Латвійскія СМІ: Блякада мае палітычнае тлумачэньне

“Мы спадзяемся, што праблема неўзабаве будзе вырашаная”, — заявіла ў сувязі зь перакрыцьцём Беларусьсю расейскіх паставак нафтапрадуктаў у Латвію прадстаўніца латвійскай кампаніі “Ventspils nafta” Гундэга Варпа.

Як паведамляюць латвійскія эканамічныя выданьні, беларусы абяцаюць аднавіць паток нафтапрадуктаў у Вэнтсьпілскі порт пасьля таго, як расейскі бок “ліквідуе дэфэкты” трубаправоду. На тэрыторыі Беларусі раней ужо былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў уцечкі паліва з трубаправоду, якія кантралюе расейская кампанія “Западтранснефтепродукт”. У сакавіку 2007 году на трубаправодзе Ўнеча — Вэнтсьпілс адбылася буйная аварыя, у выніку якой у прыток Заходняй Дзьвіны трапілі 120 т паліва.

Латвійскія аглядальнікі пры гэтым зьвяртаюць увагу чытачоў на тое, што блякіроўка трубаправоду адбываецца на тле гандлёвых войнаў паміж Масквой і Менскам. На іх думку, усё гэта мае найперш палітычнае тлумачэньне.