СЛУХАЦЬ:
Рашэньне забараніць эксплюатацыю беларускага ўчастку прыняло Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі. Сёньня ў размове са “Свабодай” начальнік прэсавай службы міністэрства Віталь Навіцкі патлумачыў: прычына ў нездавальняльным тэхнічным стане трубы:
“Мы цягам двух апошніх гадоў увесь час прымушалі іх зьніжаць ціск да 38 атмасфэраў. А 38 атмасфэраў — гэта мінімальны ціск. Ніжэй проста немагчыма з тэхнічных прычынаў — ня будзе прапампоўваньня. Але нават калі і далей трымаць ціск на ўзроўні 38 атмасфэраў, то існуе 150 крытычных дэфэктаў. Іншымі словамі, гэта азначае, што існуе 150 месцаў, дзе ў любы момант можа адбыцца надзвычайная сытуацыя. І з гэтых 150 дэфэктаў ліквідаваныя толькі 22”.
На гэтым участку трубаправоду ўжо здараліся ўцечкі дызэльнага паліва: першы раз у сакавіку 2007 году, калі частка паліва трапіла ў рэчку Ўла — прыток Заходняй Дзьвіны. Праз два месяцы адбылася аналягічная аварыя. А летась дызпаліва разьлілося і ў Рэчыцкім раёне.
Эканамічны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак нагадвае, што трубаправод — расейская, а не беларуская ўласнасьць:
“Эксплюатуе гэтую трубу дачка расейскай “Транснафты” — прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”. І яны сапраўды не ўкладалі інвэстыцыяў, тых, якія патрэбныя, у рамонт гэтага трубаправоду. Я ведаю, што Міністэрства эканомікі Беларусі некалькі разоў рабіла захады, каб прымусіць альбо дамовіцца з расейцамі, каб яны ў тарыф на перапампоўваньне нафтапрадуктаў закладалі інвэстыцыйны складнік”.
Спадарыня Манёнак кажа, што прымусіць расейцаў можна толькі праз тарыфную палітыку. Так былі складзеныя ў свой час дакумэнты аб супрацоўніцтве:
“Была спэцыяльная мэтодыка дзесьці гадоў пяць-шэсьць таму ўзгодненая з расейскім бокам. Але, нягледзячы на гэта і на папярэджаньні беларускага боку, кампанія не ўкладала. І прымусіць яе не ўдалося, каб яна ўкладала столькі грошай, колькі патрэбна, каб труба была ў дагледжаным, спраўным стане. Таму вось і такое даволі жорсткае рашэньне”.
Аналітыкі адзначаюць, што з эканамічнага пункту гледжаньня ад рашэньня беларускага міністэрства страчваюць тры краіны: Расея — грошы за самі нафтапрадукты, Беларусь — за транзыт, а Латвія — за транзыт і далейшае транспартаваньне ў іншыя краіны.
Між тым некаторыя расейскія мэдыі, у прыватнасьці газэта “Известия”, называюць гэты ход Менску рэакцыяй на тое, што Расея ўвяла частковую забарону на ўвоз да сябе беларускага мяса. Тое ж выданьне падкрэсьлівае, што, па сутнасьці, дзьве краіны знаходзяцца ў стане гандлёвай вайны.
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў згадвае пра аварыі, якія ўжо адбываліся на гэтым старым трубаправодзе:
“Так што ў самім факце закрыцьця нічога дзіўнага як бы няма. Але ж крыху выклікае зьдзіўленьне пэўнае супадзеньне, што беларускае рашэньне стала вядомым празь дзьве гадзіны пасьля таго, як Масква заявіла аб непрымальнасьці прадукцыі двух беларускіх мясных прадпрыемстваў. І гэта ўжо падобна да таго, што Беларусь не зьбіраецца не рэагаваць на выпады з боку Расеі і робіць свае захады. Сьцьвярджаць гэта пакуль цяжка. Але такое ня выключана”.
выклікае зьдзіўленьне пэўнае супадзеньне, што беларускае рашэньне стала вядомым празь дзьве гадзіны пасьля таго, як Масква заявіла аб непрымальнасьці прадукцыі двух беларускіх мясных прадпрыемстваў
***
Расея не чакала ад Беларусі перакрыцьця нафтаправоду. Кампанія «Транснафтапрадукт» сьцьвярджае, што не парушала пляну ліквідацыі дэфэктаў на ўчастку «Унеча-Вэнтспілс».
«Комплексная дыягностыка праводзілася ў канцы 2008 году. Па выніках праверкі было выяўлена 1082 дэфэкты. Але справаздачу Дзяржкамнагляду мы атрымалі толькі ў чэрвені 2009 году і ў чэрвені ж узгаднілі зь беларускім бокам плян ліквідацыі дэфэктаў на 2009 год – 150 дэфэктаў, аднесеных да першай групы. Паводле гэтага пляну мы двойчы за месяц на 4 дні спыняліся на прафіляктыку. Мы сумленна ад 16 ліпеня сталі на прафіляктыку, і раптам 17 ліпеня зьявілася прадпісаньне спыніць пракачку. Гэта было нечакана», – заявіў РИА «Новости» прэзыдэнт “Транснафтапрадукту” Ўладзімер Назараў.
Паводле яго, пракачка ў Вэнтспілс была абмежаваная яшчэ раней, каб зьнізіць ціск на беларускім участку трубаправоду. Тэрміны аднаўленьня пракачкі на гэтым участку нафтапрадуктаправода ён назваць ня змог.