СЛУХАЦЬ:
У судзе на працягу двух дзён выступалі сьведкі, якія распавядалі пра ціск з боку ўладаў на заснавальнікаў БХД. Сябры аргкамітэту лічаць, што рашэньне не рэгістраваць партыю было палітычным.
Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі заяўляюць, што ня мелі ілюзіяў наконт станоўчага рашэньня ў сваёй справе.
Нагадаем: 28 лютага ў Менску прайшоў устаноўчы зьезд новай партыі, а 12 сакавіка сябры аргкамітэту падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Праз два тыдні заснавальнікаў пачалі выклікаць на размовы ў адміністрацыі па месцы працы, студэнтаў наведвалі супрацоўнікі КДБ. Амаль усім прапаноўвалі адклікаць свае подпісы. У выпадку адмовы пагражалі звальненьнем. Некалькі чалавек у выніку страцілі працу.
Мін’юст 15 красавіка адмовіў БХД у рэгістрацыі, але 17 красавіка прыпыніў сваё рашэньне. У выніку заснавальнікі зьвярнуліся ў Вярхоўны суд, дзе распавялі пра ціск з боку ўладаў.
У судзе сябры аргкамітэту прапаноўвалі пагадненьне, каб падаць выпраўленыя дакумэнты і нарэшце зарэгістраваць партыю. Але чыноўнік Мін’юсту адхіліў прапанову.
Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец:
Мы будзем падаваць у пракуратуру на тых людзей, хто ў змове з Мін’юстам, КДБ, МУС ...
“Мы будзем падаваць у пракуратуру на тых людзей, якія ў злачыннай змове з Мін’юстам, КДБ, МУС займаліся запалохваньнем заснавальнікаў БХД. Мы абавязкова будзем падаваць дакумэнты паўторна, таму што ня якасьць юрыдычная дакумэнтаў вызначае, будзе зарэгістравана БХД ці не, а вызначае геапалітыка.
Мы будзем працаваць, нягледзячы на рашэньні Вярхоўных судоў і Мін’юстаў. Мы будзем разгортваць працу яшчэ шырэй з цэрквамі, працу ў сфэры здароўя, з органамі мясцовага кіраваньня, дзеля таго, каб сапраўды рабіць БХД альтэрнатывай сёньняшняй уладзе”.
Пастар “Царквы Ісуса Хрыста” Барыс Чарнаглаз выказаў сваё меркаваньне:
Ня тая ідэалягічная база ў гэтых людзей. ...
“Ня тая ідэалягічная база ў гэтых людзей. Трэба працягваць палітычную дзейнасьць. Добра, калі ёсьць партыя, добра, калі ёсьць магчымасьці, але ж мы можам весьці працу тымі сродкамі, якія нам даступныя.
Галоўная каштоўнасьць — гэта людзі, якія будуць ісьці да той мэты, якую маюць ад Госпада як вернікі, як грамадзяне, як патрыёты Беларусі”.
Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін:
беларускі рэжым ня хоча ісьці на сур’ёзныя і сыстэмныя зьменыe ...
“Усе рашэньні, якія прымае беларуская ўлада адносна рэгістрацыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, — яны заканамерныя, але незаконныя. Відавочна, што сёньняшні беларускі рэжым ня хоча ісьці на сур’ёзныя і сыстэмныя зьмены, напрыклад, рэгістрацыю БХД і новых грамадзкіх арганізацый.
Тое, што рашэньне палітызаванае, пацьвярджае тая хваля ціску, якую перажылі нашы сябры падчас рэгістрацыйных мерапрыемстваў”.
25 ліпеня на паседжаньні Нацыянальнай Рады сябры аргкамітэту БХД будуць прымаць рашэньне наконт устаноўчага зьезду. Яны лічаць неабходным зрабіць яшчэ адну спробу зарэгістраваць партыю. Дзеля гэтага зноў пададуць дакумэнты на рэгістрацыю з улікам ранейшых прэтэнзіяў Мін’юсту.