выбараў: Камуністычная партыя, кіраваная прэзыдэнтам Ўладзімерам Вароніным, атрымала 60 мандатаў у парлямэнце, у якім 101 месца.
Калі б камуністы атрымалі 61 месца, як вынікала з папярэдне агучаных вынікаў, яны былі б у змозе самастойна выбраць прэзыдэнта краіны, якога ў Малдове выбіраюць у парлямэнце. Другі тэрмін Вароніна як раз скончыўся, і ён ужо ня можа балятавацца на пасаду прэзыдэнта.
Апазыцыйныя партыі — Лібэральная партыя, Лібэральна-дэмакратычная партыя і “Наша Малдова” — абвінавацілі ўлады ў фальшаваньні вынікаў выбараў і выступілі з патрабаваньнем перападліку галасоў і праверкі выбарчых сьпіскаў.
Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў перападліку галасоў, але пагадзілася, каб цягам чатырох найбліжэйшых дзён апазыцыйныя партыі праверылі выбарчыя сьпіскі і параўналі іх з колькасьцю бюлетэняў, афіцыйна ўкінутых у выбарчыя урны.
Паводле апазыцыі, камуністы сфальшавалі выбары, укінуўшы сотні тысяч бюлетэняў ад імя малдаванаў, якія жывуць за мяжою.
Тым часам Варонін абвінаваціў Румынію ў падбухторваньні малдаванаў да дзяржаўнага перавароту, аб’явіў румынскага пасла ў Кішынэве пэрсонай нон грата і адклікаў малдаўскага пасла з Бухарэсту дзеля кансультацый.
Эўразьвяз, ЗША і АБСЭ заклікалі як улады Малдовы, гэтак і малдаўскую апазыцыю ўстрымацца ад гвалтоўных дзеяньняў. А Масква заявіла, што перападлік галасоў або паўторныя выбары былі б беспадстаўнымі, беручы пад увагу станоўчую ацэнку малдаўскіх выбараў міжнароднымі назіральнікамі.