Пра гэта паведаміў сёньня журналістам міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец падчас перапынку ў паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў.
“Мы ўжо накіравалі зварот і цяпер чакаем адпаведнай рэакцыі. Думаю, што яна можа быць у найбліжэйшы час”, — сказаў Андрэй Харкавец.
Ён адзначыў, што ў звароце да ЭЗ не названа канкрэтная сума, якую просіць Беларусь. Гэта зьвязана з тым, што ў ЭЗ існуе так званы мэханізм аказаньня макраэканамічнага фінансаваньня. І сума, якую можа даць ЭЗ, увязваецца з працай МВФ у краінах, якія просяць грошай.
Спадар Харкавец сказаў, што Беларусь скарыстала гэтую магчымасьць. Паводле міністра, размова ідзе пра стандартныя ўмовы “сумы ў кантэксьце фінансаваньня, якога нестае. І звычайна ЭЗ можа даваць дзьве траціны такой сумы”.
Міністар фінансаў Андрэй Харкавец спадзяецца, што папярэднія вынікі разгляду беларускага запыту могуць быць вядомыя ўжо цягам 10-ці найбліжэйшых дзён.