Улада маўчыць пра свой удзел у слуханьнях

Уладзімер Макей

“Грамадзтва і дзяржава: мэханізмы ўзаемадзеяньня” –так фармулюецца тэма грамадзкіх слуханьняў, якія пачынаюцца сёньня а 14-й гадзіне ў Менску.
Як распавёў “Свабодзе” грамадзкі актывіст Улад Вялічка, ініцыятыва арганізацыі слуханьняў належыць шэрагу актывістаў грамадзянскай супольнасьці: Жане Літвіной, Сяргею і Ўладзімеру Мацкевічам, Вячаславу Паздняку, Віталю Сіліцкаму ды іншым. Яны накіравалі запрашэньні прадстаўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі і чальцам грамадзкай кансультатыўнай рады пры адміністрацыі.

У сваім звароце грамадзянскія актывісты заяўляюць, што яны вітаюць абмеркаваньне актуальных пытаньняў беларускага грамадзтва, якое пачалося са стварэньня грамадзкай кансультатыўнай рады:

“У Беларусі дагэтуль не атрымала распаўсюджаньня практыка шырокага і публічнага абмеркаваньня актуальных пытаньняў разьвіцьця краіны і грамадзтва. Фармальна мы як выбаршчыкі маем права патрабаваць справаздачы аб дзейнасці дэпутатаў, якіх абіраем, але практычна не можам скарыстацца гэтым правам. Аднак, калі ў Грамадзкую кансультацыйную раду пры Адміністрацыі прэзыдэнта ўвайшлі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, варта чакаць, што яны праінфармуюць грамадзтва, ад імя якога яны ўведзеныя ў раду, аб ходзе і выніках дзейнасці гэтага грамадзка-кансультацыўнага органа".

Спадар Вялічка сёньня паведаміў "Свабодзе", што некаторыя чальцы рады, як, напрыклад, Жана Грынюк, Уладзімер Нісьцюк, Пётар Марцаў ужо паведамілі пра сваю згоду ўдзельнічаць у слуханьнях. Некаторыя ж сказалі, што будуць удзельнічаць толькі пры ўмове, што на слуханьнях будзе прадстаўлены дзяржашны бок. А што тычыцца адміністрацыі прэзыдэнта, то, паводле Ўлада Вялічкі, у пятніцу адтуль прыйшоў адказ: "У афіцыйным лісьце ніяк не каммэнтуецца пытаньне грамадзкіх слуханьняў. Ён фактычна толькі камэнтуе тую пэўную крытыку, якая была выказана ў нашым звароце ў дачыненьні да таго, што мы лічым недастаткова эфэктыўнай працу такой рады".