Дзень у сям’і палітвязьня Аляксандара Фёдарава

Аляксандар Фёдараў

Два гады знаходзіцца за кратамі кіраўнік шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандар Фёдараў. Яго арыштавалі 14 чэрвеня 2007 году за нібыта парушэньне парадку выплаты заробкаў у кацельнях, якімі ён кіраваў. 1 красавіка 2008 году Шклоўскі раённы суд прызнаў Фёдарава вінаватым яшчэ і ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі ды прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці. Актывіста асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Паплечнікі лічаць, што Фёдарава зьняволілі за яго грамадзкую дзейнасьць, за ўдзел у выбарчых кампаніях. На волі актывіста чакаюць 78-гадовая маці Анастасія Кузьмінічна, дзьве дачкі ды сястра.

Аляксандар Фёдараў стаў сябрам партыі БНФ пры канцы дзевяностых. Першым яго партыйным выпрабаваньнем, кажа кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі Рыгор Кастусёў, была прэзыдэнцкая кампанія 2001 году. Тады яго ўпершыню затрымалі на загад пракурора Шклоўскага раёна, але хутка адпусьцілі.

Рыгор Кастусёў
“Далей у яго было яшчэ большае выпрабаваньне падчас мясцовых выбараў 2003 году. Ён быў кіраўніком маёй выбарчай каманды. Тады ставілася пытаньне аб яго звальненьні з працы за ўдзел у выбарчай кампаніі. Мне даводзілася хадзіць нават у райвыканкаме яго адстойваць. У 2006 годзе, у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, ён быў ужо меней актыўны, але таксама працаваў. Стараўся не сьвяціцца”.

Кіраўніком суполкі Аляксандра Фёдарава абралі ў лютым 2002 году.

Маці, Анастасія Кузьмінічна, мала ведае пра грамадзкую чыннасьць сына. Яна жыве ў Магілёве, у трохпакаёвай кватэры звычайнай хрушчоўкі з двума ўнукамі ад дачкі дачкі. Да пэнсіі працавала ў дзяржаўным гандлі на Шклоўшчыне. Са сьлязьмі на вачах яна цьвердзіць: сына судзілі не па-людзку, не справядліва й штораз згадвае яго разьвітальныя словы, якія ён сказаў пасьля агучваньня выраку.

Анастасія Фёдарава
“Мама хоць бы ты дажыла пакуль я вызвалюся. Я яму кажу: “Не хвалюйся, дажыву”. Няма цяпер праўды й ня будзе я ў гэтым перакананая. Ён такі быў адданы працы. Ён ўсё укладаў у працу. Нешта паламалася, нейкая помпа, ён сам пра гаварыў пра гэта. Каб усё там было добра. Вось і выслужыўся. ”.

За два гады Анастасія Кузьмінічна некалькі разоў бачылася з сынам у калёніі. Схуднеў кажа ён:

“Ён жа быў сто кіляграмаў, а цяпер восемдзесят. Шмат чытае. Нехта просіць скаргу напісаць, там жа розныя сядзяць, то ён тады піша. Параіць то дзе як. Кажа, што я ўжо адвакатам магу быць”.

Аляксандар Фёдараў нарадзіўся 18 кастрычніка 1957 году ў Шклове. У Магілёве скончыў палітэхнічны тэхнікум, а ў Горках сельскагаспадарчую акадэмію. Там тры гады вучыўся разам з Аляксандрам Лукашэнкам. “З будучым кіраўніком Беларусі сын ужо тады не мірыўся”, кажа спадарыня Фёдарава:
З будучым кіраўніком Беларусі сын ужо тады не мірыўся ...

“Мы зь ім так спрачаліся, сварылі за ўсялякую драбязу, расказваў сын. Ён такі настырны, калі сказаў чорнае на яно будзе белым да бела ўсё адно для яго гэта будзе чорным. Такі вось настырна”.

Спадарыня Фёдарава пісала Лукашэнку, каб той памілаваў сына. З абласнога суда адказалі, што яна ня мае права прасіць гэтага, бо не была ўдзельніцай судовага працэсу.

Уся працоўная дзейнасьць Фёдарава зьвязаная са Шклоўшчынай. Якім ён быў спэцыялістам ды начальнікам, з такім пытаньнем я зьвярнуся да былых яго калегаў.

Былы майстар кацельнай, цяпер пэнсіянэр, спадар Фёдар: “Я яго ведаю даўно. Ён сам будаўнік, цеплатэхнік.. Актыўны хлопец, любіў працаваць. Заўжды імкнуўся павысіць прафэсійны ўзровень”.

Майстар кацельнай Аляксандар: “Цеплатэхнікам ён быў нядрэнным. Як майстра таксама ўсіх задавальняў. З алькаголем, як нармальны кіраўнік, заўжды змагаўся. Нікому спуску не даваў”.

Да арышту Аляксандар Фёдараў кіраваў двума кацельнымі ў самім Шклове і адной у раёне. Усе яны былі ўзорнымі.

Што цяпер з тымі кацельнымі высьветліць не ўдалося. Не ўдалося высьветліць і што з самой камунальнай гаспадаркай раёну наагул, бо два гады таму ў судзе выглядала, што ўсе праблемы ў ёй з-за Фёдарава. У камунгасе спаслаліся на адсутнасьць начальства.

Навіны раённага камунгасу паведаміў былы яе кіраўнік Рыгор Кастусёў. Галоўная навіна ён назваў арышт цяперашняга кіраўніка камунальнай гаспадаркі Аляксандра Магерава. Ён на судзе Фёдарава быў галоўным сьведкам абвінавачваньня:

“За апошніх восем год ужо другога кіраўніка такога ўзроўню садзяць. Проста на Фёдарава хацелі навесіць тыя рэчы, каб зрабіць вялікі й шумны працэс. Атрымалася, што ім удалося накапаць трынаццаць мільёнаў плюс чатыры мільёны траты й таго сямнаццаць мільёнаў”.



У часе сьледзтва Фёдараў часткова сваю віну прызнаў, аднак зазначыў, што парушэньні ён рабіў з вытворчых патрэбаў, бо кацельні нездавальняючы фінансаваліся. На зьмяненьне рэжыму пакараньня актывіст можа разьлічваць толькі ў сьнежні 2009 году, а на ўмоўна датэрміновае вызваленьне ў кастрычніку 2010. За два гады зьняволеньня на знак салідарнасьці з ім не было праведзена ніводнай акцыі. Сваё пакараньне Аляксандар Фёдараў адбывае ў той жа магілёўскай калёніі №15, што і нядаўна вызвалены Эмануіл Зэльцэр. Аляксандар Фёдараў разьведзены, мае двух паўналетніх дачок.