Беларусы і палякі будуць кіраваць Аўгустоўскім каналам разам

У часе перапынку паседжаньня камісіі

23 чэрвеня ў Горадні адбылося паседжаньне беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі ў справах гісторыка-культурнай спадчыны.
Былі абмеркаваны, у прыватнасьці, пытаньні рэстаўрацыі Нясьвіскага замку, супольнага выкарыстаньня Аўгустоўскага каналу, рэстытуцыі Лаўрышаўскага Эвангельля, якое захоўваецца цяпер у Кракаве ў зборах музэю Чартарыскіх.

Камісія зьбіралася ў авальнай залі Новага каралеўскага замку. Кіравалі пасяджэньнем намесьнікі міністраў культуры Беларусі і Польшчы Ўладзімір Грыдзюшка і Томаш Мэрта, прысутнічаў польскі амбасадар Генрык Літвін. Уладзімір Грыдзюшка зазначыў:

“Размова няпростая, безумоўна. Мы выказваем свае пазыцыі, падыходы і разам з польскімі экспэртамі прыходзім да ўзгодненых рашэньняў і ў цэлым станоўча ацэньваем сёньня тую работу, што правяла цягам году камісія экспэртаў, створаная для ажыцьцяўленьня каардынацыі працаў па рэстаўрацыі Нясьвіскага замка”.

Пры гэтым чыноўнік падкрэсьліў:

“Галоўнае, мы дасягнулі кампрамісных рашэньняў, якія адпавядаюць інтарэсам справы. Мы займаемся аднаўленьнем і рэстаўрацыяй помніка 16—18 стагодзьдзяў, робім інтэр’еры гэтага замка. Важна насыціць сёньня аб’ект і аформіць інтэр’еры ня проста наваробам, а аўтэнтычнымі вырабамі, або характэрнымі для той гістарычнай эпохі.

Польскі бок пацьвердзіў сёньня, што зроблены электронныя копіі 48 партрэтаў Радзівілаў, якія ўрад БССР у 1953 годзе перадаў бясплатна ў Польшчу. Намесьнік міністра культуры Ўладзімір Грыдзюшка паведаміў яшчэ:

“Таксама мы абмяркоўваем сёньня тэму Аўгустоўскага канала, плян сумеснага кіраваньня аб’ектам. Гэта неабходна пры падрыхтоўцы візыту экспэртаў цэнтру сусьветнай спадчыны ЮНЕСКО”.

Па камэнтар я зьвярнуўся да гарадзенскага гісторыка, доктара навук, прафэсара Алеся Краўцэвіча. Перш ён сказаў пра Аўгустоўскі канал:

Алесь Краўцэвіч
“Польскаму боку вельмі залежыць, каб гэты аб’ект быў унесены ў сьпіс помнікаў ЮНЕСКО. Гэта адразу павялічвае турыстычныя магчымасьці. Англічанін, француз, японец, амэрыканец, немец — яны глядзяць каталёг ЮНЕСКО і езьдзяць аглядаць гэтыя помнікі. Гэта азначае наплыў турыстаў. Ужо ў 1990-я гады з польскага боку канал быў прыстасаваны для прыёму турыстаў: гатэлі, рэстараны. Удалося намовіць беларускі бок аднавіць сваю частку канала, але ў нас інфраструктуры такой нямашака. Таму польскі бок працуе, каб гэта загаспадараваць, каб турысты мелі магчымасьць праплыць ад пачатку да канца канала, і каб ён трапіў у сьпіс ЮНЕСКО”.

Алесь Краўцэвіч лічыць вельмі карысным тое, што з палякамі абмяркоўваюцца і праблемы аднаўленьня Нясьвіскага замку:

“Таму што ў Беларусі рэстаўрацыі як такой не існуе. Спэцыяльна так рабілі ў савецкія часы, каб яе не было, таму што помнікі архітэктуры візуальна ўзьдзейнічаюць на людзей, гэта сьведчаньне гісторыі ўласнай. А з другога боку, калі гаварыць пра дзейнасьць гэтай камісіі, то Польшча — гэта багатая краіна, а Беларусь — бедная. Палякі могуць гаварыць, што ім падабаецца, а што — не, бо яны маюць грошы, а беларусы, лукашэнкаўская ўлада мае толькі працягнутую руку”.