Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія ціску на БХД па ўсёй краіне


Заснавальнікі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі вымушаны весьці размовы з супрацоўнікамі спэцслужбаў, прадстаўнікамі ідэалягічных аддзелаў райвыканкамаў і адміністрацыі прадпрыемстваў. Падчас такіх гутарак некаторым прапаноўваюць звольніцца з працы на ўласнае жаданьне. Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня БХД лічаць, што ўлады напалоханыя колькасьцю людзей, якія маюць ахвоту стаць сябрамі партыі.

Больш за чатыры сотні чалавек, якія падпісаліся пад дакумэнтамі на рэгістрацыю Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, мелі тэлефонныя размовы з прадстаўнікамі КДБ ці з кіраўнікамі аддзелаў ідэалёгіі. У некаторых выпадках у людзей папросту ўдакладнялі, ці сапраўды яны ставілі свой подпіс.

28 лютага адбыўся ўстаноўчы зьезд БХД. 12 сакавіка сустаршыні аргкамітэту перадалі ў Міністэрства юстыцыі дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Праз тыдзень пасьля таго, як сьпісы дэлегатаў зьезду і заснавальнікаў партыі трапілі ў міністэрства, пачаліся тэлефанаваньні падпісантам.

Кіра Чук працуе на магілёўскім заводзе імя Кірава. Да яе некалькі разоў падыходзіў намесьнік дырэктара, які адказвае за ідэалягічную працу.

“Гэта ж не гавораць публічна, гэта гавораць сам-насам. Я думаю, што папросту вельмі спалохаліся за сваё крэсла. Вось і ўсё. Кадэбэшнікі былі хаця б карэктныя. Хаця паставіліся таксама да гэтага так: “Навошта табе гэта трэба? Цяпер гэта будзе твой галаўны боль”.

Я магу чаргу згубіць на кватэру. Дом будуецца. Дый у мяне ж крэдыт.
Пры іншых абставінах я б, можа, і сышла. Але ж я цяпер не магу папросту сысьці. Я магу чаргу згубіць на кватэру. Дом будуецца. Дый у мяне ж крэдыт”.

На Гомельшчыне заснавальнікаў БХД выклікалі на размовы, але ня ўсіх пасьля гэтага звольнілі з працы.

Павал Наздра з Мазыра: “Па ўсіх сябрах ужо прайшліся. Мы ўжо два разы падавалі дакумэнты ў Мін’юст. Папросту сказалі, што ёсьць „указуха“ зьверху. Усе, хто падпісаўся ў якасьці заснавальнікаў БХД, мелі размовы з супрацоўнікамі КДБ. Але ж пасьля гэтых размоваў некаторыя страцілі, а некаторыя ня страцілі працу. Але ўсе стаяць у выніку на ўліку”.

Адна з падпісантак дакумэнтаў, Натальля Касьцюковіч зь Берасьця, лічыць, што ў спэцслужбаў ёсьць нейкі плян і да Берасьцейшчыны проста яшчэ не дайшлі інструкцыі наконт запалохваньня заснавальнікаў партыі.

“Я мяркую, што чарга да нас яшчэ не дайшла, што ўсё па абласьцях робяць. Думаю, што ў іх яшчэ ёсьць два тыдні, так што яшчэ ўсё можа быць”.

Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец: “Кампанія рэпрэсіяў, якая цяпер распачатая супраць заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, пакуль носіць выразны лякальны характар. Дзесьці тэлефанаваньні вядуцца спакойна і мірна, згодна з заканадаўствам. Там, дзе прысутнічаюць асабліва імпэтныя супрацоўнікі КДБ або ідэалёгіі, там форменнае беззаконьне.

Людзей палохаюць, пагражаюць звольніць з працы, з вучобы, ставяць перад выбарам — праца альбо сяброўства ў БХД“.

Аляксей Шэін
Іншы сустаршыня аргкамітэту, Аляксей Шэін, лічыць, што рэакцыя ўладаў на тое, што ствараецца новая партыя, прадказальная:

“Чаму ўлады так нэрвова рэагуюць на факт стварэньня БХД? Першая прычына — тое, што за апошнія 10 гадоў гэта першы вялікі зьезд новай палітычнай партыі, і гэта, безумоўна, улады сур’ёзна раздражняе.

Другая прычына — гэта тое, што ў гэтым зьезьдзе ўдзельнічала новае пакаленьне людзей. Гэта людзі, якія ніколі раней ня ўдзельнічалі ні ў якай апазыцыйнай дзейнасьці і не выяўлялі грамадзянскай актыўнасьці. Перадусім гэта шмат вернікаў розных канфэсіяў. Улады як мінімум асьцерагаюцца, што новыя людзі прыходзяць у грамадзкую дзейнасьць“.

Пад дакумэнтамі на рэгістрацыю БХД стаяць 1073 подпісы. Павал Севярынец не выключае таго, што ўлады рыхтуюць асобны сьпіс з тых, хто адклікаў свой подпіс. Праз два тыдні чыноўнікі Міністэрства юстыцыі мусяць даць адказ наконт рэгістрацыі БХД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG