Жыцьцё і сьмерць мітаў: Старэйшы брат

Удзельнічае гісторык Алег Трусаў Эфір 25 чэрвеня 2009 году




Старэйшы брат цягам доўгай гісторыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам быў спадкаемцам. Менавіта ён атрымліваў ад бацькі ўсю маёмасьць, а калі бацька быў князем ці каралём, дык і ўсю ўладу ў дзяржаве. Менавіта старэйшы брат пасьля сьмерці бацькі кіраваў сям’ёй і вызначаў у ёй ролю малодшых братоў. Старэйшы брат, паводле народнай традыцыі, – бясспрэчны аўтарытэт.

У Расейскай імпэрыі пасьля чарговага захопу новых зямель іх карэннае насельніцтва аўтаматычна станавілася малодшым братам заваёўнікаў – расейцаў. Яны набывалі спачатку няпісанае, а пасьля і пісанае права распараджацца маёмасьцю і лёсам сваіх гэтак званых малодшых братоў. І дзеля таго, каб і сумневу не было ў правільнасьці такога парадку рэчаў, усяляк падтрымліваўся і разьвіваўся міт пра старэйшага брата -- расейца.



***

Вячаслаў Ракіцкі: Расеец – старэйшы брат беларуса. Гэты міт моцна ўкаранёны ў сьвядомасьць і расейцаў, і беларусаў, і нават суседніх народаў, можа, і па ўсім сьвеце. Памятаецца, як кожнага і беларуса, і ўкраінца, і нават казаха ці ўзбэка за савецкія часы за мяжой называлі рускімі. Калі, пры якіх абставінах паўставаў міт пра беларусаў як малодшага брата расейцаў?

Алег Трусаў: Пасьля таго, як у канцы XVIII стагодзьдзя Расейская імпэрыя захапіла ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай усе беларускія і большасьць украінскіх зямель, і пачынае фармавацца міт пра старэйшага, галоўнага брата, які атрымаў назоў "вялікарос", і двух малодшых братоў -- "малароса" (украінца) і беларуса (жыхара Белай Русі).

Ракіцкі: Русыфікацыя – гэта працяглы працэс, які мае свае мэханізмы. Дык калі пачалася русыфікацыя Беларусі?

Трусаў: Яна пачалася пасьля перамогі над Напалеонам, калі расейскія войскі ўвайшлі ў Парыж, і Расея стала жандарам Эўропы. Да гэтага, дзякуючы Аляксандру I, на Беларусі квітнела польская мова. Менавіта на ёй працавалі Віленскі ўнівэрсытэт і шматлікія прыватныя каталіцкія школы пры кляштарах. Аднак пасьля падаўленьня паўстаньня 1830 -- 1831 гадоў, сытуацыя зьмянілася, і пачалася першая хваля русыфікацыі. Як асяродак польскасьці быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт. Значную ролю тут адыграў і знакаміты слоўнік Уладзіміра Даля, які меў назву "Словарь великорусского диалекта русского языка". Беларуская і ўкраінская мовы сталі лічыцца дыялектамі расейскай мовы і былі забароненыя.

Ракіцкі: Такім чынам, гэта была не спантанная дзейнасьць, а распрацаваная, мэтанакіраваная, кажучы сучаснай мовай, праграма. Дык у якіх сфэрах жыцьця Расейскай імпэрыі і калі пачаў складвацца гэты міт пра старэйшага брата "вялікароса", які працягваецца і пашыраецца аж да сёньняшняга дня?

Трусаў:
Спачатку гэта была моўная сфэра. Прычым працэс адбываўся паступова. У XVIII стагодзьдзі ў Расеі панавала пэўны час нямецкая мова, родная мова Кацярыны Другой, якая і захапіла Беларусь. Расейская акадэмія навук пераважна працавала на нямецкай мове. Толькі адзін Міхайла Ламаносаў змагаўся за правы расейскай мовы ў літаратуры і навуцы.
У пачатку XIX стагодзьдзя сярод расейскай эліты пашырылася мода на францускую мову, якая тады запанавала ў Эўропе. Дастаткова прыгадаць той факт, што Аляксандар Пушкін першыя свае вершы напісаў па-француску, але менавіта ён і сфармаваў сучасную расейскую літаратурную мову. Пушкін і стаіць ля вытокаў гэтага міту.

Ракіцкі: Па якіх яшчэ накірунках разьвівалася расейская шавіністычная ідэалёгія?

Трусаў:
Яна пачала бурна разьвівацца ў пару Мікалая I. Тады склаліся два варожыя лягеры: славянафілы і заходнікі. Славянафілы крытыкавалі рэформы Пятра I, ягоную арыентацыю на Заходнюю Эўропу і выступалі за самабытнасьць вялікага рускага народу, да якога залічалі беларусаў і ўкраінцаў. Заходнікі, наадварот, лічылі Пятра I сваім ідэалам і бралі за ўзор філязофію Нямеччыны і Францыі, хацелі далучыцца да заходнеэўрапейскай цывілізацыі. Але таксама разам з беларусамі і ўкраінцамі. Яны таксама адмаўлялі беларусам і ўкраінцам у іх этнічнай адметнасьці.

Ракіцкі: І якім жа быў адказ беларусаў і ўкраінцаў? Як паставілася да гэтага іхняя эліта?

Трусаў: Першымі выступілі за сваю адметнасьць украінцы, якія распачалі нацыянальны рух спачатку ў Пецярбурзе, а потым у Галіцыі, якая ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Яны ствараюць першую ўкраінскую граматыку і правапіс. Зьявіўся знакаміты “Кабзар” Тараса Шаўчэнкі. На Беларусі самабытнасьць беларускай мовы і тэрыторыю яе ўжываньня першым вызначае Адам Міцкевіч, а супраць "вялікарускага адзінства" рашуча выступае ў сваёй "Мужыцкай праўдзе" Кастусь Каліноўскі. Іх эстафэту падхапіў і канчаткова замацаваў сярод новай беларускай эліты Францішак Багушэвіч. У выніку пад час перапісу 1897 году беларусы і ўкраінцы ўпершыню былі прызнаныя як асобныя этнасы, а пасьля рэвалюцыі 1905 году яны атрымалі права друкаваньня газэт і кніжак на роднай мове. Аднак школы на роднай мове для іх былі забаронены.

Ракіцкі:
У ХХ стагодзьдзі на велічэзных абшарах Расейскай імпэрыі грымнула бальшавіцкая рэвалюцыя, і пачалося стварэньне новай дзяржавы – СССР, у аснове ідэалёгіі якой павінна была быць (так дэкляравалася прынамсі) роўнасьць народаў. Дык чаму міт пра старэйшага брата аказаўся жывучым?

Трусаў: З гэтым мітам актыўна змагаўся Ленін, які напісаў шэраг артыкулаў супраць вялікадзяржаўнага ці вялікарускага шавінізму. Ленін на паперы выступаў за роўнасьць усіх народаў Расейскай імпэрыі. І нават болей – у 1917 годзе ён прызнае незалежнасьць Фінляндыі, потым – незалежнасьць Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі. Таксама дзякуючы яму пачыналася беларусізацыя і ўкраінізацыя. Аднак пры канцы 1920-х гадоў Сталін канчаткова захапіў уладу ў Маскве і вярнуўся да старога імпэрскага міту. Пры гэтым ён быў крыху перароблены, асабліва ў канцы 1940-х - пачатку 50-х гадоў. Менавіта тады ўзьніклі такія вызначэньні, як "Старажытная Русь" і "старажытнаруская народнасьць". На грунце мітычнай старажытнарускай народнасьці ў XIV - XVI стагодзьдзях і склаліся, на думку сталінскіх гісторыкаў, адначасна тры братнія народы: рускі, украінскі і беларускі. Пры гэтым роля старэйшага брата была адразу замацавана за рускім народам.

Ракіцкі: Парадаксальна: Сталін – грузін, ва ўрадзе – прадстаўнікі іншых народаў. Дык чаму ж у савецкія часы за расейскім народам замацоўваецца роля старэйшага брата?
Імпэрыя, створаная Сталінам, магла трымацца толькі на расейскай мове


Трусаў: Імпэрыя, створаная Сталінам, магла трымацца толькі на расейскай мове. І таму Сталін заявіў, што менавіта расейскі народ выйграў вайну з фашызмам. Потым Мікіта Хрушчоў заявіў, што пры камунізьме ўсе ў СССР будуць гаварыць па-расейску, а ў пару Брэжнева загаварылі пра будучы адзіны савецкі рускамоўны народ. Міт пра тры братнія народы, сярод якіх старэйшы брат, якому ўсё належыць, расейскі, трывала ўвайшоў у савецкія падручнікі. Актыўным прапаведнікам гэтага міта на Беларусі быў акадэмік Лаўрэн Абэцэдарскі.

Ракіцкі:
Нарэшце рухнула і савецкая імпэрыя, пачаліся нацыянальна-вызвольныя працэсы. Дык чаму ж зноў адраджаецца міт пра старэйшага брата на тэрыторыі былога СССР?

Трусаў: Таму што Расея застаецца імпэрскай краінай. І менавіта ў Маскве зь ініцыятывы расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына была створаная гэтак званая "саюзная дзяржава" з адзінай расейскай мовай. Праўда, трэці братні народ, украінскі, некуды зьнік і перастаў быць братнім, асабліва калі прэзыдэнтам Украіны стаў Юшчанка. Засталіся два братнія народы і, вядома, старэйшы брат -- расейскі. Прэзыдэнт Расіі Ўладзімір Пуцін нават заявіў, што беларусы і расейцы -- гэта адзін народ, і прапанаваў Беларусі далучыцца да Расеі шасьцю губэрнямі.

Ракіцкі:
А чаму беларусы ня хочуць разьвітацца з гэтым мітам? Хто ім перашкаджае? Сілы звонку? Ці гэта ў крыві беларусаў – быць падпарадкаванымі некаму?

Міт пра старэйшага брата даваў пэўнай частцы беларусаў заможнае жыцьцё
Трусаў:
Тут сытуацыя няпростая. Па-першае, беларусы былі замбаваныя савецкай адукацыяй. Пакаленьні беларусаў адукоўваліся па падручніках Абэцэдарскага. Па-другое, міт пра старэйшага брата даваў пэўнай частцы беларусаў заможнае жыцьцё: за гэты міт Расея плаціла таннай нафтай, танным газам, бязвыплатнымі крэдытамі. Дзякуючы гэтаму міту, беларусы жылі нават лепей, чым іхнія старэйшыя браты дзесьці там у Смаленскай ці Бранскай губэрнях.

Ракіцкі: Якія яшчэ рычагі мае Расея сёньня, каб гэты міт разьвіваць, пашыраць, укараняць?

Трусаў: Найперш, эканамічныя рычагі: танныя крэдыты, выгодныя інвэстыцыі. І, канешне, глябальная расейская прапаганда. Але яна сутыкнулася зь вялікім супрацьдзеяньнем новай украінскай эліты. Менавіта дзякуючы ўкраінцам, гэты міт пачаў развальвацца. Кіеў перастаў быць “матерью городов русских”. На ролю маці стала прэтэндаваць Ладага, дзесьці там пад Ноўгарадам. Па-другое, сытуацыя стала мяняцца і ў Беларусі. Кіраўнік Беларусі апошнімі гадамі стаў аспрэчваць ролю расейцаў, сказаўшы, што беларусы – тыя ж расейцы, але са знакам якасьці, і, калі мы браты, дык давайце нам танныя нафту і газ, купляйце наша малако ў неабмежаванай колькасьці і па нізкай цане. Пачаліся газавыя, цукровыя, малочныя войны. Аднак, гэтая мітатворчасьць працягваецца і будзе працягвацца аж датуль, пакуль будзе існаваць гэтак званая саюзная дзяржава.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што ўсё можна купіць… Беларусаў таксама можна купляць да бясконцасьці?

Купляць беларусаў можна, але не да бясконцасьці
Трусаў:
Купляць беларусаў можна, але не да бясконцасьці. Сытуацыя зьменіцца тады, калі зьменяцца пакаленьні, калі пакінуць гэты сьвет старыя савецкія людзі, выхаваныя савецкай ідэалёгіяй. Ужо зараз сярод маладзейшых пакаленьняў існуе моцная тэндэнцыя далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу на роўных умовах. Эўрапейскі Зьвяз – гэта першая міждзяржаўная структура, дзе няма падзелу на братоў малодшых і старэйшых. Той жа эстонец у Эўрапарлямэнце мае тыя ж правы, як немец ці француз. Наша пэрспэктыва – далучэньне да аб’яднанай Эўропы. Акурат у аб’яднанай Эўропе гэты міт канчаткова сканае.

Ракіцкі:
А ці магчыма, каб расейцы самі адмовіліся ад свайго стану старэйшага брата? Увогуле – як доўга яшчэ будзе існаваць міт пра расейцаў як старэйшага брата іншых народаў?

Трусаў: Пакуль ня скончацца расейскія шалёныя грошы за нафту і газ. А яны ўжо відавочна канчаюцца дзякуючы ўсясьветнаму эканамічнаму крызысу. Як толькі перастануць расейцы плаціць грошы, адразу ж зьнікнуць і малодшыя браты.