Ці любіце Гэмінгуэя?
Маё пакаленьне любіла. І крыху старэйшае пакаленьне за маё — таксама чытала яго запоем.
А сёньня? Магчыма, сёньняшнія дваццацігадовыя нават ня ведаюць, хто ён.
Апошнім часам імя Эрнэста Гэмінгуэя, які пакончыў жыцьцё самагубствам у 1961 годзе, зноў на слыху. Плянуецца біяграфічны фільм пра пісьменьніка. Здымаюць новы фільм паводле ягонага раману "Islands in the Stream" ("Выспы ў Гальфстрыме"), які выйшаў пасьмяротна ў 1970 годзе (першы фільм паводле гэтай кніжкі быў пастаўлены ў 1977 годзе). У ЗША выйшла кніжка "The Rise and Fall of the KGB in America" ("Росквіт і падзеньне КДБ у Амэрыцы"), у якой цытуюцца архівы КДБ, паводле якіх быццам бы ў 1941 годзе савецкая спэцслужба завэрбавала на кароткі час гэтага будучага ляўрэата Нобэлеўскай літаратурнай прэміі як агента. Ну а выдавецтва "Scribner" нядаўна выдала новую вэрсію раману Гэмінгуэя "A Moveable Feast" ("Рухомае сьвята"; у расейскім перакладзе раман вядомы як "Праздник, который всегда с тобой"), які ўпершыню выйшаў таксама пасьмяротна, у 1964 годзе.
Справа зь перавыданьнем (ці, лепш сказаць, новым выданьнем) "Рухомага сьвята" даволі цікавая ня толькі для амэрыканскай літаратуры, але і сусьветнай.
Кніжка "Рухомае сьвята" пабудаваная на аўтабіяграфічных матывах і распавядае пра жыцьцё Эрнэста Гэмінгуэя ў Парыжы ў 1920-26 гг., калі ён пачынаў пісьменьніцкую кар’еру. У кніжцы пад уласнымі імёнамі выступае куча пісьменьніцкіх знакамітасьцяў таго часу, між іншым, Эзра Паўнд, Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, Форд Мэдакс Форд, Джон Дос Пасас, Джэймс Джойс і Гертруда Стэйн. Некаторых з гэтых пэрсанажаў Гэмінгуэй прадставіў у даволі непрыглядным сьвятле. Але пра гэта крыху далей.
Кніжку "Рухомае сьвята" падрыхтавала да друку чацьвёртая жонка пісьменьніка Мэры Ўэлш (1908-1986), якая была выканаўцам апошняй волі пісьменьніка. Некаторыя літаратуразнаўцы, параўнаўшы кніжку з асабістымі нататкамі пісьменьніка, якія сталі даступнымі для ўсіх у 1979 годзе, абвінавацілі Ўэлш у залішнім умяшаньні ў арыгінальную задуму кніжкі і неапраўданым выкрэсьліваньні аўтарскага тэксту.
А вось цяпер тое самае выдавецтва, якое апублікавала кніжку амаль паўстагодзьдзя таму, наважылася выдаць новую яе вэрсію. Гэтым разам кніжку рэдагаваў унук Гэмінгуэя і ягонай другой жонкі, Паўліны Пфайфэр (1895-1951). Выглядае на тое, што якраз гэтаму неназванаму ўнуку цяпер належаць аўтарскія правы на спадчыну Гэмінгуэя.
Паводле сябра Гэмінгуэя, выдаўца і пісьменьніка Арона Гочнэра (нар. 1920), у новым выданьні згаданы ўнук, між іншым, выкінуў тыя фрагмэнты пра сваю бабку (другую жонку пісьменьніка), якія яму не спадабаліся. Дзесяць іншых разьдзелаў раману, якія яму таксама не спадабаліся, ён перанёс у "Дадатак" да асноўнага тэксту новага выданьня раману. Гочнэр жа адназначна сьцьвярджае, што Гэмінгуэй падрыхтаваў "Рухомае сьвята" да друку самастойна і што выдадзеная ў 1964 годзе кніжка добра адлюстроўвае арыгінальную задуму пісьменьніка.
Гочнэр напісаў 20 ліпеня ў "New York Times" :
"Як аўтар, я вельмі турбуюся удзелам "Скрыбнэра" ў гэтым "узноўленым выданьні". Маючы такі прэцэдэнт, што "Скрыбнэр" зробіць, напрыклад, калі нашчадак Ф. С. Фіцджэральда запатрабуе выкрасьліць разьдзел "Рухомага сьвята", дзе гаворыцца аб памерах пэніса Фіцджэральда, або калі ўнук Форда Мадакса Форда захоча выкінуць згадкі пра смурод, які выдзяляла цела ягонага продка?"
Пытаньне, як кажуць, не ў брыво, а ў вока.
Наколькі далёка выдавец можа зайсьці ва ўмяшаньні ў аўтарскі тэкст?
Ці варта выдаўцу заўсёды прыслухоўвацца да пажаданьняў аўтара?
Калі б у свой час Макс Брод прыслухаўся да просьбы аднаго аўтара з Прагі, мы сёньня наўрад ці ведалі б, хто такі Франц Кафка... А зараз літаратурны сьвет чакае зьяўленьня раману Ўладзіміра Набокава, які аўтарам быў прысуджаны на неіснаваньне...
Ці варта было "Дзеяслову" друкаваць вучнёўскае апавяданьне Васіля Быкава, пра якое сам пісьменьнік забыўся і ў друк сёньня наўрад ці пусьціў бы?
Ці варта выдаваць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча?
Каму адказваць на гэтыя пытаньні?