Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі рыхтуюць новы ўстаноўчы зьезд, каб зрабіць новую спробу рэгістрацыі партыі.
СЛУХАЦЬ:
Нагадаем: пасьля ўстаноўчага зьезду БХД у лютым дакумэнты ўжо перадавалі ў Міністэрства юстыцыі. Але пасьля гэтага некалькі сотняў заснавальнікаў сутыкнуліся з пагрозамі з боку КДБ і мясцовай улады. Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі. Сустаршыні аргкамітэту падрыхтавалі заяву ў пракуратуру пра факты ціску на заснавальнікаў партыі.
Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня БХД рыхтуюць дакумэнты ў пракуратуру, каб прыцягнулі да адказнасьці асобаў, якія прымушалі заснавальнікаў БХД адклікаць свае подпісы ў дакумэнтах на рэгістрацыю партыі. Паводле сяброў аргкамітэту, з пагрозамі сутыкнуліся каля сямі соцень падпісантаў.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі:
“Прадстаўнік Мін’юсту паведаміў, што міністэрства не перадавала сьпіс заснавальнікаў БХД іншым структурам. На пытаньне — “Хто даваў сьпісы ў выканкамы, адкуль тэлефанавалі людзям і аказвалі ціск?” — чыноўнік Мін’юсту адказаў, што гэтага ня ведае.
На Нацыянальным сходзе мы прынялі рашэньне падаваць дакумэнты ў пракуратуру па факце масавых рэпрэсій і перашкодаў у справе дзейнасьці БХД як перад устаноўчым зьездам, так і ў дзень яго правядзеньня і пасьля. Ціск аказваўся прадстаўнікамі выканкамаў, прадстаўнікамі КДБ і міліцыі.
Калі Мін’юст адмаўляе сваю датычнасьць да гэтых спраў, то мы папросім пракуратуру разабрацца, якія бандфармаваньні дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і аказваюць ціск на сяброў аргкамітэту БХД”.
Віталь Рымашэўскі зазначыў падчас прэсавай канфэрэнцыі, што прадстаўнікі аргкамітэту не зьвярталіся раней у пракуратуру з-за няяснасьці пытаньня з рэгістрацыяй партыі. Ён прыгадаў, што спачатку Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі, а потым раптоўна прыпыніў сваё ж рашэньне.
Вярхоўны суд, куды зьвярнуліся заснавальнікі БХД, прызнаў рашэньне Мін’юсту аб нерэгістрацыі партыі законным. У дакумэнтах сапраўдным быў 1071 подпіс. Адмовіліся ад сваіх подпісаў толькі 8 чалавек.
25 ліпеня сябры аргкамітэту на Нацыянальным сходзе вырашылі правесьці новы ўстаноўчы зьезд з большай колькасьцю ўдзельнікаў і замежных гасьцей. Зьезд заплянаваны на канец кастрычніка ці пачатак лістапада.
Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін:
“Будзем рыхтаваць чарговы ўстаноўчы зьезд на канец кастрычніка — пачатак лістапада. Мы будзем упартыя ў сваім рашэньні зарэгістравацца. Тыя мерапрыемствы, якія папярэднічалі нашаму зьезду ў канцы лютага, станоўча паўплывалі на пабудову партыі. Цяпер пасьля зьезду штомесяц у сярэднім 100 чалавек далучаюцца да БХД як сябры БХД, запаўняючы сяброўскія анкеты. Будзем намагацца, каб новы зьезд быў больш маштабны, чым той, што адбыўся 28 лютага”.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Шэін і Віталь Рымашэўскі паведамілі, што сябры БХД будуць працаваць у штабе адзінага кандыдата ад дэмакратычнай супольнасьці, калі ён будзе адпавядаць крытэрам БХД — адстойваць незалежнасьць краіны, дэмакратыю, мірнае суіснаваньне Беларусі зь іншымі краінамі, разьвіцьцё беларускай культуры і беларускай мовы.